Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома пра заўчасную трагічную сьмерць Арцёма Грыбкова, былога палітвязьня, які за ўдзел у мітынгу 19 сьнежня 2010 году быў асуджаны на 4 гады зьняволеньня.

Пра сьмерць Арцёма Грыбкова карэспандэнту «Свабоды» паведаміла Арцёмава ўдава Сьвятлана.

«Справы дрэнныя. Арцём у нас загінуў. Разьбіўся на машыне. За горадам. Гэта было 13 сьнежня».

Падрабязнасьцяў трагедыі Сьвятлана не паведаміла. Сказала, што ня хоча розгаласу.

8 лютага цётка Грыбкова Людміла Данько пацьвердзіла факт сьмерці пляменьніка і сказала, што падрабязнасьцяў сама ня ведае. У Карэлічах жыве маці Арцёма Грыбкова Натальля, але злучыцца зь ёй не ўдалося. Паводле Людмілы Данько, маці пасьля бяды з сынам пачуваецца вельмі дрэнна:

«Яна вам нічога ня скажа, не турбуйце яе. Яна ўвесь час плача, нават паміж сабой мы ня можам гаварыць. Яе павінны пакласьці ў шпіталь».

Арцём Грыбкоў нарадзіўся 6 студзеня 1989 году ў Карэлічах. Вучыўся ў Менскім каледжы лёгкай прамысловасьці, у мастацкай вучэльні ў Міры. У 2008 годзе скончыў вучэльню будаўнікоў у Карэлічах. У палітычных партыях і рухах ня ўдзельнічаў.

Затрымалі яго 19 сьнежня 2010 году на плошчы Незалежнасьці пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў. Сьвятлана Юронак, якая пасьля вызваленьня Арцёма стала яго жонкай, згадвала, як яны бачыліся за паўтары гадзіны да ягонага затрыманьня. Што сустрэліся пасьля працы — ён рабіў тады ў гандлёвым цэнтры «Гіпа» — прапаноўваў пайсьці пагуляць, але яна была стомленая і накіравалася дамоў. А потым званок ад яго: «Усё, Сьвета. Мяне ўжо забралі».

У кнізе «Адзін дзень палітвязьня 2009–2011» Арцём Грыбкоў казаў, чаму пайшоў на Плошчу:

«Я сачыў за тымі грамадзкімі і палітычнымі падзеямі, якія адбываюцца ў краіне, але ні ў якіх палітычных структурах ня ўдзельнічаў. На Плошчу прыйшоў таму, што хацеў туды прыйсьці. І гэтым хацеў сказаць, што разумею, што ў нашай краіне ня так усё добра, як паказвае тэлебачаньне. Лічыў і лічу, што ў нас вельмі шмат годных людзей, і чаму б мне было і не пабыць у адной кампаніі з прыстойнымі людзьмі».

Судзілі Арцёма Грыбкова разам з былым кандыдатам на прэзыдэнта Міколам Статкевічам ды з удзельнікамі мітынгу пратэсту Аляксандрам Класкоўскім, Дзьмітрыем Буланавым, Аляксандрам Квяткевічам, Андрэем Пазьняком. У апошнім слове Арцём Грыбкоў зьвярнуўся да судзьдзі Людмілы Грачовай: «Высокі суд! Страх праходзіць за некалькі хвілін, а пачуцьцё віны застаецца на ўсё жыцьцё. Перад вынясеньнем прысуду падумайце пра гэта». Судзьдзя Грачова асудзіла Грыбкова на 4 гады зьняволеньня.

На тым жа працэсе судзілі і былога кандыдата на прэзыдэнта Дзьмітрыя Вуса. Адно што спадар Вус не сядзеў у клетцы, бо ў яго была мера стрыманьня ў выглядзе падпіскі аб нявыезьдзе. Дзьмітрый Вус згадаў пра Арцёма Грыбкова, што той вылучаўся аптымізмам і цьвёрдасьцю пазыцыі: не віляў, не хістаўся, заўсёды казаў сваю праўду:

Дзьмітры Вус

Дзьмітры Вус

«Ужо тое, што ён прыйшоў на Плошчу, кажа пра тое, што ў яго былі ідэі. Ён прыйшоў сьвядома, бо хацеў перамен і гэтага не хаваў. Толькі за тое, што ён прыйшоў 19 сьнежня на Плошчу, я здымаю перад ім капялюш. Гонар яму і самыя добрыя словы».

Людміла Данько кажа, што аптымізм і мужнасьць, якія былі ўласьцівыя яе пляменьніку, ужываліся ў ім зь вельмі чульлівай душой і нават ранімасьцю, але ён гэтага не любіў паказваць. Людміла згадвае, што Арцём змалку захапляўся вершамі: шмат чытаў і сам хутка складаў рыфмы:

«Нават байкі мог пісаць. Вось нечым яго пакрыўдзілі, а ён пайшоў і тут жа напісаў пра тое, што адбылося. У яго рыфмавалася ўсё. Бо перажываў. Чалавек, які любіць паэзію, ня можа быць кепскім. Пра свае палітычныя погляды казаў, што была б гэтая ўлада ці іншая, ён бы заўсёды быў у апазыцыі. Мяркую, таму што малады. Але ён любіў, калі шумна. Любіў, калі шмат людзей, калі мітынг. Шмат чаго хацеў зрабіць. Такі быў адкрыты, ва ўсё верыў! Як галасаваў на мінулых выбарах? Ня ведаю. Ён сказаў, што як ён галасаваў, гэта хай застанецца пры ім. І мне сказаў, што магу не гаварыць, як галасавала, бо гэта асабістая справа кожнага чалавека».

З Бабруйскай калёніі, дзе Арцём Грыбкоў адбыў да памілаваньня некалькі месяцаў, ён дасылаў цётцы вершы. Тыя вершы, што былі ў лістах, захаваліся. «Але ён яшчэ адправіў на волю цэлы сшытак вершаў, дык сшытак не дайшоў, недзе ў міліцыі згубіўся», — згадвае Людміла. На просьбу «Свабоды» жанчына прачытала частку аднаго зь вершаў, якія засталіся ад Арцёма Грыбкова.

...Прачніся ж цяпер, мой народ, як калісьці.
Ці чуеш ты, стогне як маці-зямліца?
З маўчанак і тупату мала карысьці.
Свабоду каб мець, трэба з ворагам біцца.

Разгорнем сьцягі, засланяючы неба.
Трасіся у ложку, як ты не мужчына.
Каб дзецям тваім быў і хлеб і да хлеба,
Яна мне сказала, што гэта ўсё трэба.
Ты чуеш, нас кліча Айчына.


Па жаданьні сваякоў Арцёма Грыбкова пахавалі на радзіме ў Карэлічах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG