Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як выглядае жыцьцё асуджаных на пажыцьцёвае зьняволеньне?

  • БелаПАН

У Беларусі на пажыцьцёвае зьняволеньне асуджана прыкладна 140 чалавек. Больш за 80 зь іх адбываюць пакараньне ў турме № 8 у Жодзіне. Пра гэта распавядаецца ў матэрыяле «Прысуджаныя па жыцьці», апублікаваным у апошнім нумары газэты МУС Беларусі «На страже».

Па словах начальніка атрада па арганізацыі выкананьня пакараньня ў выглядзе пажыцьцёвага зьняволеньня Васіля Занкевіча, у турме ёсьць раней судзімыя і несудзімыя, зусім непісьменныя і тыя, у каго не адзін дыплём аб вышэйшай адукацыі.

«Самаму старэйшаму пастаяльцу турмы было 60 гадоў, калі яго перавялі на палепшаныя ўмовы ўтрыманьня ў ВК-13 ў Глыбокае: прагулкі даўжэйшыя, пасылак, перадач і спатканьняў больш, а замест камэры — жылое памяшканьне казарменнага тыпу, — кажа супрацоўнік пенітэнцыярнай сыстэмы. — Такая магчымасьць зьяўляецца ва ўсіх жодзінскіх пажыцьцёвікаў пасьля дзесяці гадоў знаходжаньня ў турме пры ўмове адсутнасьці сур’ёзных парушэньняў правілаў унутранага распарадку. Яшчэ празь дзесяць гадоў адміністрацыя калёніі мае права хадайнічаць перад судом аб замене пажыцьцёвага зьняволеньня на пэўны тэрмін пазбаўленьня волі».

У матэрыяле распавядаецца, што «ў „васьмёрцы“ адмысловы кантынгент сочыць за навінамі з тэлепраграмаў і друкаваных выданьняў, спадзеючыся на паслабленьні ў заканадаўстве. Акрамя таго, вывучаюць мовы, выпісваюць з прапанаванага каталёгу літаратуру. Раз на дзесяць дзён сядзельцам прадастаўляюцца кнігі і прэса з турэмнай бібліятэкі. Як правіла, пачынаюць зь лёгкіх рэчаў, але потым задумваюцца аб жыцьці і пераключаюцца на клясыку. Папулярныя Дастаеўскі, Пушкін, Купрын, Бунін, гістарычныя творы».

У камэрах у зьняволеных ёсьць разэтка, радыёкропка, кнопка выкліку дзяжурнага кантралёра. Кожныя 15 хвілін дзяжурны глядзіць у вочка. Пасьля адбою перамяшчэньне па камэры забаронена.

Можна хіба што схадзіць па патрэбе. Асьвятленьне ноччу слабое, але яго цалкам дастаткова, каб супрацоўнікам весьці назіраньне, а зьняволеным спакойна спаць. Парушальнікаў рэжыму ўтрыманьня могуць зьмясьціць у штрафны ізалятар на тэрмін да 10 сутак.

Рэжым надзвычай суровы, адзначаецца ў матэрыяле. За межамі жылога сэктару асуджаным з пазнакай «ПЗ» на робе перасоўвацца дазволена, сагнуўшыся напалову, ногі шырэй плеч, рукі ў кайданках ззаду, высока паднятыя, пальцы рассунутыя. Падымаць галаву, разгінацца забаронена, каманды выконваюцца неадкладна, кожнага асуджанага суправаджаюць два кантралёры з сабакам.

Шпацыр у асуджаных — 30 хвілінаў. Прагулачны дворык — такая ж камэра, толькі замест столі — краты.

У год зьняволены пажыцьцёва мае права атрымаць 1 пасылку да 30 кг, два кароткатэрміновыя спатканьні да чатырох гадзінаў, два разы на месяц можна атаварыцца ў краме ізалятару па безнаяўным разьліку. Магчыма атрыманьне кніжнай бандэролі і рэчавай перадачы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG