Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганна Янкута — пра іншамоўную беларускую літаратуру


Ганна Янкута

Ганна Янкута

Творчасьць пісьменьнікаў, што нарадзіліся і жылі на тэрыторыі нашай краіны, ніколі не вылучалася моўнай аднастайнасьцю. У анталёгіях па гісторыі беларускай літаратуры мы можам знайсьці творы па-царкоўнаславянску, па-лацінску, па-польску, па-старабеларуску. Але і сучасная беларуская літаратура далёка не аднамоўная, і нават у пэўным сэнсе не менш шматмоўная, чым літаратура ранейшых эпох.

Ганна Янкута — пра іншамоўную беларускую літаратуру.

Мойшэ Кульбак. Зельманцы. Пераклад з ідышу Віталя Вольскага
Менск, Рэдакцыя мастацкай літаратуры, 1960

Раман беларуска-габрэйскага пісьменьніка Мойшэ Кульбака «Зельманцы» мог бы зрабіцца адным з найбольш чытаных твораў пра габрэйскую і не толькі габрэйскую Беларусь, калі б яго апошняе выданьне не датавалася ажно 1960 годам — за такі час любая кніга можа згубіцца з поля зроку не толькі патэнцыйных чытачоў, але і самых уніклівых бібліятэкараў. Трохі сумны, але і вельмі яркі, калярытны і поўны мяккага гумару твор пра габрэйскую супольнасьць і яе лад жыцьця напоўніцу раскрывае тыя тэмы, якія закрануў, напрыклад, у аповесьці «У дрымучых лясах» Зьмітрок Бядуля. Перавыданьне ці нават новы пераклад гэтага рамана падаецца справай надзвычай патрэбнай, бо на сёньняшні дзень габрэйская тэма нават у даваеннай беларускай літаратуры амаль не гучыць, а значыць, з поля зроку чытачоў выпадае вельмі істотны кавалак нашай гісторыі, вярнуць які магчыма толькі адным чынам — як мага большай колькасьцю перакладаў з беларускай літаратуры, якая стваралася на ідышы.
Carlos Sherman. Los puntos cardinales
Менск: «Беларускі кнігазбор», 2000

Карлас Шэрман — асоба ў нашай культурнай прасторы незвычайная і па-свойму ўнікальная. Нарадзіўшыся ва Ўругваі і правучыўшыся ў Аргентыне, ён вяртаецца ў Беларусь, але працягвае пісаць тут па-гішпанску, перакладаць і рэдагаваць пераклады з гішпанскай на беларускую. Ёсьць у яго і творы, напісаныя па-беларуску ці па-расейску, і ўсё ж яго роднай мовай была менавіта гішпанская, а таму яго творчасьць, напрыклад, зборнік вершаў «Дождж у Каралішчавічах» ці паэма «Кірункі сьвету» знаёмая чытачу хутчэй у перакладах Рыгора Барадуліна, чым у арыгіналах.

Нягледзячы на мову, Карлас Шэрман успрымаецца перадусім як беларускі, а зусім не як гішпанскі, уругвайскі ці аргентынскі пісьменьнік: пра гэта сьведчыць ужо хаця б тое, што яго творы часьцей за ўсё ў беларускім перакладзе і друкуюцца, звычайна нават без арыгіналу. Паэма «Los puntos cardinales» («Кірункі сьвету») у гэтым пляне хутчэй выключэньне: побач з беларускім перакладам у кнізе зьмешчаны гішпанскі арыгінал, а таксама пераклады на ангельскую і расейскую мовы. Паэма поўная яркіх вобразаў з міталёгіі майя, у ёй згадваецца мноства рэчаў, знаёмых большасьці беларускіх чытачоў хіба што па ўроках гісторыі і геаграфіі: мовы кечуа і наўатль, Анды, Гвадалахара, Кетцалькоатль — і аўтар, перабіраючы гэтыя экзатычныя вобразы, разважае пра ўласнае месца на зямлі і ўласную ідэнтычнасьць, у якой такім нечаканым чынам зьліліся славянскі і паўднёваамэрыканскі сусьветы.

Ales Razanau. Der Mond denkt, die Sonne sinnt: Wortdichte
Minsk: Łohvinaŭ, 2011

Калі з лацінай, ідышам, польскай усё зразумела (гэтыя мовы шырока бытавалі на беларускіх землях, а таму выкарыстаньне іх у творчасьці цалкам заканамернае), то нямецкая мова ў творчасьці Алеся Разанава — гэта пытаньне ўжо зусім іншага парадку. Магчымасьцяў вывучыць замежную мову і ўдасканаліць яе сёньня нашмат большая, чым ва ўсе папярэднія часы, а таму сама ідэя напісаць нешта на замежнай мове ўжо не здаецца такой дзіўнай і нечаканай.

Нямецкая мова прапануе зусім іншы набор сродкаў для паэтычнага самавыяўленьня, чым беларуская, і калі прыгледзецца да яе ўважлівей, разумееш, чаму Алесь Разанаў выбраў для свайго паэтычнага экспэрымэнту менавіта яе. Новая мова — гэта аўтаматычна новая вобразнасьць, новыя вэрсыфікацыйныя тэхнікі, новыя наборы асацыяцыяў, якія цягне за сабой кожнае слова. І ў той жа час верш, напісаны на мове вывучанай, на мове, якой аўтар у штодзённым жыцьці не карыстаецца, усё адно будзе ляжаць у межах роднай аўтару культуры: фактычна гэта экспэрымэнт, у якім мова як такая мае невялікае значэньне. Бо пытаньне ў тым, каб выказаць па-рознаму адно і тое ж. Выбар паміж беларускай і нямецкай мовамі ў дадзеным выпадку — гэта як выбар паміж клясычнай формай і вэрлібрам. Мова атрымлівае такі самы статус, як мэтафара, і ператвараецца ў дадатковы сродак, які дазваляе аўтару перапрацоўваць сьвет у словы.

Dmitri Plax. re citat iver
Stockholm: Ersatz, 2011

Зусім у іншую сытуацыю трапляюць пісьменьнікі, якія пераяжджаюць на сталае жыхарства за мяжу і ў штодзённым жыцьці пачынаюць карыстацца новай мовай, адрознай ад той, на якой яны пісалі і пішуць свае творы. Праз пэўны час новая мова і асяродзьдзе не можа не зрабіць на іх творчасьць уплыву. А таму цалкам лягічна, што беларускі паэт Дзьмітры Плакс часьцей выдае кнігі на швэдзкай мове, чым на беларускай.

Калі ў выпадку з Алесем Разанавым, які выдаў кнігу вершаў на нямецкай мове, ніхто не засумняецца, што ён — паэт беларускі і што кніга «Der Mond denkt, die Sonne sinnt» належыць перадусім беларускай, а не нямецкай культуры, то ў выпадку з Дзьмітрыем Плаксам гэта ўжо не здаецца такім відавочным. Сапраўды, якім чынам мы можам акрэсьліць статус паэта, які апынуўся на перакрыжаваньні некалькіх культур і моўных традыцый, бо Плакс піша не толькі па-беларуску і па-швэдзку, але яшчэ і па-расейску? Гэтая сытуацыя яскрава паказвае, што пытаньне мовы грае ў літаратуры не такую ўжо і важную ролю.

Існуючы ў шматмоўным асяродзьдзі (незалежна ад таго, шматмоўнае яно таму, што ў краіне пражываньня творцы пануе білінгвізм, ці проста таму, што з пэўных жыцьцёвых абставінаў пісьменьнік дома выкарыстоўвае адну мову, а на працы — іншую), кожны аўтар вырашае для сябе, якую мову яму абраць для творчасьці. Ён можа кіравацца патрыятычнымі меркаваньнямі альбо проста ўласнай зручнасьцю, можа пераключацца з мовы на мову альбо дзеля дасягненьня пастаўленых перад сабой мастацкіх мэтаў нават спалучаць іх і лёгка пераскокваць з адной на другую (трэцюю, чацьвертую і гэтак далей). І адзіны крытэр ацэнкі, з якім можна падыходзіць да выніку такіх экспэрымэнтаў, — гэта яго мастацкая вартасьць. Твор не можа быць кепскім ці добрым таму, што ён напісаны на той ці іншай мове. Ён можа быць кепскім ці добрым у залежнасьці ад таго, кепска ці добра ён напісаны.

Павел Антипов. Дипломная работа
Минск: Логвинов, 2011

І ўрэшце, самая зразумелая з’ява ў сучаснай беларускай літаратуры — гэта творы, якія беларускімі пісьменьнікамі пішуцца па-расейску. Бо калі нашы суайчыньнікі пісалі і пішуць па-гішпанску, па-нямецку, па-ангельску, па-швэдзку, то чаму б ім не пісаць і па-расейску? Зрэшты, гэтым яны і займаюцца: традыцыя пачынаецца яшчэ ад Максіма Багдановіча і праз Алеся Адамовіча вядзе да маладога пакаленьня пісьменьнікаў, якія выдалі свае дэбютныя кнігі ў апошнія год-два: Павал Анціпаў, Кірыл Дубоўскі, Кацярына Зыкава.

Дзеяньне многіх твораў Паўла Анціпава адбываецца ў Беларусі, на што недвухсэнсоўна ўказваюць такія рэаліі, як станцыя «Плошча Леніна», БГЭУ, Паставы, мэханічная фраза «Калі ласка, пакіньце вагоны», якая гучыць на канцавых прыпынках мэтро. Прымушаючы сваіх герояў гаварыць па-расейску, аўтар ніякім чынам не скажае рэальнасьць, хаця на якой бы мове яны ні гаварылі, мы ўсё адно будзем верыць аўтару, калі яго героі і дыялёг жывыя і калі мы, безумоўна, у дастатковай ступені валодаем мовай, на якой напісаны твор. А верым мы аўтару толькі тады,калі ён не падманвае сябе і ня робіць выгляд, нібыта яго лінгвістычныя прыхільнасьці адпавядаюць яго патрыятычнаму пачуцьцю, бо не заўсёды паміж мовай і патрыятызмам можна паставіць знак роўнасьці, асабліва калі вядзецца пра творчасьць. Гэтак жа, як Карлас Шэрман — адзіны ў сваім родзе гішпанамоўны беларускі паэт, так і Павал Анціпаў — адзін з шэрагу расейскамоўных беларускіх пісьменьнікаў. Трэба ж урэшце падтрымліваць традыцыю шматмоўнасьці. Бо гэта адзіная традыцыя, якую нават самыя ваяўнічыя наватары ня здолеюць скінуць з карабля сучаснасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG