Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цуды ў пясочніцы


18 лютага 1979 у самай вялікай і самай пустой на сьвеце пустэльні Сахара раптам выпаў самы сапраўдны сьнег. 0,4 чалавека на квадратны кілямэтар (менавіта такая шчыльнасьць насельніцтва гэтага рэгіёну), разгублена назіралі, як векавыя пяскі пакрываюцца ня надта тоўстым, але цалкам пераканаўчым слоем невядомай белай субстанцыі.

Кажуць, той сьнег пратрымаўся ўсяго паўгадзіны, а потым быў бязьлітасна сьцёрты з аблічча Сахары ачунялым сонцам. Але, як любяць паўтараць аўтары фэнтэзі, факт застаецца фактам, сьнег, па-арабску «салг», выпаў і дзе-нідзе на прасторах Сахары зь яго можна нават было зьляпіць сьнежку і кінуць ёй у найбліжэйшага вярблюда.

Дзіўна чуць пра тое, што калісьці, у часы, якія папярэднічалі дагістарычным, Сахара была стэпам і празь яе цяклі паўнаводныя рэкі. Але так было — і калі б нейкаму тагачаснаму турысту шапнулі на вуха, што некалі тут будзе самая пустая і самая вялікая пустэльня на плянэце, ён, мабыць, абурыўся б і запатрабаваў грошы назад. Цяжка сказаць, як там у іншых месцах, а ў гэтым куточку Галяктыкі, дзе мы жывем, усё ўмоўна, адносна і хістка — і чым больш мы ўпэўненыя, што ведаем усё, тым вышэйшая верагоднасьць, што мы ня ведаем нічога пра сьвет, які нас акружае. Жыцьцё — гэта існаваньне ў сьвеце дэзінфармацыйных тэхналёгій і ілюзія ўсёмагутнасьці. Здаецца, варта толькі ўпэўненасьці чалавека дасягнуць пэўнай крытычнай мяжы, як здараецца нейкі кур’ёз — дробязь, выпадак, катаклізьмік на прыёме ў сусьветнага вэтэрынара — і апускае гэтую фанабэрыю трохі бліжэй да плінтусу. Сьнег у Сахары немагчымы — алё ён ішоў, і ішоў не ўпершыню.

...Напрыклад, адзін пасрэдны пісьменьнік выдумляе дзеля фантастычнага эфэкту і прыгожага слоўца нейкае Асірыйскае тэлебачаньне. Высьвятляецца, што яно існуе і пры мінімуме высілкаў яго можна нават паглядзець live.

...Лічыцца, што жанчына няздольная зацяжараць ад сябе самой. Амэрыканка Гэйлорда Рэйборн даказала, што гэта лухта, апладніўшыся уласнай спэрмай. Можна, калі асьцярожна.

...У ХІХ стагодзьдзі вучоныя прыйшлі да высновы, што шаравая маланка — гэта галюцынацыя. Адзін падручнік па фізыцы пераканаўча даводзіў, што такой зьявы быць ня можа, бо яе ня можа быць у прынцыпе.

...Ангельскі геоляг па прозьвішчы Кларк падчас раскопак у крэйдавым кар’еры на глыбіні 14 мэтраў выламаў з пароды кавалак, у якім знайшоў трох загадкавых жывых істотаў. Высьветлілася, што іхны від вымер некалькі мільёнаў гадоў таму. Істоты скакалі, кусаліся і неўзабаве ўцяклі ў невядомым кірунку.

Ня трэба быць такім самаўпэўненым. Усё значна складаней, чым здаецца. Прымаючы нешта на веру, заўжды варта пакінуць у душы трохі месца для сумневу. Карузьлік Нос таксама думаў, што зь ім усё ОК, пакуль цырульнік ня даў яму люстэрка. Кніга, якую ўсе лічаць шэдэўрам літаратуры, можа аказацца бяздарнай падробкай; чалавек, якога ты любіш, у сапраўднасьці можа быць капелюшом або ключом ад паштовай скрыні. Ніхто так і не даказаў, што бога няма, і адваротнага таксама ніхто ня здолеў давесьці. У сьцьверджаньня, што зямля стаіць на трох сланах, прыхільнікаў ня так ужо і шмат — але тэарэтычна і яны некалі могуць пасьмяяцца са сваіх прысаромленых апанэнтаў. Ці вось гэты сьнег пад сахарскім сонцам — мокры і халодны, як разьвітаньне на восеньскім вакзале, як поціск дрыготкай рукі чужога розуму — хіба яго нехта чакаў?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG