Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не перакормлівайце дзіця!


Амэрыканскія лекары б’юць трывогу. У амаль траціны амэрыканскіх дзяцей і моладзі празьмерная вага цела.

Упершыню ў гісторыі можна здарыцца, што сярэдняя працягласьць жыцьця амэрыканцаў паменшае. У першую чаргу — праз атлусьценьне наймаладзейшых пакаленьняў. Бо атлусьценьне, на жаль, не падаўжае жыцьця. Атлусьценьне забівае паволі, але дакладна — пашкоджваючы цела і яго органы з галавы да пят.

Тлушчавыя клеткі

Колькасьць тлушчавых клетак у арганізьме чалавека стабілізуецца напрыканцы падлеткавага ўзросту. Калі бацькі перакормлівалі дзіця, гэтых клетак будзе болей. Самі па сябе тлушчавыя клеткі ў арганізьме не зьнікаюць. Яны могуць паменшыць свой памер, калі чалавек худнее, але нікуды не падзенуцца.

Мозг

Атлусьцелыя дзеці больш схільныя да захворваньня на гэтак званую ідыяпатычную ўнутрычарапную гіпэртэнзію — павышэньне ціску вадкасьці вакол мозгу — якая спрычыняе моцны галаўны боль і паслабляе зрок.

Лёгкія

Складкі тлушчу ў грудной частцы цела могуць ціснуць на лёгкія і дыяфрагму, запавольваючы дыханьне і абмяжоўваючы пастаўку кіслароду ў арганізм. Атлусьцелае дзіця можа «задыхацца», нават стоячы нерухома. Атлусьцелыя дзеці ў 2-5 разоў больш схільныя да захворваньня на апноэ, то бок кароткачасовае спыненьне дыханьня, найчасьцей у сьне. У выніку гэтага захворваньня мозг атрымлівае менш кіслароду, што можа адбіцца на дзіцячых здольнасьцях засяроджваць увагу і вучыцца.

Сэрца

Празьмерная вага цела павялічвае агульны аб’ём крыві, якую даводзіцца пампаваць сэрцу. У атлусьцелых часьцей павялічваецца аб’ём мускула сэрца і зьяўляюцца адхіленьні ад нормы ў функцыянаваньні левага перадсэрдзя, што можа прывесьці да сур’ёзнага сардэчнага захворваньня. У атлусьцелых дзяцей ў два-тры разы ўзрастае рызыка набыцьця гіпэртэнзіі і павышанага ўзроўню халестэрыну ў крыві, што ў выніку можа прывесьці да інсульту або інфаркту.

Печань

Агульнае атлусьценьне павялічвае аб’ём печані, часта спараджаючы захворваньне «атлусьцелай печані». У кароткатэрміновай пэрспэктыве гэтае захворваньне выклікае пэрыядычныя болі жывата, заражэньні і стомленасьць. З часам яно стварае спрыяльныя абставіны для ўзьнікненьня цырозу, пячоначнай недастатковасьці і раку печані.

Падстраўнікавая залоза

У атлусьцелых часьцей выступае гэтак званая рэзыстэнтнасьць да інсуліну, гэта значыць, стан, калі падстраўнікавая залоза ня ў змозе вытвараць столькі інсуліну, колькі патрабуе арганізм. Недахоп інсуліну ў крыві выклікае дыябэт.

Жоўцевыя камяні

Атлусьценьне павышае рызыку ўзьнікненьня жоўцевых камянёў — цьвёрдых згусткаў халестэрыну ў жоўцевым пухіры. Раней жоўцевыя камяні толькі зрэдку ўзьнікалі ў арганізьме дзяцей. За пэрыяд 1980-1990 гг. колькасьць гэтых захворваньняў у дзяцей у ЗША патроілася.

Пласьцінкі росту

У дзяцей большасьць касьцей заканчваецца гэтак званай эпіфізарнай пласьцінкай — храстковым матэрыялам, які падаўжае косьць, калі арганізм расьце. У атлусьцелых дзяцей косьці і іх храстковыя заканчэньні часта аказваюцца заслабымі, каб падтрымаць празьмерную вагу цела, і дэфармуюцца пры росьце.

Індэкс масы цела

Прыблізную ацэнку таго, ці вага чалавечага цела зьяўляецца нармальнай, недастатковай або празьмернай, можна зрабіць пры дапамозе гэтак званага індэксу масы цела (ІМЦ), якія можна вылічыць, падзяліўшы масу цела чалавека (у кіляграмах) на ўзьведзены ў квадрат рост чалавека (у мэтрах).

Паказьнік індэксу масы цела быў распрацаваны бэльгійскім сацыёлягам і статыстыкам Адольфам Кэтэле яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі. У адпаведнасьці з рэкамэндацыямі Сусьветнай арганізацыі здароўя была прынятая наступная інтэрпрэтацыя індэксу масы цела:

ІМЦ Інтэрпрэтацыя

16 і менш - выразны дэфіцыт масы
16-18,5 - недастатковая маса
18,5-25 - норма
25-30 - залішняя маса
30-35 - атлусьценьне першай ступені
35-40 - атлусьценьне другой ступені
40 і больш - атлусьценьне трэцяй ступені (марбіднае)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG