Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Дашкевіч ратуецца чорным хлебам з алеем


Зьміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў

Зьміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў

Спатканьне Эдуарда Лобава з маці зноў адкладаецца.

Вязень гарадзенскай турмы Зьміцер Дашкевіч для барацьбы з пачуцьцём голаду ўжывае чорны хлеб з алеем.

Зьміцер Дашкевіч напісаў жонцы пра недахоп харчаваньня ў турме. «Ён не скардзіцца, а проста піша, як ёсьць. Што даводзіцца падсілкоўвацца чорным хлебам з алеем, інакш не ўратавацца ад пачуцьця голаду», — паведаміла Наста Дашкевіч карэспандэнту Свабоды.

«Каб адчуваць нейкае пачуцьцё сытасьці ўвечары, людзі ў турме насамрэч, як піша Зьміцер, ядуць чорны хлеб і запіваюць яго алеем. Гэта толькі каб адчуваць сябе сытней. І сапраўды — там жа няма ежы, адкуль ёй ўзяцца, калі перадач няма і колькасьць грошай на ежу ў турэмнай краме абмежавана 100 тысячамі. Вось я ведаю, што ён на гэтыя 100 тысяч набывае алей і цыбулю. Варта адзначыць, што ён не падае гэта як нейкую бядоту, як праблему. Ну, факт ёсьць факт. Піша, што яму яшчэ пашанцавала, бо ў 30-ыя гады палітзэкі хлеб вадой запівалі. Ён мяркуе, што час ягоных смачных страваў наперадзе і высылае мне розныя рэцэпты».

Наста Дашкевіч паведаміла, што ў лістах Зьмітра ўжо атрымала некалькі рэцэптаў смачных страў, якімі яна скарыстаецца, калі ён выйдзе на волю.

Зьмітра Дашкевіча трымаюць ў гарадзенскай турме. Лідэр Маладога фронту быў асуджаны спачатку на 2 гады зьняволеньня нібыта за хуліганства, потым яму далі яшчэ год і зьмясьцілі ў турму як злоснага парушальніка рэжыму.

Эдуард Лобаў, якога судзілі разам з Дашкевічам гэтаксама нібыта за хуліганства, не змог на гэтым тыдні пазваніць дамоў, каб паведаміць, калі у іх з маці будзе доўгатэрміновае спатканьне. Таксама ад Эдуарда няма лістоў. Падчас апошняга званка дамоў палітвязень казаў маці, што яго могуць пакараць пазбаўленьнем спатканьня.

Эдуард Лобаў асуджаны на 4 гады зьняволеньня, якія адбывае ў Івацэвіцкай калёніі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG