Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад рэзыдэнцыю Лукашэнкі ў Сочы зруйнавалі дамы беларусаў


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін у Сочы летась у верасьні

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін у Сочы летась у верасьні

Аляксандар Лукашэнка, як звычайна на пачатку году, у суправаджэньні сямейнікаў выправіўся на зімовы адпачынак у Сочы.

У гэты ж час сочынскія курорты традыцыйна наведваюць першыя асобы Расейскай Фэдэрацыі, што дае магчымасьць кіраўніку Беларусі трапіць на аўдыенцыю — раней да Дзьмітрыя Мядзьведзева, а цяпер да Ўладзімера Пуціна. Гэтым разам прэзыдэнт Расеі абяцаў пазнаёміць беларускага калегу з ходам падрыхтоўкі да Алімпіяды-2014, якую апанэнты Крамля называюць самай карумпаванай за ўсю гісторыю спорту.

На нарадзе па выкрыцьці фактаў службовых злоўжываньняў у Кіраўніцтве спраў прэзыдэнта Аляксандар Лукашэнка загадаў здаць у тэрмін усе аб’екты, якія ўзводзяцца беларускімі спэцыялістамі да Алімпіяды-2014 у Сочы. Паводле зьвестак, якія паступаюць да кіраўніка краіны, дзяржаўныя сродкі там раскрадаюцца, а тэрміны будаўніцтва зацягваюцца. Пры гэтым рэальных фактаў карупцыі не агучана. Зрэшты, беларускі ўдзел у фармаваньні алімпійскай базы нязначны. Перадусім гэта тычыцца касмэтычнай мадэрнізацыі базаў адпачынку для прыёму турыстаў, якія належаць Беларусі на папулярным курорце ў Краснадарскім краі.

Некалі беларускі бок разьлічваў на свой кавалак алімпійскага пірага: у 2009-м кампанія «Трайпл» выйграла тэндэр на будоўлю біятлённага комплексу ў Краснай Паляне. Але з ініцыятывы Менску дамова нечакана была скасаваная. Афіцыйнага тлумачэньня не прагучала, але экспэрты мяркуюць, што меў месца своеасаблівы дэмарш: пасьля таго як Расея адмовілася пастаўляць Беларусі бязмытную нафту звыш унутраных патрэбаў, кампаніі Юрыя Чыжа, якая багацела на яе перапрацоўцы і продажы нафтапрадуктаў, было загадана не супрацоўнічаць з расейцамі.

Цяпер самы значны аб’ект, на якім задзейнічаныя беларускія кампаніі, — Вялікая лядовая арэна, асноўная пляцоўка Алімпіяды-2014. Фірма «Глассбел» займаецца шкленьнем будынка, а жлобінскі будаўніча-мантажны трэст № 40 робіць унутраную аддзелку галоўнага прэс-цэнтру — у Сочы камандзіраваныя тынкоўшчыкі, плітачнікі-абліцоўшчыкі, сталяры.
Вялікую лядовую арэну будуюць і беларусы

Вялікую лядовую арэну будуюць і беларусы


Беларуская нерухомасьць у Сочы — гэта стары санаторый «Беларусь», збудаваны яшчэ ў 1937 годзе ў цэнтральнай частцы горада, і новы комплекс у горным пасёлку Красная Паляна ў Адлерскім раёне. У першым, які суседнічае з рэзыдэнцыяй расейскага прэзыдэнта «Бачароў ручай», для Лукашэнкі збудаваная жылая рэзыдэнцыя, у другой ён лекуецца ў мінэральных крыніцах і катаецца на лыжах. У сочынскім турагенцтве, якое прадае пуцёўкі на беларускія базы, пацьвердзілі: у Краснай Паляне ёсьць адмыслова абсталяваны прэзыдэнцкі нумар, які заўсёды гатовы да прыезду высокага госьця:
Там ёсьць розныя нумары, адпаведныя статусу наведнікаў, але для такога высокага госьця, мабыць, нумар трымаюць заўсёды ў рэзэрве

«Комплекс „Беларусь“ у Краснай Паляне запрацаваў адносна нядаўна, пару гадоў таму. Там ёсьць розныя нумары, адпаведныя статусу наведнікаў, але для такога высокага госьця, мабыць, нумар трымаюць заўсёды ў рэзэрве. Прынамсі, турагенцтвам наяўнасьць у ім вольнага месца практычна ніколі не пацьвярджаюць».

У самім комплексе адпачынку «Беларусь» у Краснай Паляне адмаўляюцца пацьвердзіць, ці заехаў ужо да іх Лукашэнка і ў якім складзе:

«Прабачце, але мы ня можам даць такую інфармацыю...».

Карэспандэнт: «А ў папярэднія гады Лукашэнка ў вас спыняўся?».

«Яшчэ раз паўтараю, што мы не даем падобных зьвестак...»

Тым часам расейскія СМІ паведамляюць, што картэж Лукашэнкі па дарозе з аэрапорту ў Красную паляну выклікаў шматкілямэтровы затор, у выніку чаго пацярпелі як мясцовыя жыхары, так і турысты.

Комплекс «Беларусь» у Краснай Паляне, фота з афіцыйнага сайту
У 2010 годзе расейскія парлямэнтары ратыфікавалі міжурадавае пагадненьне пра ўзаемную перадачу ва ўласнасьць зямельных надзелаў. На яго падставе Беларусі адышлі больш за 16 гектараў зямлі ў Краснай Паляне, столькі ж у Менску і вобласьці атрымала Расея. Апроч таго, расейскі бок перадаў у арэнду Кіраўніцтву спраў прэзыдэнта санаторыі «Беларусь» у Сочы і «Белая Русь» у Туапсэ, а таксама зямельныя надзелы пад імі тэрмінам на 49 гадоў.

Асваеньне тэрыторыі, якое пачалося адразу ж пасьля падпісаньня двухбаковага пагадненьня, суправаджалася гучнымі скандаламі. У межах санаторыю яшчэ ад савецкіх часоў жылі 42 сям’і, але з пачаткам маштабнай перабудовы жыльлё прызналі аварыйным і пусьцілі пад знос. Асабліва ўпартых, хто спрабаваў супрацьстаяць высяленьню, «угаворвалі» судовыя прыставы ў суправаджэньні аўтаматчыкаў.

Адна з пацярпелых — Валянціна Голубева. Пры канцы 1980-х яна разам зь сястрой прыехала ў Сочы зь Беларусі. Больш за 20 гадоў жанчыны працавалі ў розных службах санаторыю. Але з пачаткам будаўніцтва лукашэнкаўскай рэзыдэнцыі, як расказвае Валянціна Голубева, іх сілай выселілі ў гатэль «Планета» ў Дагамысе. Як пастанавіла экспэртыза, іх жытло «непрыдатнае для пастаяннага пражываньня» з-за антысанітарыі і састарэласьці памяшканьняў. А ці была магчымасьць зьвярнуцца па справядлівасьць непасрэдна да Лукашэнкі, які некалькі разоў на год спыняецца ў сочынскай рэзыдэнцыі?
У Лукашэнкі вельмі сур’ёзная ахова, падысьці да яго папросту немагчыма. Таму спробы мы рабілі, яле яны ня мелі плёну

«Нават як ён прыяжджаў на тэрыторыю санаторыю, калі мы там яшчэ пражывалі, абсалютна нерэальна было проста да яго наблізіцца. Нерэальна было нават тады, калі мы яго сустракалі хлебам-сольлю — а мая сястра Люба асабіста сустракала яго ў аэрапорце. І гэта пры тым, што мы, калі працавалі ў санаторыі, скажу бязь лішняй сьціпласьці, былі на асаблівым рахунку, бо найперш нам аказвалі такі давер. Дык вось калі сястра пайшла чарговым разам дарыць карціну, яе ледзь не скруцілі ахоўнікі. У Лукашэнкі вельмі сур’ёзная ахова, падысьці да яго папросту немагчыма. Таму спробы мы рабілі, яле яны ня мелі плёну. То бок, да самога Лукашэнкі мы не дайшлі. Спрабавалі праз атачэньне, але хутка зразумелі, што гэта бессэнсоўна».

На месцы экспрапрыяваных дамоў, працягвае спадарыня Голубева, хутка паўсталі новыя карпусы прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі:

«З нуля пабудавана некалькі будынкаў — менавіта на тэрыторыі, якая была замацаваная за санаторыем „Беларусь“ (калісьці, яшчэ ад 1937 году, гэта быў Дом адпачынку). Так што зьмены сапраўды вялікія. Сама рэзыдэнцыя — гэта двухпавярховы корпус з гасьцявымі домікамі, а таксама 13-павярховы „Парк-гатэль“, некалькі спартовых пляцовак і г. д. То бок — вельмі шмат было пабудавана новага».

Невядома, ці зьбіраецца Лукашэнка падчас адпачынку сустрэцца і зь беларусамі, пацярпелымі ад прымусовага перасяленьня, і з тымі, хто працуе на ўзьвядзеньні алімпійскіх аб’ектаў. Праваабаронцы ўжо б’юць трывогу, што значная частка прыцягнутых на працы — гастарбайтэры, якія жывуць у нялюдзкіх умовах і няшчадна эксплюатуюцца, зарабляючы мізэр у параўнаньні зь першапачатковымі абяцаньнямі. Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, на алімпійскай будоўлі задзейнічана блізу тысячы беларусаў — гэта тыя, хто выехаў туды паводле кантрактаў. Але большая частка трапляе на заробкі ў абыход легальных шляхоў, што можа зрабіць выніковую колькасьць у разы большай.
XS
SM
MD
LG