Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палачане: Тачыла нам пікеты дазваляў. Пазьняк — толькі забараняе


Уладзімер Тачыла

Уладзімер Тачыла

Афіцыйныя зьвесткі пра тое, што былы полацкі мэр Уладзімер Тачыла ўжо на волі, зьявіліся толькі празь месяц пасьля ягонага вызваленьня.

Пра гэта са спасылкай на Сьледчы камітэт перадала БЕЛТА. Тачыла быў арыштаваны летась у траўні за злоўжываньне ўладай ды сьвядомае пашкоджаньне гісторыка-культурных аб’ектаў. Яго вінавацілі ў тым, што ў 2009 годзе ён незаконна выдзеліў для сябе і сваіх блізкіх зямельныя ўчасткі ў Полацку, у зоне гістарычнага ляндшафту, на тэрыторыі, прылеглай да Спаса-Эўфрасінеўскага жаночага манастыра. Пры гэтым была пашкоджаная гісторыка-культурная каштоўнасьць.

Справа экс-мэра Полацка яшчэ ў чэрвені 2012 году была накіраваная ў Генэральную пракуратуру для перадачы ў суд. Але судовы працэс так і не пачаўся. Прыканцы 2012 году яго адпусьцілі на волю, расьсьледаваньне крымінальнай справы было скончанае, а страты ад незаконнай дзейнасьці былі пакрытыя ў поўным аб’ёме яшчэ падчас сьледзтва.

Разам з Тачылам у крымінальнай справе праходзілі і некалькі полацкіх чыноўнікаў: былы намесьнік старшыні гарвыканкаму Сяргей Кукса, экс-старшыня райвыканкаму Валеры Палідавец і яго намесьнік Алег Ермаковіч. Усе чацьвёра напісалі прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі, якое той задаволіў яшчэ 27 сьнежня мінулага году. І ўсе чацьвёра цяпер на свабодзе.

Адразу пасьля арышту былога мэра ў Полацку шмат гаварылі пра тое, што гэты арышт — вынік непаразуменьняў, якія былі паміж Уладзімерам Тачылам і старшынём аблвыканкаму Аляксандрам Косінцам. Палачане згадвалі, як непрадказальна Ўладзімера Тачылу здымалі з пасады ў лютым 2011 году, калі старшыня гарвыканкаму, нічога не падазраючы, браў удзел у гарадзкім сходзе.


Палачане — пра вызваленьне былога мэра


Лера Сом

Лера Сом

Паэтка Лера Сом: «Я лічу, што калі чалавек з турмы выйшаў, гэта, безумоўна, добра. Да ўсяго, спадар Тачыла ў бытнасьць мэрам шмат карыснага для Полацку зрабіў. І я асабіста ня ўпэўненая ў сапраўднасьці заведзенай на яго справы. Шмат хто з дасьведчаных знаёмых пра тое казаў. Але вельмі дзіўна выглядае памілаваньне… То быў вінаваты, два артыкулы крымінальныя парушыў, турмы 10 гадоў яму пагражала. І раптам — раз, і на волі, вызвалены паводле прашэньня».

Віктар Стукаў

Віктар Стукаў

Актывіст Свабоднага прафсаюзу прадпрыемства «Полацак-Шкловалакно» Віктар Стукаў: «Я яго памятаю. Хадзіў да яго на прыём па добраўпарадкаваньні двара. І вынікі былі. Пры Тачылу нам пікеты дазвалялі, а цяпер, пры Пазьняку — толькі забараняюць. Ён і на пікеты нашы, я памятаю, асабіста прыходзіў. Ён жа дазволіў зарэгістраваць „пярвічку“ нашай прафсаюзнай арганізацыі — вунь пасьведчаньне ў нас вісіць, на беларускай мове, зь ягоным подпісам».

Сьвятлана Іванаўна, гандлярка прыватнай крамы: «Тачылу ўжо бачылі — ён тут учора прызы спартоўцам-дзюдаістам уручаў. Ён жа быў намесьнікам старшыні фэдэрацыі дзюдо, і яго з гэтае пасады ніхто не здымаў, здаецца. Кажуць, хто бачыў, што ён схуднеў, пастарэў. Але нібыта зьбіраецца далей спортам займацца — ён заўжды сябе ў спартовай форме трымаў. І шмат ёсьць людзей на яго азлобленых. Кажуць, ён у турму некаторых сам садзіў, і маткі яго пракліналі за сыноў. Потым сам за краты трапіў. А цяпер во — адкупіўся і выйшаў».
XS
SM
MD
LG