Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юбілей паўстаньня 1863 году спарадзіў новую хвалю дыскусіяў ня толькі наконт месца Кастуся Каліноўскага ў пантэоне нацыянальных герояў Беларусі, але і пра тое, як гістарычная памяць становіцца фактарам палітыкі.

Вось Сяргей Дубавец у сваім блогу «Галоўны герой беларускага сэрца» на нашым сайце піша, што Кастусь Каліноўскі — агульнапрызнаны нацыянальны герой Беларусі.

«Супраць яго, прызнанага беларусамі ўсіх адценьняў, веравызнаньняў і палітычных поглядаў, можа быць толькі небеларус, толькі нехта з-за межаў нацыі, чужынец... У Беларусі ўсе, ад вясковай бабулькі да экзальтаванага сталічнага школьніка, ад бамжа да пасьпяховага бізнэсоўца, ад рэжымнага чыноўніка да дысыдэнта скажуць табе, што Каліноўскі — наш».

Але вось у перадачы «Зона Свабоды» Юры Дракахруст прыводзіць вынікі сацыялягічных апытаньняў. Паводле дасьледаваньня лябараторыі «Новак», у сакавіку 2012 году Каліноўскага адзначылі нацыянальным героем Беларусі 8% рэспандэнтаў. А апытаньне НІСЭПД у чэрвені 2012 году наконт ідэалу палітыка дало Каліноўскаму 15% і пятае месца пасьля Машэрава, Лукашэнкі, Пуціна і Пятра І.

Нашым унукам будуць даводзіць, што гісторыя Беларусі пачынаецца з 1994 году. І ўгадайце з трох разоў, хто будзе абвешчаны галоўным і адзіным нацыянальным героем?

Можна, вядома, сказаць, што больш за 80% насельніцтва — небеларусы, чужынцы. Альбо абвінаваціць сацыёлягаў у фальсыфікацыі. Але больш лягічна было б казаць, што гэтыя лічбы пацьвярджаюць даўно зробленую выснову пра несфармаваную, расколатую нацыю. Бо калі ў насельніцтва Беларусі няма кансэнсусу наконт нацыянальных герояў, то гэта значыць, што беларускі соцыюм ня мае агульнага гістарычнага мінулага, дакладней — агульнай гістарычнай памяці. Цяжка знайсьці ў сьвеце краіну, дзе б існавала падобная сытуацыя. Хіба што ва Ўкраіне працягваюцца спрэчкі наконт нацыянальных герояў.

Чаму беларускія ўлады гэтак індыфэрэнтна паставіліся да згаданага юбілею, не адзначаюць яго на дзяржаўным узроўні? Большасьць экспэртаў лічаць, што афіцыйны Менск ня хоча псаваць адносіны з Расеяй, праваслаўнай царквою.

Часткова, магчыма, яны і маюць рацыю. Але пры вялікім жаданьні ўлады маглі б прэзэнтаваць Кастуся Каліноўскага так, каб атрымаць ад сьвяткаваньня палітычныя дывідэнды. Напрыклад, з аднаго боку, Каліноўскі выступаў супраць Расеі. Але, зь іншага боку, у яго быў канфлікт з варшаўскім кіраўніцтвам паўстаньня. І вось ён, сапраўдны абаронца незалежнасьці і з Усходу, і з Захаду.

А хто ў нас сёньня абараняе Беларусь, якую з усіх бакоў атачылі ворагі (яны, як казаў Лукашэнка на апошняй прэсавай канфэрэнцыі, вакол нашай краіны «ходзяць і зубамі ляскаюць, як галодныя ваўкі чародамі»)? Хто палітычны нашчадак Каліноўскага? Хто прадаўжальнік ягонай справы, запаветаў? Правільна, угадалі. Вядома ж, цяперашні кіраўнік. Гэтую карту можна было выдатна разыграць. Аднак нічога такога няма і нават не плянуецца. Чаму?

Падаецца, галоўная прычына ў тым, што Лукашэнка лічыць галоўным нацыянальным героем Беларусі — сябе. І канкурэнты яму не патрэбныя. Таму ў дзяржаўнай прапагандзе ўзяты курс на дэгераізацыю беларускай гісторыі. Перайменавалі праспэкты Скарыны і Машэрава. Ліквідавалі ордэн Каліноўскага. Зразумела, што ў такой ідэалягічнай парадыгме ніякага сьвяткаваньня юбілею не патрэбна, яно было б нават шкодным.

Пры вялікім жаданьні ўлады маглі б прэзэнтаваць Кастуся Каліноўскага так, каб атрымаць ад сьвяткаваньня палітычныя дывідэнды

Увогуле, цікавыя працэсы адбываюцца з пытаньнем пра пачатак беларускай гісторыі. У савецкія часы афіцыйная прапаганда даводзіла, што гісторыя Беларусі пачыналася з Кастрычніцкай рэвалюцыі. За часамі Лукашэнкі гэты і так кароткі гістарычны адрэзак скараціўся яшчэ больш. Кіраўнік дзяржавы патлумачыў, што беларуская гісторыя пачынаецца зь Вялікай Айчыннай вайны. Думаю, вельмі хутка, калі ня стане вэтэранаў, яна яшчэ скароціцца. Нашым унукам будуць даводзіць, што гісторыя Беларусі пачынаецца з 1994 году. І ўгадайце з трох разоў, хто будзе абвешчаны галоўным і адзіным нацыянальным героем?
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG