Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сініца ў руцэ


Яшчэ малады векам, але ўжо сталы зьместам сваіх публікацый палітоляг, дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман у артыкуле «Палітычныя вынікі-2012: застойны, але ўнікальны год» прыйшоў да цікавай высновы: «Супраць пераменаў у краіне толькі адзін чалавек».

Ад самага пачатку хацеў бы зазначыць, што ў ХХІ стагодзьдзі такое немагчыма ў прынцыпе. З пэўнай доляй дапушчэньня падобную сытуацыю яшчэ можна ўявіць у нейкія старажытныя часы, прыкладам, у сярэднявеччы, калі адзіным тыпам легітымнасьці была традыцыя, улада манарха была сакральнай, бо ён атрымліваў яе, на думку грамадзтва, ад Бога. Цяпер жа любы дыктатар павінен мець калі не падтрымку большасьці, то нейкую моцную сацыяльную апору, зацікаўленую ў існаваньні статус-кво.

Сп. Прэйгерман разьвівае сваю думку: «Каб гэта ўбачыць, бегла пазначым інтарэсы асноўных грамадзкіх груп: апазыцыя, бізнэс, кіраўнічая эліта і простае насельніцтва», — піша ён.

Наконт апазыцыі спрачацца ня будзем. На тое яна і апазыцыя, каб хацець зьмены ўлады. А вось з астатнімі сацыяльнымі групамі ўсё складаней.

Пачнём зь бізнэсоўцаў. Сп. Прэйгерман піша:

«Бізнэсу патрэбна макраэканамічная стабільнасьць, мікраэканамічная лібэралізацыя і абарона правоў уласнасьці. У той ці іншай ступені гэтыя інтарэсы характэрныя для ўсіх катэгорый бізнэсу: малога, сярэдняга, буйнога, рэгіянальнага, прыдворнага і г.д. Пры гэтым важна разумець, што ў палітычнай сыстэме, якая існуе сёньня, рэалізацыя гэтых інтарэсаў немагчымая. Каб іх забясьпечыць, Аляксандар Лукашэнка павінен быў бы адмовіцца ад істотнай часткі сваёй неабмежаванай улады. То бок фактычна атрымліваецца, што ўвесь бізнэс Беларусі, для рэалізацыі сваіх натуральных інтарэсаў, таксама мае патрэбу ў зьмене палітычнай сыстэмы».

Падаецца, гэта трохі ідэалістычны погляд на інтарэсы бізнэсоўцаў. Усясьветны досьвед існаваньня шматлікіх алігархічных рэжымаў паказвае, што дыктатура і бізнэс — цалкам сумяшчальныя рэчы. Буйныя прадпрымальнікі выкарыстоўваюць аўтарытарную ўладу для ліквідацыі канкурэнтаў, забесьпячэньня манаполіі над рынкамі. Наўрад ці, напрыклад, сп. Чыж хоча зьмены палітычнай сыстэмы. Бо блізасьць да прэзыдэнта гарантуе доступ да найбольш прыбытковых сфэраў, скажам, да нафтавага бізнэсу. Беларускі бізнэс інтэграваны ў сыстэму. А лібэралізацыя створыць канкурэнцыю, якая яму не патрэбная.

Яўген Прэйгеман
Яўген Прэйгеман
Зразумела, ёсьць рызыка сесьці ў турму. Як гэта здарылася з старшынёй назіральнай рады ЗАТ «Трастбанк» Віктарам Шаўцовым. Дый Чыж у свой час пасядзеў колькі дзён. Але бізнэсоўцы — гэта рызыканты паводле сваёй прафэсіі. І, як пісаў калісьці Карл Маркс, калі ім сьвеціць прыбытак у 300%, то няма таго, цераз што прадпрымальнік ня мог бы пераступіць.

Наступная грамадзкая група — намэнклятура. Далей сп. Прэйгерман кажа:

«Кіраўнічая эліта хацела б трансфармацыі сваёй адміністрацыйнай улады, як мінімум, у эканамічную (прыватызацыі на яе карысьць і забесьпячэньня правоў уласнасьці, а таксама рознага роду рэнтаў). А як максымум — у палітычную (гісторыя зь „Белай Русьсю“ таму прыклад)».

Магчыма, што частка гаспадарчай эліты, дырэктарату сапраўды хацела б прыватызацыі прадпрыемстваў, якімі яны кіруюць. Але наколькі моцныя гэтыя памкненьні? На пачатку 1990-х гадоў беларуская кіроўная эліта на чале з Кебічам мела поўную магчымасьць прыватызаваць дзяржаўную маёмасьць, паўтарыць тое, што зрабіла намэнклятура ў Расеі і Ўкраіне. У іх была ўся ўлада. Але гэтага не адбылося. І, нягледзячы на перадвыбарчыя выкрыцьці Лукашэнкі наконт «прыхватызацыі», на момант яго прыходу да ўлады 80% уласнасьці заставалася дзяржаўнай.

А што тычыцца чыноўнікаў з выканаўчай вэртыкалі, апарату міністэрстваў, то яны больш зацікаўленыя ў захаваньні статус-кво. Бо кіраваньне дзяржаўнай маёмасьцю дае магчымасьць атрымліваць сваю рэнту, пра што сьведчаць рэгулярныя крымінальныя справы адносна намэклятуршчыкаў. А калі прыватызацыя, то чым жа яны будуць кіраваць?

Выкажу спрэчную думку. Апэтыты беларускай намэнклятуры параўнальна сьціплыя. Пра гэта сьведчаць памеры хабару, якія ўсплываюць на судовых працэсах. Дом у Драздах, шыкоўны аўтамабіль ды швайцарскі гадзіньнік на руцэ. Гэтым іхнія мары і абмяжоўваюцца. А дзеля гэтага няма патрэбы мець вялікі ўласны бізнэс.

Я ўжо не кажу пра супрацоўнікаў шматлікіх сілавых структур, якія ў фаворы менавіта пры гэтай уладзе і не зацікаўленыя ані ў якіх зьменах.

Сп. Прэйгерман працягвае:

«А чаго ж хацелі б простыя грамадзяне? А яны хацелі б даходу, які стабільна расьце (а ня росту ў гады выбарчых кампаній і падзеньня ў гады бяз выбараў). Апошнія гады прадэманстравалі, што беларуская эканамічная мадэль у цяперашнім выглядзе ня можа забясьпечыць простым грамадзянам нармальны і ўстойлівы рост даходаў. Гэтага ў пэрспэктыве можна было б дамагчыся толькі ў выніку ўсё тых жа макраэканамічнай стабілізацыі, мікраэканамічнай лібэралізацыі і прыватызацыі. А гэтыя -зацыі, як мы ўжо высьветлілі, несумяшчальныя зь неабмежаванай палітычнай уладай прэзыдэнта».

Справа ў тым, што ад лібэралізацыі і прыватызацыі ня могуць выйграць усе. Шмат хто і прайграе. Рынкавыя рэформы прывядуць да банкруцтва ня толькі многіх нерэнтабэльных прадпрыемстваў, але і цэлых галін эканомікі (напрыклад, сельскай гаспадаркі), якія цяпер штучна падтрымліваюцца дзяржавай. Паводле апытаньняў НІСЭПІ, супраць прыватызацыі буйных прадпрыемстваў выступае абсалютная большасьць насельніцтва. Напрыклад, продаж «Белтрансгаза» ўхваліла толькі 15% грамадзян.

Таму насамрэч, хоць большасьць і хоча перамен, але ў рэальнасьці ўсё значна складаней. Асноўная частка насельніцтва так ці інакш інтэграваная ў цяперашнюю мадэль. І шмат хто аддае перавагу сініцы ў руцэ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG