Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Брусэлі дзеляць грошы. Вялікія ці малыя?


Кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў краінаў-чальцоў Эўразьвязу сустракаюцца 7-8 лютага ў Брусэлі, каб ухваліць свой супольны бюджэт на сем наступных гадоў, гэта значыць, на 2014-2020 гг. Сустрэча прысьвечаная гэтаму пытаньню ў лістападзе летась не прынесла пажаданага выніку. Ня выключана, што гэты саміт у Брусэлі можа зацягнуцца і на выходныя.

Аб якіх сумах гаворка?

Эўрапейская камісія, выканаўчы орган Эўразьвязу, прапанавала бюджэт на 2014-2020 гг. на агульную суму 1,033 трыльёна эўра. Для параўнаньня – гэта прыблізна ў чатыры разы болей, чым даходы ў гадавым бюджэце Расейскай Фэдэрацыі.

Адкуль бяруцца грошы ў супольнай касе Эўразьвязу? 85% гэтай сумы складаюць унёскі краінаў-сябраў – кожная з краінаў абавязана заплаціць суму роўную 0,73% яе валавога ўнутранага прадукту. Астатнія грошы паходзяць з мытаў і іншых аплатаў, якія зьбіраюцца ў агульную касу ў Брусэлі.

Чаму такі нязначны адсотак агульнага багацьця Эўразьвязу выклікае зацятыя спрэчкі ў Брусэлі? Справу тлумачыць Яніс Эмануілідзіс, экспэрт Цэнтру эўрапейскай палітыкі (European Policy Centre) ў Брусэлі:

«Агульны бюджэт складае 1% ад усёй эканомікі Эўразьвязу. Змаганьне ідзе ўсяго за невялікую частку гэтага 1%. Значыць, гутарка не ідзе пра нейкія велізарныя грошы. Але ўсё гэта важна з увагі на палітычны торг, які цяпер адбываецца. Прэм’ер-міністры краінаў-чальцоў хочуць вярнуцца дадому з паведамленьнямі, што яны змагаліся за інтарэсы сваіх выбарцаў і ўрэшце дасягнулі кампрамісу, які ім адпавядае».

Чатыры пятыя грошай з агульнага бюджэту выдаткоўваюцца на супольную сельскагаспадарчую палітыку (Common Agricultural Policy) і палітыку збліжэньня (Cohesion Policy), у рамках якіх фінансуюцца праекты ў бяднейшых частках Эўразьвязу.

Ёсьць краіны, якія плацяць у агульную касу больш, чым зь яе атрымліваюць. Да гэтых чыстых донараў належаць Нямеччына, Італія, Францыя, Вялікабрытанія, Нідэрлянды, Данія, Швэцыя, Фінляндыя.

Іншыя, бяднейшыя, пакуль што атрымліваюць болей, чым самі даюць. Гэта чыстыя атрымальнікі. Найбольш з брусэльскай касы да гэтай пары атрымлівала Польшча. Напрыклад, у 2011 годзе Польшча атрымала зь бюджэту Эўразьвязу датацыі на суму 14,4 мільярда эўра, а заплаціла ў бюджэт – 3,3 мільярда.

Адносіны да агульнага бюджэту збольшага падзяляюцца па лініі донары-атрымальнікі. Група атрымальнікаў, якая ў Брусэлі мае мянушку «сябры зьбліжэньня» (у першую чаргу Польшча, Гішпанія і Партугалія), выступае за тое, каб утрымаць або і пабольшыць цяперашнія бюджэтныя выдаткі. А група чыстых донараў – вядомая як «сябры лепшага выдаткоўваньня» – хоча паменшыць памер бюджэту. Францыя на раздарожжы – як чысты донар, яна хацела б паменшыць памер выдаткаў, але адначасова захаваць брусэльскія шчодрыя выплаты ў рамках агульнай сельскагаспадарчай палітыкі (у 2011 годзе Францыя атрымала з Брусэлю, галоўным чынам на падтрымку фэрмэраў, 13 мільярдаў эўра).
XS
SM
MD
LG