Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камісар Рады Эўропы падтрымаў беларускіх праваабаронцаў


Нілс Муйжніекс
Нілс Муйжніекс

Камісар Рады Эўропы па правах чалавека Нілс Муйжніекс заклікаў краіны-сябры арганізацыі аказаць усебаковую падтрымку беларускім праваабаронцам, уключна з даваньнем ім і іх сем’ям палітычнага прытулку. Пра гэта паведаміла агенцтва Інтэрфакс.

«Беларусь не зьяўляецца чальцом Рады Эўропы і не павінна была б нават разглядацца як кандыдат на сяброўства ў арганізацыі, пакуль ня вызваліць усіх праваабаронцаў і ўсіх актывістаў апазыцыі, арыштаваных паводле палітычных матываў, пакуль не скасуе сьмяротнае пакараньне і не правядзе шырокіх дэмакратычных рэформаў», — гаворыцца ў распаўсюджанай у аўторак заяве сп. Муйжніекса.

«Аднак гэта не пазбаўляе Раду Эўропы і краіны, што ў яе ўваходзяць, ад абавязку актыўна цікавіцца сытуацыяй у Беларусі і ўстрымлівацца ад любых дзеяньняў, якія маглі б нашкодзіць праваабаронцам, якія дзейнічаюць у гэтай краіне, і спрабаваць падтрымліваць там праваабарончую дзейнасьць», — падкрэсьліў камісар Рады Эўропы.

Ён заклікаў дзяржавы-ўдзельніцы РЭ выказаць салідарнасьць зь беларускімі праваабаронцамі, «ня толькі ўзьнімаючы пытаньне аб іх становішчы ў двухбаковых і шматбаковых фарматах, але таксама даючы ім тэрміновыя візы і, калі неабходна, палітычны прытулак ім і іх сем’ям, якія маюць патрэбу ў абароне ад пагрозаў, запалохваньняў і перасьледу з боку беларускіх уладаў».

Нілс Муйжніекс прапанаваў стварыць адзіны цэнтар, куды б беларускія актывісты грамадзянскай супольнасьці маглі зьвяртацца ў выпадку, калі яны зазнаюць перасьлед. Такі цэнтар, на яго думку, было б лягічна стварыць у адной з суседніх зь Беларусьсю краін.

Камісар Рады Эўропы таксама лічыць, што «краіны-ўдзельніцы РЭ мусілі б ўстрымацца ад супрацоўніцтва з уладамі Беларусі ў тых галінах, якія маглі б паставіць пад пагрозу жыцьцё і бясьпеку беларускіх праваабаронцаў».

«На жаль, розныя інстанцыі ў краінах-удзельніцах РЭ часам ігнаруюць гэты прынцып, — адзначыў сп. Муйжніекс. — Варта нагадаць, што вядомы беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі быў затрыманы, асуджаны і пасаджаны ў турму менавіта дзякуючы зьвесткам, якія падалі Літва і Польшча аб адкрытых у гэтых краінах на яго імя банкаўскіх рахунках».

«Уяўляецца таксама, што супрацоўніцтва зь Беларусьсю па лініі Інтэрполу можа ўтрымліваць у сабе рызыкі для актывістаў грамадзянскай супольнасьці», — адзначыў камісар РЭ.

Ён заклікаў краіны-ўдзельніцы арганізацыі выступаць з адзіных пазыцый у дачыненьні да Беларусі.

«Тым часам, як некаторыя арганізацыі за мяжой заклікаюць увесьці санкцыі, іншыя працягваюць мець справы зь Беларусьсю. Такім чынам, пасылаючы супярэчлівыя сыгналы і вагаючыся паміж рэальнай палітыкай і падыходамі, заснаванымі на каштоўнасьцях, міжнародная супольнасьць дае ўладам Менску шырокае поле для манэўру», — падкрэсьліў Нілс Муйжніекс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG