Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
11 лютага 1959 году ў Менску акрабат па прозьвішчы Бірукоў ускараскаўся на зьледзянелы дах Дзяржаўнага цырку — на самую верхавіну — і нейкі час стаяў там на галаве. Мінакі, зрэшты, паставіліся да гэтага ўчынку з разуменьнем, ніхто ня выклікаў ні пажарных, ні міліцыю, ні снайпэра: бо на чым жа яшчэ было стаяць у гэты зімовы дзень акрабату Бірукову, калі ў новым, адмыслова ўзьведзеным для такіх забаваў будынку толькі што адбыўся першы паказ.

Цырк у Менску існаваў і да таго і доўгі час захоўваў вернасьць сярэднявечным традыцыям вандроўніцтва. Месцам, дзе якая-небудзь непараўнальная мадэмуазэль Х дэманстравала свой «сьмяротны трук» і новыя францускія панчохі, а Вільям Труці мог паганяць сваіх дрэсіраваных конікаў, станавілася то Траецкае прадмесьце, то Саборная плошча, то Губэрнатарскі сад, а замежныя трупы раскідвалі свае намёты, бывала, і на Камароўскім полі. Потым цырк у сьвядомасьці менчукоў пачаў стала асацыявацца з пэўнай палянкай у Губэрнатарскім садзе — будучым парку Горкага. Бо неяк на гэтае месца сеў паназіраць за нябачнымі клоўнамі каменны госьць Максім Горкі, ды так і застаўся там сядзець, заклаўшы нагу на нагу. Задумаўся пра ролю менскага цырку ў дрэсіроўцы буравесьнікаў. Празь дзесяць гадоў пасьля вайны ўлады вырашылі ашчасьлівіць Менск першым стацыянарным цыркам. І дысьлякавацца ён меўся ў самым маляўнічым раёне — Шабанах... Ну, не зусім у Шабанах, а там, дзе цяпер станцыя мэтро Магілёўская. Але менская інтэлігенцыя сарвала мае пляны мець цырк у сябе пад бокам — і будынак пастанавілі разьмясьціць на рагу праспэкту Сталіна і вуліцы Янкі Купалы.

Беларускі цырк быў адным з найлепшых у імпэрыі і пасьпяхова канкураваў на зьнешнім рынку зь беларускімі трактарамі, яфрэйтарамі і песьнярамі. Цяпер, праўда, пры словах «беларускі цырк» у сьвядомасьці людзей узьнікае не прыгожы, падобны да паганскага храму будынак на праспэкце зь яго адважнымі насельнікамі, а ўся беларуская рэчаіснасьць, у якой, здаецца, больш няма рэчаў, зь якіх немагчыма было б не пасьмяяцца — ці такіх, якія б не былі перакуленыя дагары нагамі.

Вядома, у дзяцінстве мяне некалькі разоў вадзілі ў наш цырк. Напэўна, як і іншым савецкім дзецям, першыя выправы сюды запомніліся радасным галавакружэньнем і чэргамі па марозіва, пазьнейшыя — бліскучай і непрыкрытай сэксуальнасьцю акрабатак і асабліва дрэсіроўшчыц. Але больш за ўсё запомніўся пах, прыемны, густы, трохі задушлівы... Потым на нейкі момант падалося, што ўзрост ужо ня той і ў цырк больш дарогі няма. Ажно не.

На пачатку дзевяностых мы зь сябрамі арандавалі менскі дзяржаўны цырк. Увесь. Праўда, на артыстаў і сланоў грошай не хапіла, таму давялося пераўвасабляцца ў іх самім. Называлася гэтая дзея «Рок новай хвалі». Такі сабе першы і апошні фэстываль менскай альтэрнатыўнай музыкі. Лепшага месца для яго правядзеньня нельга было прыдумаць. З раніцы да позьняга вечара будынак быў акупаваны панкамі, гіпі, мэталістамі, бардамі, наркадылерамі, журналістамі, будыстамі, крышнаітамі, паэтамі, прастытуткамі, мастакамі, самагубцамі, бадзягамі, агентамі ахранкі, байкерамі, прыбіральшчыцамі, анархістамі, школьнікамі, параноікамі, гопнікамі, чэрававяшчальнікамі, прызыўнікамі, халяўшчыкамі і прадстаўнікамі іншых, дагэтуль не распазнаных субкультураў. Яны распаўзьліся па цырку, як выпушчаныя з тэрарыюму зьмеі. За цяжкімі парцьерамі кахаліся і калоліся, у закутках чыталі вершы і пілі партвэйн, у вальерах адсыпаліся і рэпэтавалі свае выступы, апошні зь якіх адбыўся апоўначы ў амаль поўнай цішыні. Людзі проста перасталі зьвяртаць увагу на музыкаў. У кожным прачнуўся неспакойны дух мадэмуазэль Х і Вільяма Труці. Кожны пачуваўся тут як дома. І калі цырк пахіснуўся б раптам і рушыў праз увесь горад на Магілёўскую шашу, зносячы з сабой нашую хеўру, ніхто б асабліва не зьдзівіўся...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG