Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Коктыша адпусьцілі, як толькі ён аб'явіў галадоўку


Ігар Коктыш, фота з афіцыйнага сайту
Ігар Коктыш, фота з афіцыйнага сайту

Беларускага грамадзкага актывіста Ігара Коктыша, затрыманага нямецкай паліцыяй учора паводле інфармацыі Інтэрполу, прымусова давезьлі да мяжы з Польшчай і без тлумачэньняў адпусьцілі.

Ігар Коктыш распавёў у інтэрвію Радыё Свабода:

«Пад канвоем вывезьлі на мяжу. На мяжы канваіры адпусьцілі, а я ўжо самастойна даехаў да Шчэціна. Ніякіх папераў я не падпісваў, ні адваката, ні перакладніка мне не далі. Думаю, гэта было валявое рашэньне нейкага чалавека.

Яшчэ ўчора стаяла пытаньне: альбо мяне пасадзяць пад арышт ці мяне дэпартуюць ў Польшчу. Я сказаў, што калі яны зараз арыштуюць мяне, то я аб’яўляю галадоўку. Быў канец дня, дык яны вырашылі проста дэпартаваць. І безь ніякіх дакумэнтаў».

Ігар Коктыш цяпер знаходзіцца ў Шчэціне.

Учора намесьніка старшыні «Зьвязу для дэмакратыі ў Беларусі» Ігара Коктыша затрымалі ў Нямеччыне на патрабаваньне Інтэрполу. Ігар мае статус палітычнага ўцекача ў Польшчы, кіраваўся да сваёй сястры.

Ігар Коктыш эміграваў ва Ўкраіну у 2002 годзе, ратуючыся ад перасьледу ўладаў, там ажаніўся і стварыў свой рок-гурт. Улетку 2007 году, калі ён з жонкай быў на адпачынку ў Сэвастопалі, яго зьмясьцілі ў сымфэропальскі СІЗА. Беларусь патрабавала яго выдачы, абвінавачваючы ў забойстве. У СІЗА Коктыш знаходзіўся 2 гады і 7 месяцаў. 2 лютага 2010 году Ігар Коктыш выйшаў на свабоду на патрабаваньне Эўрапейскага суду па правах чалавека. Сам Ігар Коктыш такія абвінавачваньні абвяргаў і сьцьвярджаў, што гэта помста ўладаў за яго актыўную падтрымку апазыцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча, які тады балятаваўся на пасаду кіраўніка Беларусі. Пасьля гэтага Коктыш атрымаў палітычны прытулак у Польшчы, дзе займаецца актыўнай грамадзкай дзейнасьцю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG