Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скандал з канінай у Эўропе — цяжар культурнага табу?


Выяўленьне ў эўрапейскіх супэрмаркетах каніны, якая прадавалася пад выглядам ялавічыны, выклікала буру эмоцыяў. Ці не таму, што было парушана старое табу? Піша наш аглядальнік Чарлз Рэкнэйгел.

«Скажы мне, што ты ясі, і я скажу табе хто ты».

Гэтую славутую фразу прамовіў у 1825 годзе францускі эпікурэец Жан-Антэльм Брыя-Саварэн.

Ён меў на ўвазе, што людзі ідэнтыфікуюць сябе паводле таго, што яны ядуць або прынцыпова не ядуць. І гэтая фраза добра тлумачыць, чаму скандал з канінай у Эўропе выклікаў такія рэзкія рэакцыі.

Крызіс пачаўся ў сярэдзіне студзеня ў Ірляндыі, дзе ў супэрмаркетах выявілі каніну, якая прадавалася як ялавічына. Пасьля конскае мяса знайшлося на складах у Брытаніі, Францыі і Швэцыі, і ёсьць занепакоенасьць, што такое можа здарыцца яшчэ ў 12 краінах Эўразьвязу.

Некаторыя спажыўцы абураныя тым, што ім прадалі ня той тавар, і адчуваюць сябе падманутымі. Паводле іншых, тут гаворка пра нешта значна больш істотнае:

«Гэтая справа выклікае шмат эмоцыяў, зьвязаных з гісторыяй узаемадачыненьняў каня і чалавека, конь лічыцца прыгожай, высакароднай жывёлай».

Гэта кажа Віктар Маер-Рохаў, прафэсар біялёгіі ва ўнівэрсытэце Якабса ў Брэмэне, Нямеччына. Паводле яго, людзі адчуваюць, што іх падманам прымусілі парушыць старадаўняе культурнае табу, прычым харчовае табу.

Маер-Рохаў, які дасьледаваў гісторыю харчовых табу, кажа што яны ёсьць у кожным грамадзтве і што часта іх прычыны губляюцца ў імгле даўняга часу. Гэта і старажытныя племянныя вераваньні ў сілу духаў пэўных жывёлаў, якія нельга абражаць, і рэлігійныя харчовыя законы, якія забараняюць спажываньне нейкай ежы або харчовых камбінацыяў, што лічацца нездаровымі або нячыстымі.

Прычыны табу хаваюцца таксама ў пэўных нефармальных правілах, датычных таго, якіх жывёлаў грамадзтва ўспрымае як натуральных прыяцеляў чалавека, а якіх — як крыніцу харчовых рэсурсаў. Гістарычна конь трапляе ў абедзьве катэгорыі, і таму, паводле Маера-Рохава, вызначыць ягоны статус тут асабліва складана:

«Вядома ж, каніну ядуць шмат у якіх краінах Эўропы і сьвету, няма ніякіх навуковых прычынаў, каб ня есьці мяса каня».

Аднак сёньня ў бальшыні краінаў Эўропы коні маюць амаль той самы статус, што й хатнія ўлюбёнцы — каты, сабакі, хамякі.

Коні набылі гэты статус за апошняе стагодзьдзе, калі аўтамабілі і трактары вызвалілі іх ад цяглавой працы і долі стацца ежай для беднякоў, пакінуўшы за імі ролю партнэра ў спорце і забавах.

У некаторых краінах, асабліва ў Вялікабрытаніі і Ірляндыі, каніну ня есьць ніхто, а ў іншых — напрыклад, у Францыі або Швэйцарыі — нехта есьць, а нехта ня есьць.

Калі парушаюцца табу, рэакцыі могуць быць рэзкія яшчэ й таму, што за табу хаваюцца ня толькі харчовыя звычкі.

Яны таксама ў значнай ступені вызначаюць, як людзі ў адной частцы сьвету адрозьніваюць сябе ад іншых:

«Любое харчовае табу яднае людзей пэўнай групы і адрозьнівае іх ад іншых. Так, кажучы, што конь — высакародная жывёла, і мы ня будзем есьці каніну, мы узвышаем сябе над тымі, каму няма розьніцы — што конь, што нейкі трус», — кажа Маер-Рохаў.

І гэта можа стаць прычынай таго, што з пашырэньнем скандалу з канінай па Эўропе абурэньне будзе толькі расьці, і ўспрымаць яго будуць з усёй сур’ёзнасьцю.

Аб гэтым сьведчыць рэакцыя Румыніі на выказаныя ў Францыі падозраньні, што фальшывая ялавічына паходзіць менавіта з гэтай усходнеэўрапейскай краіны.

Румынскі прэзыдэнт Траян Бэсэску заявіў, што давер да яго краіны можа быць падарваны на «доўгія гады», калі выявіцца, што ў гэтым скандале замешаны румынскія пастаўнікі мяса.

З увагі на абурэньне ў Эўропе, гэта зусім не пустое папярэджаньне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG