Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве дэмантуюць савецкую «глушылку»


У Магілёве пачалі дэмантаваць устаноўку, якая за савецкім часам «глушыла» частоты заходніх радыёстанцыяў, сярод якіх было і «Радыё Свабода».

Аб’ект 16/17 узьвялі ў 1987 годзе на ўскрайку Магілёва непадалёк ад заводу «Трансмаш». За бэтоннай агароджай дзьве вышкі і двухпавярховы будынак — утваралі тэхнічны комплекс, які і рабіў перашкоды для праслухоўваньня радыёчастот. Папрацаваць «глушылка» пасьпела толькі два месяцы.

Пра глушылкі жыхары Магілева пачалі даведвацца ўжо пасьля таго, як іх закрылі. Слухач Радыё Свабода Сымон Глазштэйн згадвае: «Зразумела, я пра „глушылку“ каля „Трансмаша“ ня ведаў у 1987-88 гадах, але здагадваўся, што нешта такое павінна быць. Слухаць тады „галасы“ было дужа цяжка. Яны пастаянна згасалі ў прымачу. Я здагадваўся, што нехта прыкладае намаганьні, каб я ня ўсё пачуў. Калі я праяжджаю каля „магілёўскай глушылкі“ цяпер, то мне яна падаецца як анархаізм, як знак той эпохі, якую „галасы“ і зьнішчылі».

Пасьля закрыцьця яе выкарыстоўвалі для патрэбаў беларускага радыё. У 2012 годзе кіраўніцтва першага нацыянальнага каналу радыё адмовілася ад вяшчаньня на кароткіх хвалях і спыніла фінансаваньне былой «глушылкі».

«Аб’ект сам не зачынены, прыпыненае вяшчаньне. Дэмантуецца абсталяваньне — перадатчыкі, антэны. Здымаць будзем тое, што ніколі больш не спатрэбіцца. Мы ўжо маем дазвол на сьпісаньне гэтага абсталяваньня», паведаміў супрацоўнік магілёўскага абласнога вузла радыёвяшчаньня і тэлебачаньня.

Пакуль ня вырашана, што рабіць з вышкамі. Іх тэрмін эксплуатацыі разьлічаны на 50 гадоў. Адпрацавалі яны толькі 25.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG