Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпак вяртаецца з расейскага рабства


Мікалай Шпак

Мікалай Шпак

Вызвалены з расейскага рабства беларус Мікалай Шпак у панядзелак адпраўлены цягніком на радзіму.

11 лютага ён правёў дзень у аддзяленьні амбасады Рэспублікі Беларусь у горадзе Уфа, дзе яму зрабілі пасьведчаньне для вяртаньня ў Беларусь. Таксама зь Мікалаем сустрэліся прадстаўнікі Сьледчага камітэту Башкартарстану. Падрабязнасьці размовы кіраўнік аддзяленьня беларускага пасольства Васіль Новак не апавёў, але сказаў што ніякіх афіцыйных заяваў Шпак не пісаў.

Учора перад візытам у аддзяленьне пасольства і сустрэчай з расейскімі сьледчымі Шпак расказаў журналістам пра тое, што яго прымусова ўтрымлівалі, і зьбіраўся пісаць афіцыйную заяву ў пракуратуру.

Мікалай Шпак паехаў на заробкі ў Расею ў 2001 годзе. У 2005-м ад яго з Арэнбурскай вобласьці прыйшла тэлеграма, пасьля чаго сувязь абарвалася. У 2011 годзе ў Беларусі Мікалая Шпака цераз доўгую адсутнасьць прызналі памерлым.

Паводле слоў Шпака, ён зьмяніў некалькі гаспадароў. Абыходзіліся зь ім жорстка, забралі дакумэнты й не давалі магчымасьці сысьці, пагражалі забойствам. Урэшце беларус апынуўся на рыбнай фэрме, якая належыць былому прапаршчыку расейскага МУС Карпухіну. Тыдзень таму зь сям’ёй Шпака змог зьвязацца жыхар Арэнбурскай вобласьці, якога Мікалай прасіў перадаць весткі на радзіму. Той і сказаў сям’і што Шпака ўтрымліваюць на фэрме расейскага міліцыянта.

Родзічы, пабаяўшыся зьвязвацца зь міліцыяй, зьвярнуліся па дапамогу ў беларускі валянтэрскі ратавальны атрад «Анёл», тыя — у расейскую «Альтэрнатыву», якой удалося 9 лютага знайсьці і вызваліць беларуса.

Раней у студзені ў выніку сумеснай працы «Анёла» й «Альтэрнатывы» былі вызваленыя з рабства ў Дагестане 9 чалавек , сярод якіх было 5 беларусаў.


Рэпартаж расейскай тэлевізіі


XS
SM
MD
LG