Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі хочуць забараніць здымаць замежныя фільмы


Фільм GoldenEye здымаўся ў Расеі ў 1995 годзе. Новы законапраект можа зрабіць такія здымкі немагчымымі.

Фільм GoldenEye здымаўся ў Расеі ў 1995 годзе. Новы законапраект можа зрабіць такія здымкі немагчымымі.

У расейскі парлямэнт унесены законапраект «Аб кінэматаграфіі ў Расейскай Фэдэрацыі», які ўсталёўвае забарону на вытворчасьць у Расеі замежных фільмаў і ўводзіць патрабаваньні да інвэставаньня і складу здымачных групаў, паведамляе газэта «Ведомости».

Аўтар законапраекту, чалец думскага камітэту па культуры Дзьмітры Літвінцаў (ЛДПР), прапануе клясыфікаваць фільмы па спосабах стварэньня: нацыянальныя, замежныя і фільмы сумеснай вытворчасьці. «Праблема расейскага кінапракату складаецца ў тым, што з усіх дэманстраваных фільмаў 80-85% складаюць замежныя фільмы, у асноўным амэрыканскія, таму расейскі кінематограф не разьвіваецца, ён ня здольны вытрымаць канкурэнтную барацьбу з заходняй кінаіндустрыяй», — лічыць ён.

Дакумэнт прадпісвае, што нацыянальны фільм павінен здымацца на расейскай мове, «за выключэньнем выпадкаў, калі выкарыстаньне замежнай мовы зьяўляецца неад’емнай часткай мастацкай задумы». Замежныя інвэстыцыі ў вытворчасьць фільму не павінны перавышаць 40% каштарысу. Пры гэтым нацыянальныя фільмы, згодна з дакумэнтам, могуць да 100% фінансавацца дзяржавай.

У сьнежні партыя «Единая Россия» прапанавала законапраект аб квотах у сфэры кіно. Згодна з гэтым законапраектам у 2013 годзе доля расейскіх фільмаў у пракаце ў кінатэатрах Расеі павінна складаць ня менш за 20%, а зь 2014 году доля расейскіх фільмаў ад агульнай колькасьці сэансаў будзе ўсталёўвацца ўрадам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG