Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парфянкоў: Барацьба працягваецца


Выйшаў на волю фігурант справы аб масавых беспарадках 19 сьнежня 2010 году Васіль Парфянкоў.

«Барацьба працягваецца. Ніякім чынам не паўплывала гэтая адсідка — якім быў, такім і застаўся. Стаў яшчэ больш загартаваным на далейшую барацьбу», — заявіў Парфянкоў у першым інтэрвію Свабодзе на волі.

«Заўжды нейкая эўфарыя, калі выходзіш адтуль. Ужо ніхто ня будзе крычаць зранку „пад’ём“, а вечарам — „адбой!“», — кажа Парфянкоў.

«Я не зрабіў нічога злачыннага, каб зьяжджаць адсуль. Гэта мая краіна, мой народ, таму я тут», — заявіў былы палітвязень, адказваючы на пытаньне, ці ня зьедзе ён за мяжу.


Парфянкоў кажа, што з сукамэрнікамі ў яго былі нармалёвыя стасункі. Сядзельцы арыштнага дому абураліся, маўляў «Беларусь — такая краіна, дзе ўсё душаць».

Парфянкоў адказваў ім на гэта: «А што вы зрабілі, каб у Беларусі жылося лепей? Задайце сабе такое пытаньне».

Пра жыцьцё ў арыштным доме: «Схапіў пару парушэньняў, але абыйшлося без ізалятару — толькі вымовы». Наракае, праўда, што па два тыдні да яго не даходзілі лісты з волі.

На пытаньне, «чаго зараз найбольш хочацца», Парфянкоў усьміхнуўся і адказаў: «У ванну».

Былога палівязьня сустракала два дзесяткі чалавек: правабаронцы ды грамадзкія актывісты.

Улетку 2012-га Парфянкова асудзілі на 6 месяцаў арыштнага дому за парушэньне правілаў адбыцьця хатняга прафіляктычнага нагляду. Гэты нагляд быў накладзены на Парфянкова за ўдзел у 2011 годзе ў акцыях салідарнасьці з палітвязьнямі.

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. супрацоўнічаў з кампаніяй «Гавары праўду», быў актывістам штабу Ўладзімера Някляева. Браў удзел у акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 г. Быў затрыманы 4 студзеня 2011 г. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Да суду знаходзіўся ў сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Менску.

17 лютага судзьдзя Фрунзенскага суду Менску Вольга Комар асудзіла Парфянкова на 4 гады зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму. Таксама ён мусіў кампэнсаваць страты — 14 мільёнаў 700 тысяч рублёў за нібыта пашкоджаны будынак. Грошы на штраф сабралі салідарныя з палітвязьнем людзі.

Адбываў пакараньне ў Аршанскай калёніі № 8. Яго вызвалілі з калёніі 13 жніўня 2011 году.

Васіль Парфянкоў. Партрэт на фоне кратаў

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG