Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 лютага ў судовым працэсе прагучала апошняе слова абвінавачанага — былога намесьніка старшыні Менгарвыканкаму.

Пра гэта карэспандэнту «Свабоды» паведаміла прэсавы сакратар Менскага абласнога суду Тацяна Цецяратнік. Паводле яе, абвяшчэньне прысуду адбудзецца ў адкрытым рэжыме.

Працэс над Ігарам Васільевым, які пачаўся ў канцы сьнежня, з 4 студзеня зрабілі закрытым. Нават судовыя спрэчкі прайшлі пры зачыненых дзьвярах, таму невядома, ці зьмяніў сваю пазыцыю абвінавачаны Ігар Васільеў, які раней вінаватым сябе не прызнаваў. Вядома толькі, што пракурор папрасіў для Васільева 15 гадоў зьняволеньня.

З той часткі працэсу, якая была адкрытай, вынікала, што Васільеву нібыта перадалі 250 тысяч даляраў хабару і столькі ж зьбіраліся перадаць пазьней.

Пры гэтым высьветлілася, што сьведка Васіль Ананьеў, які прынёс хабар у Менгарвыканкам, дзейнічаў пад кантролем КДБ і грошы былі не ад інвэстара, які нібыта жадаў «падмазаць» свой праект, а зь беларускага банку.

Таксама стала вядома, што сьведка Ананьеў напярэдадні перадачы хабару быў арыштаваны КДБ зусім у іншай справе.

Другі сьведка, Ігар Сьмятанін, абвінаваціў Ананьева ў судзе ў тым, што той навеў паклёп на Васільева, каб самому застацца на волі. Дарэчы, неўзабаве пасьля гэтых паказаньняў Сьмятаніна працэс закрылі. Паводле судзьдзі, гэта было зроблена, «каб вывучыць матэрыялы з сакрэтнымі апэратыўнымі зьвесткамі».
XS
SM
MD
LG