Лінкі ўнівэрсальнага доступу

11 лютага ў Менскім абласным судзе будзе агалошаны прысуд былому першаму намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Ігару Васільеву.

Пракуратура абвінаваціла Васільева ў спробе атрымаць хабар памерам паўмільёна даляраў. Нібыта за спрыяньне чэскім інвэстарам ў рэалізацыі іх праекта па пабудове сьмецьцеперапрацоўчага заводу. Паводле сьледзтва, Ігару Васільеву пасьпелі перадаць першую частку хабару — 250 тысяч даляраў. Пасьля гэтага чыноўніка ў ягоным кабінэце адразу арыштавалі. З матэрыялаў справы вядома, што Ігар Васільеў неўзабаве пасьля арышту напісаў яўку з павіннай на імя старшыні КДБ, ў якой прызнаў сябе вінаватым. У судзе, аднак, былы першы намесьнік старшыні Менгарвыканкаму ад тых прызнаньняў адмовіўся. Ігар Васільеў заявіў, што сьледчыя КДБ аказвалі на яго псыхалягічны ціск, а пра грошы ў перададзеным яму партфэлі ён нічога ня ведаў. Маўляў, для яго там быў прадстаўнічы сувэнір.

Сьведка Васіль Ананьеў у судзе пацьвердзіў, што нёс Ігару Васільеву менавіта хабар. Пры гэтым высьветлілася, што сам сьведка ў гэты момант быў нашпігаваны гука- і відэазапісваючай апаратурай КДБ. Другі сьведка, Ігар Сьмятанін, які пачынаў рэалізацыю праекта са сьмецьцеперапрацоўчым заводам, заявіў суду, што Ананьеў меў прычыны агаварыць Васільева і ўчыніць правакацыю. Пасьля гэтых паказаньняў, 4 студзеня працэс быў закрыты і больш публіку на яго не пусьцілі. Суд мусіў дапытаць па гэтай справе старшыню Менгарвыканкаму Мікалая Ладуцьку, але ці адбыўся допыт, невядома. Падчас судовых спрэчак пракурор Андрэй Лыцін запрасіў для абвінавачанага 15 год пазбаўленьня волі. 8 лютага з апошнім словам у судзе выступіў Ігар Васільеў.

Сёньня а 16 гадзіне судзьдзя Натальля Аляхновіч агалосіць, ці прызнаў суд Васільева хабарнікам.
XS
SM
MD
LG