Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да ягонага дзевяностагодзьдзя адзін крытык напісаў вялікі і грунтоўны артыкул. «О Божа, апошнія шэсьцьдзесят гадоў яны толькі і робяць, што спрабуюць патлумачыць мяне! — усклікнуў на гэта юбіляр. — Я хутка ня вытрымаю...»

Ён ня вытрымаў ужо праз два гады. 19 лютага 1952 у Грымстадзе памёр Кнут Гамсун, пісьменьнік, не любіць якога і не чытаць пасьля вайны зрабілася ледзьве не абавязкам кожнага грамадзяніна, і ня толькі ў Нарвэгіі. Яшчэ нядаўна ўсё было з дакладнасьцю да наадварот. І нават сам фюрэр Вялікай Германіі, галоўны чытач і літаратурны крытык Эўропы і «барацьбіт за правы народаў», як назваў яго Гамсун у прыступе старэчага замілаваньня, прызнаваўся пісьменьніку ў тым, як ён цэніць ягоны раман «Плады зямлі», дзе так шмат «крыві і глебы».

Прыступ старэчага замілаваньня здарыўся з Гамсунам ужо пасьля самагубства Гітлера. Гамсун напісаў на ягоную сьмерць нэкралёг, які варта прывесьці цалкам:

«Я не дастойны публічна гаварыць пра Адольфа Гітлера, да таго ж яго жыцьцё і дзейнасьць не спрыяюць сэнтымэнтальнасьці. Ён быў ваяром. Барацьбітом за чалавецтва, вестуном Эвангельля аб правах усіх народаў. Ён быў рэфарматарам найвышэйшага ўзроўню. Ягоным гістарычным наканаваньнем было дзейнічаць у эпоху ня бачанай раней жорсткасьці, жорсткасьці, якая захапіла яго самога. Так, напэўна, бачыць Адольфа Гітлера шараговы заходні эўрапеец, а мы, ягоныя самыя блізкія аднадумцы, схіляем галовы над яго прахам».

У гісторыю сустрэча аўтара і «вестуна Эвангельля аб правах усіх народаў» увайшла як трагічны і сумны анэкдот. Гітлер прамовіў некалькі прывітальных словаў. Гамсун у адказ выказаў усё тое, што балела: пра расстрэлы, рэпрэсіі, шыбеніцы і канцлягеры ў ягонай роднай Нарвэгіі. Тое, што ён хацеў сказаць, было старым, як сьвет, і такім самым бессэнсоўным: ён прасіў у «добрага і разумнага» гаспадара прыбраць з Нарвэгіі ягоных тупых і крыважэрных намесьнікаў. Гітлер нават не даслухаў яго да канца і прамовіў доўгі маналёг, пасьля чаго загадаў выгнаць надакучлівага нарвэжца. Гамсун не зразумеў з таго, што сказаў Гітлер, ні слова. І доўга і марна прасіў потым даслаць яму пераклад.

Яму сапраўды важна было даведацца адказ.

У гісторыі падзеньня Гамсуна, аўтара «Голаду», «Вікторыі» і «Пана», літаратурнага доўгажыхара, які пачаў пісаць яшчэ да таго, як быў прыдуманы аўтамабіль, і выдаў апошнюю кнігу ў эпоху атамнай бомбы, гэта ўражвае больш за ўсё — ён жа быў ужо стары чалавек і мог разьлічваць на спакой нават пры Квісьлінгу, дастаткова было проста ні ў што ня ўмешвацца. Ад яго ніхто ўжо не патрабаваў выразна акрэсьленага выбару: ня той узрост. Але Гамсун усё адно яго зрабіў — дэманстратыўна і насуперак усім.

Вось што гэта: наіўнасьць? Дурасьць? Канфармізм? Прадажнасьць? Маразм?

Гэта — Гамсун. Таленту якога, здаецца, не патрэбныя ні чытацкае спачуваньне, ні чытацкая нянавісьць. Гэта — шчырасьць і сьлепата, гэта — Гамсун, які лічыў сьвет празрыстым і ясным, як нарвэскае паветра, Гамсун, якому ўсе гэтыя гарадзкія гульні ў вытлумачэньне падаваліся кратовымі норамі ў вечнай і цьвёрдай, як вечнасьць, Сваёй Зямлі, да якой ён прыйшоў пасьля доўгіх блуканьняў. Гамсун, які называў сябе перш за ўсё германцам, які ненавідзеў англа-саксонскі Захад за тое, што той зьнішчае ягоную, гамсунаўскую Нарвэгію, зь яе здаровымі сялянскімі духам і маральлю. Які пагражаў дачцэ адмовіцца ад яе, калі яна выйдзе за ангельца. О, ён ведаў, пра што казаў, ён жыў у Амэрыцы, якая не хацела прызнаваць яго пісьменьнікам!.. А Нямеччына адразу прызнала. У Амэрыцы, дзе ён быў парабкам, прадаўцом, прыказчыкам і паспрабаваў сябе яшчэ ў сотні прафэсій — прыкладна ў той час, калі вынайшлі тэлефон. У Амэрыцы, дзе адна сям’я, у якой ён працаваў у маладосьці, падвешвала яго на бязьмене — ім, вар’ятам, зь іхным заакіянскім мэркантылізмам, хацелася ведаць, колькі ён важыць.

Ягоную сапраўдную вагу можна было б вылічыць і сёньня: скажам, Гамсун — гэта «Голад» плюс «Вікторыя» мінус Гітлер. Калі ўсяго дзьве кнігі могуць пераважыць цэлага Гітлера, значыць, і ад Гамсуна нешта засталося. А мне чамусьці хочацца верыць, што могуць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG