Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Коктыш пра затрыманьне Інтэрполам: «Прымусілі зьняць нават майткі»


Намесьніка старшыні «Зьвязу для дэмакратыі ў Беларусі» Ігара Коктыша затрымалі ў Нямеччыне на патрабаваньне Інтэрполу. Ігар мае статус палітычнага ўцекача ў Польшчы, кіраваўся да сваёй сястры.

У Нямеччыне на зварот уладаў Беларусі ў Інтэрпол быў затрыманы намесьнік старшыні «Зьвязу для дэмакратыі ў Беларусі» Ігар Коктыш, які пражывае ў Варшаве. Цяпер Ігар знаходзіцца ў горадзе Ангермюндэ (90 кілямэтраў ад Бэрліну) недалёка ад нямецка-польскай мяжы.

Ігар мае статус палітычнага ўцекача ў Польшчы, кіраваўся да сваёй сястры, якая жыве ў Нямеччыне.

У інтэрвію Радыё Свабода Ігар Коктыш паведаміў:

«Затрымалі мяне. Кажуць, што беларусы прыслалі паперы ў Інтэрпол яшчэ тры месяцы таму. Польскія ўлады маглі нават ня ведаць. Гэта старое абвінавачваньне ў забойстве, раней мяне апраўдалі, а цяпер аднавілі справу. Найгоршае, дзе б я ні быў — буду затрыманы. Такое можа адбыццца з кім заўгодна, каму не падабаецца ўлада ў Беларусі. Улады злоўжываюць міжнароднымі працэдурамі. Фактычна Інтэрпол стаў рукамі вусатага дыктатара».

Ігар мае статус палітычнага ўцекача, таму пра дэпартацыю ў Беларусь гаворка не вядзецца. Нямецкія праваахоўныя органы прапанавалі Ігару дабраахвотную дэпартацыю ў Польшчу.

Ігар кажа, што сытуацыя магла скласьціся і горш:

«Магло быць і горш. Але цяпер я на сабе адчуў, што адчуваў Міхалевіч. Мяне распраналі дагала, нават майткі прыйшлося зьняць. Гэта не катаваньні, але вельмі прыніжае. Чаму я павінен гэта ўсё цярпець? Таму што яны прыслалі чарговую паперку? Мала таго, што ёсьць эміграцыя, рэпрэсіі, але нават тут, куды б ты ні паехаў, ты трапляеш на тую самую праблему. Гэта будзе бясконца. Мне ня далі ані перакладніка, ані адваката. Цяжка».

Ігар Коктыш эміграваў ва Ўкраіну у 2002 годзе, ратуючыся ад перасьледу ўладаў, там ажаніўся і стварыў свой рок-гурт. Улетку 2007 году, калі ён з жонкай быў на адпачынку ў Сэвастопалі, яго зьмясьцілі ў сымфэропальскі СІЗА. Беларусь патрабавала яго выдачы, абвінавачваючы ў забойстве. У СІЗА Коктыш знаходзіўся 2 гады і 7 месяцаў. 2 лютага 2010 году Ігар Коктыш выйшаў на свабоду на патрабаваньне Эўрапейскага суду па правах чалавека. Сам Ігар Коктыш такія абвінавачваньні абвяргаў і сьцьвярджаў, што гэта помста ўладаў за яго актыўную падтрымку апазыцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча, які тады балятаваўся на пасаду кіраўніка Беларусі. Пасьля гэтага Коктыш атрымаў палітычны прытулак у Польшчы, дзе займаецца актыўнай грамадзкай дзейнасьцю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG