Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бэнэдыкт XVI: дзякуй і даруйце


Рымскі пантыфік абвясьціў пра намер пакінуць пасаду падчас сёньняшняга пасяджэньня кансысторыі — нарады кардынальскай калегіі пры Папу Рымскім. Падаем заяву Бэнэдыкта XVI паводле Радыё Ватыкану.

Я паклікаў вас на гэту Кансысторыю ня толькі па прычыне трох кананізацый, але і паведаміць вам рашэньне, якое мае вялікае значэньне для жыцьця Касьцёлу.

Разважыўшы гэта шмат разоў у сумленьні перад Богам, я набыў упэўненасьць, што па прычыне сталага ўзросту мае сілы не дастатковыя, каб належным чынам ажыцьцяўляць служэньне сьв. Пятра. Я цалкам усьведамляю, што гэтае служэньне ў сваёй духоўнай сутнасьці павінна выконвацца ня толькі празь дзеяньні і словы, але ня ў меншай ступені, празь цярпеньне і малітву.

Аднак, каб кіраваць лодкай сьв. Пятра і абвяшчаць Эвангельле ў сучасным сьвеце, схільным да хуткіх зьменаў і хваляваным пытаньнямі, якія маюць вялікае значэньне для жыцьця веры, неабходная як сіла цела, так і духу, якая ў апошнія месяцы аслабела ў мяне настолькі, што я павінен прызнаць сваю няздольнасьць добра выконваць даручанае мне служэньне.

Таму, цалкам усьведамляючы сур’ёзнасьць гэтага акту, у поўнай свабодзе, я заяўляю, што я адмаўляюся ад служэньня Рымскага Біскупа, Наступніка сьв. Пятра, ускладзенае на мяне кардыналамі 19 красавіка 2005 г., так што з 28 лютага 2013 г., ад 20.00, рымскі пасад, Пасад сьв. Пятра, будзе вызвалены (sede vacante), і паўстане неабходнасьць, каб тыя, хто мае кампэтэнцыю, склікалі Канкляў для абраньня новага Папы.

Дарагія браты, я дзякую вам ад усяго сэрца за ўсю любоў і працу, празь якую вы несьлі са мной цяжар майго служэньня, і прашу прабачэньня ўсіх маіх недахопаў. Цяпер мы давяраем сьвяты Касьцёл апецы Найвышэйшага Пастыра, Пана нашага Ісуса Хрыста, і просім Яго Найсьвяцейшую Маці Марыю, каб дапамагала сваёй мацярынскай дабрынёй Айцам Кардыналам у абраньні новага Папы.

Калі гаворка ідзе пра мяне, у будучыні я хачу служыць усім сэрцам, усім адданым малітве жыцьцём, Сьвятому Божаму Касьцёлу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG