Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ёсьць вуліца, якая носіць імя расейскага хіміка і фізыка, а таксама футуроляга, аэранаўта і паляўнічага на прывідаў Дзьмітрыя Мендзялеева. Што і калі рабіў вялікі вучоны Мендзялееў у Менску, доўгі час высьветліць было немагчыма. Адказ на гэтыя пытаньні дасьледчыкі знайшлі зусім нядаўна, і гучыць ён так: Дзьмітры Іванавіч не рабіў у Менску нічога і ніколі. Вось у Гайдэльбэргу, скажам, існаваньне такой вуліцы было значна больш дарэчнае. Тым ня менш адзін з насельнікаў менскай вуліцы Мендзялеева, які дажываў свае апошнія дні з-за раньняга цырозу пячонкі і раку страўніка, выкліканых пэрманэнтным і пэраральным ужываньнем вадкасьці ад паценьня ног, прызнаваўся мне неяк, што лепш жыць на вуліцы Мендзялеева, чым на вуліцы Камуністычнай.

Мендзялееў, шаптаў ён, хаця б гарэлку вынайшаў, а што далі рабочаму чалавеку камуністы? З жыхаром вуліцы Мендзялеева цяжка было не пагадзіцца. Давялося паабяцаць, што калі нашы прыйдуць да ўлады, Мендзялеева мы пакінем. Хаця ніякай гарэлкі Дзьмітры Іванавіч насамрэч не вынаходзіў і наогул ня меў да яе дачыненьня. Ну, хіба што ўжываў. Пэраральна, што ня лічыцца грахом нават сярод нарколягаў і артадаксальных хрысьціянаў.

12 лютага 1865 году Дзьмітры Мендзялееў абараніў доктарскую дысэртацыю на тэму «Злучэньне сьпірту з вадой». Вось ужо амаль паўтары сотні гадоў гэтыя простыя, мілыя і знаёмыя кожнаму з маленства словы грэюць душы аматараў вогненных вадкасьцяў. Як тут было не паўстаць прыгожай легендзе? Пра што канкрэтна вялося ў той геніяльнай працы, без паўлітры патлумачыць цяжка. Але пра гарэлку там не было ні слова. Дзьмітры Мендзялееў не прысьніў ні табліцу Мендзялеева, ні плямы Роршаха, ні кубак Эсмарха, ні душ Шарко. І чамаданаў ён у вольны ад навукі час не майстраваў, хоць хадзілі і такія чуткі. Але зь Беларусьсю, у адрозьненьне ад гарэлкі, яго ўсё ж сёе-тое зьвязвала. Напрыклад, ягоным сябрам і перакладчыкам быў Леанард Іваноўскі з Гарадзеншчыны, сын якога Вацлаў вядомы кожнаму беларусу, незалежна ад ягонага стаўленьня да этылавых і тэхнічных сьпіртоў. І наогул: нясьпешна дапіваючы другую бутэльку на менскай вуліцы Мендзялеева, прыемна ўяўляць расейскага хіміка, які, седзячы на ўласнаручна змайстраваных валізках, даводзіць сваім вучням перавагі менскага «Крышталю» над якой-небудзь «Гжэлкай».
XS
SM
MD
LG