Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эфэкт люстэрка


14 лютага 869 году ў Рыме памёр Кірыл, манах і вучоны, хрысьціянскі місіянэр і паліглёт, якога шмат хто лічыць стваральнікам нашай гордай кірыліцы. Унікальнага, сакрэтнага, амаль што масонскага графічнага коду, з дапамогай якога пэўная частка славянства вось ужо больш як тысячу гадоў гераічна супрацьстаіць лацінскай змове. Візуальна гэтае пісьмо нагадвае нечы вытанчаны зьдзек з клясычных рымскіх літар і дагэтуль палохае недалёкіх замежных турыстаў. Ці, прынамсі, тых, каму па ўзросьце або стане здароўя не давялося ў свой час вучыць у школе мову братоў-вызваліцеляў.

Насамрэч Кірылам брат Кірыл зрабіўся за некалькі дзён да сьмерці, а так зваўся ўсё жыцьцё братам Канстанцінам, так што створанае ім пісьмо мусіла б мець назву канстанцініца. Або косьціца ці нават кастусіца. Гучыць прыемна — як назва нейкага дыстыляту. Больш за тое, ніякай кірыліцы Кірыл не ствараў, ён наогул быў чалавек пабожны, цураўся любых праяваў гардыні і ня стаў бы нічога называць у свой гонар, баючыся Гасподняга гневу. Ён нават ня быў славянінам, гэты цывілізаваны грэк, які проста ўзяў і прыдумаў разам з братам Мэтодам альфабэт для дзікіх славянаў, глаголіцу, а заадно і царкоўнаславянскі валяпюк, каб прыручыць іх і зрабіць трошкі больш свойскімі. Кірыліца зьявілася пазьней, з тых часоў яна зьмянілася амаль да непазнавальнасьці, абрасла мноствам варыянтаў і выглядае, у сваю чаргу, як вытанчаны зьдзек з глаголіцы, але абедзьве яны родныя сёстры, як Кірыл і Мэтод. То бок браты. А братоў не выбіраюць і ў зубы ім не глядзяць.

У цёмным лесе гэтых пэрыпэтыяў заблудзіць настолькі ж лёгка, як замежнаму турысту на цнатліва-кірылічнай менскай ускраіне. Да таго ж кірыліцаў існуе шмат, і амаль кожная зрабіла вымушаны рэвэранс у бок лацініцы. Таму няхай Кірыл прыдумаў кірыліцу, Мэтод мэтодаўку, а Калюмб адкрыў Амэрыку, усё адно гэта было даўно і няпраўда. Значна жывейшыя і яскравейшыя ўспаміны зьвязаныя ў шмат якіх народаў з зусім нядаўнім гвалтоўным вывучэньнем кірыліцы ў школе і такім самым гвалтоўным пераводам на кірыліцу цэлых моваў.

Цудоўная гісторыя адбылася у дваццатым стагодзьдзі з азэрбайджанскай мовай: спачатку яна была пераведзена з арабскага на лацінскае пісьмо, потым, літаральна празь дзесяць гадоў, на кірыліцу, а калі Азэрбайджан стаў незалежным, дык зноў вярнуўся да лацінкі, якая цяпер упэўнена перамагае кірыліцу пры поўнай падтрымцы дзяржавы.

Літоўскую мову ў ХІХ стагодзьдзі гвалтам спрабавалі перавесьці на кірыліцу, але яна не далася. Засталіся тэксты, якія на сёньняшні дзень выглядаюць проста фантасмагарычна:

«Тейкасъ манъ Поны, вешкелюсъ тава пародиты, о кялюсъ сава тейкасъ манъ апрейкшти такусъ мано тэйкясъ тайситы пагалъ таво исакиму...»

Кажуць, на пачатку 50-х савецкія экспэрымэнтатары спрабавалі перавесьці на кірыліцу нават эстонцаў, але тады з Савецкім Саюзам здарыўся Бэрыя, які за свае пару месяцаў увёў на ўскраінах імпэрыі нацыянальную распусту, і тая задума прапала бязь сьледу.

Чалавеку неспрактыкаванаму знаёмства з кірыліцай мусіць падавацца нечым кшталту падарожжа Алісы ў Залюстроўе. І самы яркі прыклад гэтаму: жудасная, нібы люстэркам выкручаная «И». Мірная і такая знаёмая зь дзяцінства літара «р» ва ўсіх гэтых дзіўных краінах зусім ня ёсьць «р», а чытаецца чамусьці як «r». Добра — але чаму тады павернутае «R» — гэта JA? Чаму? У імя якіх ідэалаў? Прыгожае, ваяўнічае і старажытнае Х трэба чытаць як «h» — толькі барбары здольны на такое. Што да астатніх літар, то яны выклікаюць нейкія двухсэнсоўныя асацыяцыі — адна з танкам, другая з шыбеніцай, трэцяя наогул зь нелегальнай міграцыяй. Такіх не бяруць у Эўропу, на такіх там глядзяць з трапяткім подзівам — маўляў, мала нам грэкаў зь іхнымі закаручкамі? Таму няхай Залюстроўе застаецца Залюстроўем. А дзіўныя літары мы запішам у сьпіс культурнай спадчыны. Нематэрыяльнай, незапамінальнай і незразумелай, як і ўся гэтая нічыйная зямля, геніяльна напісаць пра якую можна толькі адпаведна ўсталяваўшы люстэрка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG