Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У азначэньні «прававая дзяржава» заўжды хаваўся невялікі чарвячок нонсэнсу. Зусім мікраскапічны. Закон, як вядома, мусіць быць абавязковы для ўсіх. Але вось розьніцу паміж тым, каго забілі паводле закону, і тым, каго пазбавілі жыцьця насуперак яму, улавіць настолькі ж цяжка, як і адказаць на пытаньне, што вакол чаго круціцца: зямля вакол сонца ці сонца вакол зямлі. «Why then they are not dead, but dead they are» — дый зь зямлёй і сонцам усё ня так проста.

Што рабіць, напрыклад, калі спачатку сонца круцілася вакол зямлі, а потым яны памяняліся месцамі?

...«Называем, асуджаем, абвяшчаем цябе... нераскаяным, упартым і няўхільным ерэтыком. Таму... ты мусіш быць адлучаны, як мы цябе адлучаем ад нашае царкоўнае грамады і ад нашае сьвятое і беззаганнае царквы, міласэрнасьці якой ты ня варты. Ты мусіш быць адданы сьвецкаму суду, і таму мы аддаем цябе суду монсэньёра губэрнатара Рыму, каб ён пакараў цябе адпаведнаю карай, прычым молім яго, каб ён пажадаў зьмякчыць суворасьць законаў, і няхай будзе тая кара без забойства і наўмыснага калецтва... Загадваем, каб ад гэтага часу ўсе твае кнігі, якія знаходзяцца ў сьвятой службе і ў будучым трапяць у яе рукі, прылюдна разрываліся і спальваліся на плошчы сьвятога Пятра перад сходамі...»

Такімі словамі канчаўся прысуд, вынесены 8 лютага 1600 году ў Рыме бегламу манаху, паэту і філёзафу Джардана Бруна. Чалавеку, які так зацята аспрэчваў беззаганнае зачацьце, нібы сам пры гэтым са сьвечкай стаяў. Чалавеку, які адстойваў тэорыю Капэрніка пра геліяцэнтрычнасьць сьвету з самаадданасьцю касманаўта. Чалавеку, які лічыў, што Хрыстос зусім не хацеў ісьці за нас на крыжовую пакуту і адстрэльваўся да апошняга. Чалавеку, які цуды называў навукай, а навукова даказаныя факты — цудамі. Чалавеку, называць якога вучоным можа толькі дылетант, а называць дылетантам — толькі невук. Джардана Бруна, мáгу і чараўніку, сымбалю непераможнасьці асьветы, жывому ўвасабленьню свабоды думкі і непахіснасьці перакананьняў, нязломнаму мысьляру, якога загубілі крывавыя цемрашалы ў сутанах.

Крывавыя цемрашалы ў сутанах, зрэшты, перад гэтым цэлыя шэсьць гадоў спрабавалі намовіць Бруна адмовіцца ад асьветы, свабоды думкі і непахіснасьці перакананьняў — толькі б не даводзіць справу да такой жорсткай разьвязкі. Праўда, нюрнбэрскі працэс гісторыі на гэткія рэчы вырашыў не зьвяртаць увагі. Крывавыя цемрашалы дык крывавыя цемрашалы. Высьветлілася, што вэнэцыянец Мачэніга, які сем гадоў перад тым данёс на Бруна, ня хлусіў — што бывае з даносамі ня так ужо й часта. Джардана Бруна і праўда быў ерэтык і, згодна з законам, злачынец. Калі ўявіць сабе, што ў часы Мачэніга і інквізыцыі данос быў чымсьці кшталту грамадзянскай позвы — тагачаснае права проста абавязанае было ўключыцца і запрацаваць, інакш навошта ж яго яшчэ прыдумалі.

Прысуд, які нібыта маліў сьвецкія ўлады пра літасьць да злачынца і ерэтыка, у перакладзе з судова-бюракратычнай мовы азначаў, што недаверка спаляць на вогнішчы. Ні біскупы, ні монсэньёр губэрнатар ні на хвілю не засумняваліся ў тым, што робяць усё правільна. Бо падставаў для сумневу не было: і самому Бруна закон быў знаёмы, і яны самі зрабілі ўсё паводле закону, і наогул, кожнае дзіця ведае пра «дуралекс» і баіцца яго ня менш, чым бацькавай папругі. Праз чатырыста гадоў нехта з аўтарытэтных тэолягаў сказаў, што шкадуе пра вынесены Бруна прысуд, але назваць яго няправедным ён ну ніяк ня можа. Закон ёсьць закон, тады ён быў такі і ён адзін для ўсіх. Хіба ня гэтага мы ўсе і жадаем у нашым імкненьні да вяршэнства права? Бруна быў вораг царквы, ён гэтага не хаваў — а за гэта закон прадугледжваў вогнішча. Што рабіць. Дуралекс.

У цяперашняй Беларусі нязгодных і іншых ерэтыкоў таксама судзяць нібыта паводле закону. З усімі неабходнымі паперкамі, спасылкамі на артыкулы і іншымі даносамі. Праўда, у існаваньне закону на гэтых землях ня вераць ні тыя, хто на лаве падсудных, ні самі судзьдзі, ні шаноўная публіка. Дурных больш не засталося. Здаецца, інквізытары мінулага зь іхнымі вогнішчамі былі значна больш сумленнымі людзьмі за цяперашніх судзьдзяў на палітычных працэсах. І больш шчасьлівымі дакладна. Ім, прынамсі, ня трэба было так старанна рабіць выгляд, што яны судзяць вінаватага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG