Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я скрала 1.5 літра малака... А як інакш пражыць на 1.5 мільёна?»


У Быхаўскім раёне, што на Магілёўшчыне, чатырох даярак асудзілі за крадзеж дзесяці літраў малака. Жанчыны павінны выплаціць штрафы па мільёну кожная. На судовым паседжаньні даяркі даводзілі, што іхны заробак мізэрны, таму яны мусяць красьці, каб пракарміць сем’і.

Затрымалі даярак падчас міліцэйскага рэйду. Судзілі іх на выязным судовым паседжаньні ў Ямніцкім сельскім савеце. Сваю віну жанчыны прызналі. Адна зь іх патлумачыла «Свабодзе», чаму наважылася на крадзеж.

«Мой сярэдні заробак за той месяц склаў мільён шэсьцьсот дваццаць тысяч рублёў. У астатніх дзяўчат — мільён трыста. Я скрала паўтара літра малака, і мне штрафу далі мільён. Так, я дрэнна паступіла. Мне сорамна за гэта, але мне не хапае гэтага заробку. Як бачыце, як мы пражылі? Пражылі мы на мільён! Я заплачу гэты мільён, але буду сядзець бяз хлеба. Ладна, ужо як-небудзь».

На судзе яшчэ адна даярка заяўляла, што крала малако, каб пракарміць дзяцей. Як кажуць даяркі зь вёскі Ямное, заробкі ў іх малыя, бо расцэнкі на малако мізэрныя.

Старшыня сельгаспрадпрыемства «Валадарскі» Сяргей Акуленка заяўляе, што заробкі ў даярак прымальныя.

«Два мільёны шэсьцьсот пяцьдзясят рублёў у нас сярэдні заробак. Ну, калі яны папаліся, то ім жа трэба нешта казаць было. Вось і казалі, што заробкі малыя. Іх жа папярэджвалі, каб малако ня кралі. Няхай выпісваюць. Народ жа, ён хоча сабе бліжэй. Яны там усе такія. Калі ж іх выгнаць, то больш няма каму будзе даіць».

Як сьцьвярджаюць асуджаныя даяркі, заробкі ў іншых гаспадарках раёну такія ж, як і ў іх. «І калі там ня выявілі крадзяжоў, дык гэта толькі пакуль», — кажуць яны.

У сельгаспрадпрыемствах Горацкага раёну даяркі атрымліваюць ня больш, чым у быхаўскіх. Пра гэта кажуць тамтэйшыя работнікі.

Прыпіскі паўсюль. Паводле тых зьвестак, якія выдаюцца на райвыканкам, заробкі павінны быць цудоўныя

«Заробак таксама паўтара мільёна. Заробак у мэханізатараў — мільён васямсот. Была пасяўная, уборачная — заробак быў два мільёны, два з паловай. Прыпіскі паўсюль. Паводле тых зьвестак, якія выдаюцца на райвыканкам, заробкі павінны быць цудоўныя. Няма ў нас зьніжак ніякіх на тое, каб нешта выпісаць. І малако — „Экстра“, але чаму заробкі малыя, мы ня ведаем», — кажа даярка з Горацкага раёну.

Аляксандар Лукашэнка неаднойчы выказваўся на тэму заробкаў у сельскай гаспадарцы. У 2006 годзе на сустрэчы з расейскімі журналістамі кіраўнік дзяржавы заявіў, што заробкі ў беларускіх даярак сягаюць 600 даляраў. У 2011 годзе, паводле прэзыдэнта, заробкі на фэрмах вырасьлі да 700–800 даляраў. Ягоныя словы «Сёньня на фэрму ня зойдзеш. Даярка ня пусьціць. Гэта яе гаспадарка. Яна там атрымлівае 700–800 даляраў» выклікалі неадназначную рэакцыю ў грамадзтве.

Андрэй Юркоў
Андрэй Юркоў
Эканаміст Андрэй Юркоў кажа, што ў рэгіёнах ёсьць гаспадаркі, дзе даяркі маюць добрыя заробкі, аднак такія выпадкі адзінкавыя. На бальшыні ж фэрмаў зарплаты мізэрныя. Паводле эканаміста, кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў не рызыкуе прыпісваць валавыя паказьнікі, а вось з заробкамі прасьцей:

«Начальства мусіць выбіраць. Вядома, для іх лепей прыпісаць заробак. На паперы ўсё прыгожа будзе, але ж колькі чалавек рэальна працуе на той заробак — гэта цяжка сказаць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG