Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы вязень: «Зэкаўская традыцыя чыфірыць паступова адыходзіць»


Галоўная тэма праграмы — атрыбуты і традыцыі беларускага турэмнага жыцьця. Зь сёньняшнімі яе ўдзельнікамі — былым палітвязьнем, маёрам міліцыі ў адстаўцы Сяргеем Парсюкевічам, былым вязьнем сумленьня, доктарам мэдыцыны Юрыем Бандажэўскім, нядаўна вызваленым з калёніі Сяргеем — мы будзем гаварыць пра зэкаўскую конаўку («кругаль») і пра тое, што значыць для арыштантаў гарбата.


А пачнём праграму з апошніх чытацкіх допісаў. Падставай для іх сталі працытаваныя намі ў адной з апошніх праграмаў радкі з турэмнага дзеньніка колішняга вязьня СІЗА КДБ, асуджанага Наваполацкай калёніі Ігара Аліневіча пра «амэрыканку» («Амэрыканка... калі-небудзь тут будзе музэй»), а таксама расказы пра музэй КДБ у Вільні і музэй-турму «Штазі» ў Бэрліне.

Якія лыжкі выдаюць вязьням на «Валадарцы»?

Многія з чытачоў і слухачоў праграмы ўхваляюць ідэю стварыць музэй турмы.

Міхал зь Берасьця напісаў:

«Нам таксама неабходны такі музэй, як музэй турмы „Штазі“ ў Бэрліне. Мы ўсе павінны ўбачыць на свае вочы, у якіх умовах і як здабываюцца паказаньні нашымі „доблеснымі“ праваахоўнымі органамі і як потым гадамі калечаць здароўе людзей у калёніях! Мы ня ведаем гэтага, а ведаць павінны, бо заўтра за кратамі можа апынуцца кожны з нас».

Сярод чытацкіх прапановаў адносна экспанатаў будучага музэю сустракаюцца і такія. Наведнік сайту INK:

«Магу прапанаваць для будучага музэю хлябала бяз ручкі, што выдаюць на „Валадарцы“ замест нармальнай лыжкі. Зэкі вымушаныя рабіць ручкі з падручных матэрыялаў. Ручка ад станка брытвы або проста палачка — усё гэта прыкручваюць ніткамі. Жадаю ўсёй сям’і Лу есьці баланду такімі лыжкамі».

Аўтар яшчэ аднаго камэнтара, Юрась Навіцкі, адзначае, што падобная ідэя — пра інтэрнэт-музэй таталітарызму — прыйшла да яго значна раней, чым пра яе загаварылі ў праграме «Свабода ў турмах»:

«Падмуркі інтэрнэт-музэю таталітарызму былі закладзеныя амаль два гады назад, падчас выставы салідарнасьці 19.02.11. На жаль, падтрымкі ў грамадзтве ці ў палітычных партыях ён не знайшоў. Вось ягоныя экспанаты:


Турэмная ялінка Таполі


Затым цягам году экспанавалася міжнародная выстава турэмных малюнкаў. Вось яна:





І, нарэшце, акрэсьцінская экспазыцыя:



Здавалася б, матэрыялаў для пачатку больш чым дастаткова. Журналісты Радыё Свабода (дый ня толькі яны) упарта гэнага не заўважаюць))) А шкада, бо для грамады рабілася».

Чытач падкрэсьлівае, што ён шмат пісаў пра гэта, таксама «паказаў, як стварыць музэй таталітарызму — зрабіць на прыкладзе акаўнтаў у Фэйсбуку і ЛіўДжорнэле», аднак «карысны досьвед у справе стварэньня такога інтэрнэт-музэю ніхто не выкарыстоўвае».

Цалкам згодныя з аўтарам гэтых радкоў. Тое, што зроблена ім, сапраўды, і важна, і цікава. Тым, хто ня бачыў гэтага інтэрнэт-праекту, раім паглядзець. Спадзяемся, што досьвед спадара Навіцкага будзе скарыстаны. Адзначым, зрэшты, што наша праграма ані не прэтэндуе на пальму першынства ў гэтым пытаньні. Мы проста канстатуем, што ідэя стварэньня музэю турмы знаходзіць падтрымку сярод большай часткі чытачоў і слухачоў нашай досыць спэцыфічнай праграмы. Таксама за яе выказалася крыху болей за палову ўдзельнікаў нашага апытаньня (пераважна жанчыны), праведзенага «Свабодай у турмах» на вуліцах беларускіх гарадоў.

Сяргей Парсюкевіч — пра «кругаль» ды іншы «тэарэтычны посуд»

Сяргей Парсюкевіч

Сяргей Парсюкевіч

Былы палітвязень, пэнсіянэр МУС Сяргей Парсюкевіч перакананы, што музэй турмы «пры цяперашняй уладзе — тое, што дзейны «Асьвенцім» ...

«Вядома, я ўтрырую, — адзначае наш суразмоўца, — але далёка не на 100%. Вось калі гэтая эпоха скончыцца, тады і абмяркоўваць гэтую тэму будзе можна».

Паводле былога палітвязьня, калі сёньня штосьці і абмяркоўваць у гэтым кірунку, то, хутчэй, пытаньне арганізацыі экскурсій у турмы, як гэта робіцца ў шмат якіх іншых краінах. Аднак...

Парсюкевіч: «Калі б мне прапанавалі экскурсію туды, дзе я сядзеў, — шчыра кажучы, ня ведаю. Вялікага жаданьня проста паглядзець, што там і як, у мяне няма. Бо тое, што там адбывалася са мной, — на 99,99% гэта быў нэгатыў. Іншая справа — навесьці там парадак або зрабіць некалькі іншы прынцып знаходжаньня там для тых, хто неяк спатыкнуўся. Гэтага б я хацеў (сьмяецца). Але зрабіць туды экскурсію самому — такога жаданьня ў мяне няма».

Для гіпатэтычнага музэю былы палітвязень мае наступны экспанат:

Парсюкевіч: «Пра той час у мяне засталася матэрыяльная памятка. Я нават не імкнуўся яе пакідаць, але так атрымалася. На зонах выдаюць алюмініевыя конаўкі для піцьця, якія на слэнгу называюць „кругаль“. Карыстацца імі можна тэарэтычна. Ну, уявіце сабе сытуацыю, калі ў алюміній наліваюць кіпень і ты бярэш гэта рукамі... Што адбываецца? Апёк пальцаў. А калі гэта, крый божа, паднесьці яшчэ і да вуснаў, то будзе апёк вуснаў. Зразумела, можна пачакаць, калі конаўка астыне, або абматаць яе. Але калі гэта прыватная ўласнасьць — дарэчы, я за гэты „кругаль“ заплаціў, бо там вылічваюць грошы і за той тэарэтычны посуд, і за тэарэтычную вопратку — за ўсё, — дык у такім выпадку „кругаль“ абмотваюць ці тканінай, ці яшчэ нечым. Узяць гэта ў рукі — тое ж, што сунуць пальцы ў кіпень. Была сытуацыя, калі ў Шклове на карантыне нас прыводзілі на прыём ежы, нам налівалі ў такую конаўку кісель — наўпрост з пліты. У выніку такі кісель ніхто і ня піў...»


Сяргей Парсюкевіч упэўнены, што падобны «тэарэтычны посуд» выдаецца ў турмах толькі дзеля таго, каб чарговым разам прынізіць чалавека. Зразумела, прыніжэньне не вычэрпваецца толькі гэтым.

Парсюкевіч:«Але будзем працягваць на прыкладзе той жа зэкаўскай конаўкі. Я ведаю, што ў нашым віцебскім СІЗА вось такія конаўкі вязьні цэлымі днямі чысьцяць. Гэта, як лічыць адміністрацыя, трэба дзеля таго, каб зэкам было чым заняцца. Давайце ўявім сабе: колькі трэба працы, каб гэтая конаўка з дапамогай газэты зазіхацела? Што да іншага посуду... Талеркі ды лыжкі ў сталоўцы — такія алюмініевыя. Лыжкі бяз ручак. Уявіце сабе, як імі можна есьці?

Але вернемся да «кругаля». У ім кіпяцяць усё. Напрыклад, каб пагаліцца. Ну, зразумела, зрабіць галоўны зэкаўскі напой — гарбату або чыфір. У «кругалі» можна закіпяціць ваду нават без электрычнасьці. Робяцца такія спэцыяльныя прыстасаваньні. Чымсьці абмотваюць, і тады зьнізу факеламі грэюць, напрыклад, з той жа паперы. Былі моманты, калі электрычнасьці не было, аднак асабліва здольныя кіпяцілі ваду такім чынам«.

Былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч возьме ўдзел і ў нашых наступных праграмах. Цяпер жа больш падрабязна пра галоўны зэкаўскі напой.

Юры Бандажэўскі: «Ад чыфіру больш шкоды, чым карысьці»

Юры Бандажэўскі

Юры Бандажэўскі

Як піша ў сваёй кнізе пра выжываньне ў турме доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі, «традыцыйна гарбата для арыштанта — гэта ня проста напой, а сталы спадарожнік, адзін з асноўных інструмэнтаў арганізацыі жыцьця ў няволі. За гарбатай у вязьніцы абмяркоўваюцца ўсе актуальныя пытаньні». Юры Бандажэўскі ўзгадвае, як ён за кратамі разам зь іншымі сядзельцамі правеў экспэрымэнт, каб вызначыць вартасьць розных гатункаў гарбаты. Падрабязьней пра экспэрымэнт у аўдыёвэрсіі нашай праграмы.

Дарэчы, на пытаньне, ці даводзілася яму самому ўжываць чыфір і як ён ставіцца да гэтага напою, прафэсар адказаў:

Бандажэўскі: «Сам я спрабаваў піць чыфір, калі трапіў у турму. Пасьля яго сапраўды ў першую гадзіну адчуваеш прыліў сіл, знаходзісься на эмацыйным уздыме (выкід вялікай колькасьці мэдыятараў у кроў), але затым наступае дэпрэсіўны стан, адчуваеш сябе маральна прыгнечаным яшчэ больш, чым раней. Мабыць, гэта падахвочвае людзей зноў і зноў шукаць магчымасьці выпіць гэты напой. Я ня стаў працягваць экспэрымэнты на сабе і больш не ўжываў яго. Дадам, аднак, што ў кожнага чалавека розны стан здароўя. Ёсьць людзі, якія здольныя выносіць звышлімітавыя ўзьдзеяньні хімічных, фізычных і біялягічных фактараў на свой арганізм. Але такіх людзей адзінкі. Што тычыцца чыфіру, то большасьць арыштантаў, якія знаходзіліся ва ўмовах псыхалягічнага стрэсу і стала ўжывалі гэты напой, атрымлівалі больш шкоды, чым карысьці».

Сяргей: «На працягу стагодзьдзяў зэкі лічылі гарбату сьвятым напоем»

Былы асуджаны Сяргей, які нямала год правеў за кратамі, сьведчыць, што, сапраўды, у турме ўсё круціцца вакол гарбаты. Усе важныя пытаньні зэкі заўсёды вырашалі за кубкам з чыфірам, які традыцыйна ідзе па коле. Цяпер выглядае, што чыфір паступова адыходзіць у гісторыю.



«Чыфір — гэта моцны энэргетык, але не наркотык, — кажа Сяргей, які доўгі час ужываў наркотыкі. — Хаця, — дадае ён, — і на чыфір можна падсесьці».

Сяргей: «Усе падсаджваюцца. У тым сэнсе, што калі гарбату ня п’еш, хутка пачынае галава балець.Пакуль ізноў не пап’еш. Крывяны ціск мяняецца. Такая залежнасьць толькі. Гэта не наркотык, кажу як чалавек дасьведчаны. Чыфірная традыцыя ідзе з часоў царскай Расеі, ад катаржанаў, якія такім напоем ратаваліся ад холаду.

Цяпер жа гэта проста традыцыя і гісторыя. П’юць яго ня дзеля кайфу — проста сабраліся, селі разам у кола. Прыкладна па 3–4 разы на дзень. А залежнасьць ёсьць».

Параўноўваючы арыштантаў 90-х, нулявых зь цяперашнімі, Сяргей адзначае, што стаўленьне новага пакаленьня беларускіх сядзельцаў да гарбаты — іншае, чым у «старажылаў».

Сяргей: «Увогуле, гарбата на працягу стагодзьдзяў лічылася сярод зэкаў сьвятым напоем. На гэтым напоі шмат крыві, бо раней яго забаранялі. Яшчэ ў 1990-я многіх вязьняў за гарбату і чыф жорстка каралі, нават у карцэр зьмяшчалі. Так тады змагаліся з турэмнымі традыцыямі... Цяпер шмат што зьмянілася. За кратамі шмат моладзі, якая традыцыяў ня ведае. Яны п’юць звычайную гарбату з пакецікаў і закусваюць цукеркамі...»

Паводле Сяргея, тых, хто чыфірыць, засталося вельмі мала:

«Ну, а старыя рэцыдывісты, — працягвае ён, — па-ранейшаму: прачнуліся — заварылі. Акрамя таго, цяпер у турмах разэткі — неабходнасьці варыць на агні няма. Праўда, у мэтах эканоміі ў турмах на працяглы час днём і ўначы вырубаюць сьвятло. Таму зэкі запасаюцца „дровамі“. Бяруць вялікія конаўкі, каб заварыць на ўсю банду. Як заварваецца? На факеле, у алюмініевай конаўцы. Для конаўкі робяць такі абадок зь пяцелькай, каб падвязаць яе на кранік там, дзе прыбіральня, каб у вочка не было бачна. Засыпаецца гарбаты нармальная такая жменя. Я ніколі ня мераў ані карабкамі, ані чым. Са 100 грамаў — гэта прыкладна чатыры заваркі атрымліваецца. Факелаў — вялікая колькасьць. Можна ўзяць сала, зрабіць такую сьвечку, але гэта курыць. Лепш за ўсе так званыя вафэльныя ручнікі — яны ўвогуле бяз дыму. Заварваецца, гарбата добра падымаецца. Яе перамяшаў — яшчэ раз закіпяціў. Трэба, каб на гарбаце добрая шапачка была, каб прапарылася добра. Потым гэта ўсё ў конаўцы кілішнуць трэба. Ну, а потым конаўка — „кругаль“ ганяецца па коле, і кожны па чарзе зь яе адпівае. Падчас такога рытуалу вырашаюцца розныя справы. Зразумела, кантралёры ловяць. Пішуць рапарты. Адміністрацыя карае. А зэкі вараць, вараць і вараць».

Спэцыяльна для праграмы — і, хто ведае, можа і для музэю турмы — супрацоўнікі «Плятформы» Мікіта Ліхавід і Алена Красоўская-Касьперовіч паказалі, як гатуецца чыфір.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG