Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незарэгістраваныя арганізацыі застаюцца пад крыміналам


Алег Сьліжэўскі
Алег Сьліжэўскі

Умовы рэгістрацыі палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў у Беларусі могуць зьмяніцца.

Пра гэта паведаміў на сваёй прэсавай канфэрэнцыі міністар юстыцыі Беларусі Алег Сьліжэўскі, адказваючы на пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода. Ён сказаў, што дадзены законапраект ужо падрыхтаваны і перададзены ў Палату прадстаўнікоў.

Паводле міністра, парадак рэгістрацыі палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў у выпадку прыняцьця гэтых паправак і зьменаў будзе спрошчаны. Напрыклад, калі цяпер для правядзеньня арганізацыйнага сходу трэба, каб на ім прысутнічала 50 чалавек ад бальшыні рэгіёнаў, дык у праекце норма пра «бальшыню рэгіёнаў» робіцца ўжо неабавязковаю.

Самай цікавай інавацыяй выглядае магчымасьць пераўтварэньня грамадзкай арганізацыі ў палітычную партыю, чаго дзейнае заканадаўства не прадугледжвае. Як патлумачыў Алег Сьліжэўскі, такая магчымасьць зьявіцца, калі папраўкі будуць прынятыя. Гэта, праўда, не азначае, што любая мясцовая арганізацыя можа правесьці свой сход і прыняць рашэньне зрабіцца партыяй.

Для таго каб такое сталася, сказаў міністар, трэба, каб гэтае грамадзкае аб’яднаньне адпавядала асноўным патрабаваньням закону «Аб палітычных партыях». Прынамсі, у ёй павінна быць ня менш за 1000 чальцоў, усе яны павінны быць грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, усе яны павінны быць паўналетнімі і гэтак далей.

Міністар Сьліжэўскі адказаў яшчэ на адно пытаньне карэспандэнта «Свабоды» — пра артыкул 193.1 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае забарону дзейнасьці ад імя афіцыйна не зарэгістраваных у Беларусі грамадзкіх арганізацый. Ён сказаў, што гэты артыкул па-ранейшаму знаходзіцца ў Крымінальным кодэксе, і паколькі ён там знаходзіцца, дык ён і дзейнічае. Што тычыцца пэрспэктывы скасаваньня гэтага палажэньня, дык Алег Сьліжэўскі сказаў: «Наша заканадаўства не зьяўляецца нейкай застылай глыбай. Яно мяняецца, і таму нельга казаць, што дадзеная норма замацаваная ў ім навечна. У залежнасьці ад сытуацыі ў грамадзтве яна можа быць перагледжаная».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG