Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей пакуль застанецца неўязным у Эўразьвяз


Уладзімер Макей

Уладзімер Макей

Удзельнікі двухдзённага саміту Эўрапейскай рады, які адкрыўся ў Бруселі 7 лютага, не будуць абмяркоўваць беларускае пытаньня і статус міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея.

Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміла Мая Кацыянчыч, прэс-сакратар вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу ў вонкавай палітыцы і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан.

«Эўрапейская рада сфакусуецца на наступным доўгатэрміновым бюджэце Эўразьвязу і пытаньнях „арабскай вясны“. Беларусь у парадак дня саміту ня ўключана», — сказала Кацыянчыч.

Паводле яе, ня будзе абмяркоўвацца і пытаньне аб зьмяненьні статусу Уладзіміра Макея, які на гэты момант знаходзіцца ў сьпісе беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЭЗ.

Напярэдадні саміту ў інтэрвію нашаму радыё дэпутат Эўрапарлямэнту ад Літвы Юстас Палецкіс паведаміў, што падчас саміту можа быць узьнятае пытаньне аб выдачы ўязной візы на тэрыторыю Эўразьвязу міністру замежных спраў Беларусі. На думку шэрагу эўрапейскіх чыноўнікаў, Макею трэба дазволіць уезд у Эўразьвяз, бо менавіта з кіраўніком МЗС трэба перш за ўсё гаварыць аб дэмакратызацыі краіны.

Уладзімір Макей быў уключаны ў сьпіс неўязных у Эўразьвяз беларускіх чыноўнікаў 31 студзеня 2011 году. На той момант ён узначальваў Адміністрацыю прэзыдэнта Беларусі.

У Эўрапейскую раду, саміт якой цяпер адбываецца ў Брусэлі, уваходзяць кіраўнікі дзяржаваў альбо ўрадаў краінаў Эўразьвязу, а таксама старшыня Эўрапейскай камісіі і старшыня самой Эўрапейскай рады — цяпер гэтую пасаду займае Герман ван Ромпэй. У паседжаньнях Эўрапейскай рады таксама бярэ вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў вонкавай палітыцы і палітыцы бясьпекі — цяпер гэтую пасаду займае Кэтрын Эштан.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG