Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На кніжнай выставе забаранілі прэзэнтацыю кнігі Някляева


Уладзміер Някляеў

Уладзміер Някляеў

Някляеў: «Прымалася гэтае рашэньне, безумоўна, уладнымі структурамі. Магчыма, і дзяржкамдрукам па ўзгадненьні з адміністрацыяй Лукашэнкі».

На Міжнароднай кніжнай выставе ў Менску забаранілі прэзэнтацыю кнігі Ўладзімера Някляева «Аўтамат з газіроўкай». Яна мелася адбыцца ў рамках прэзэнтацыі кніг-фіналістаў літаратурнай прэміі імя Гедройца. Вядучы імпрэзы, паэт Андрэй Хадановіч паведамляе падрабязнасьці інцэдэнту:

«Адбылася адна з „найвесялейшых“ у маім жыцьці прэзэнтацый. Зрэшты, усе „весялосьці“ былі чаканыя, калі зьявілася ў адкрытым доступе інфармацыя, што ў межах спатканьня з аўтарамі прэміі Ежы Гедройца ёсьць таксама спатканьне з аўтарам раману „Аўтамат з газіроўкай“ Уладзімерам Някляевым. Я асабіста чакаў нейкіх падвохаў і яны адбыліся.

Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч

Напачатку ў выглядзе дыскамфорту, калі незнаёмы, мажны, шырокі, высокі і прадстаўнічы пан з гальштукам не пусьціў ні мяне, як вядучага, ні аўтара за столік, дзе мусіла адбыцца спатканьне з чытачамі. Таму гэтыя неадэкватныя дзеяньні адразу ператварылі літаратурную, ціхую, камэрную імпрэзу, якой яна павінна была быць, у ледзь не палітычны мітынг. Бо аўтару давялося проста адтлумачыць сваім чытачам усе гэтыя элемэнты нязручнасьці.

Гэта ўсё мусіла адбыцца за столікам, прызначаным для Польскай амбасады, але адбылося непасрэдна каля яго, на тле банэраў літаратурнай узнагароды Ежы Гедройца. А далей вакол нас пачалі віраваць чыноўнікі розных узроўняў і ўпрошваць як мага хутчэй спыніць гэтую імпрэзу, пакуль можна спыніць яе мірна.

Гэткім чынам, імпрэза была спыненая мірна, аўтар коратка распавёўшы пра свой раман, даў аўтограф сваім чытачам на часопісах „Дзеяслоў“, дзе надрукаваны раман, а таксама на тых кніжках, якія чытачы прынесьлі з сабой. Бо, на жаль, мушу канстатаваць той факт, што кіраўніцтва кніжнага кірмашу зрабіла ўсё, каб у кніжным фармаце раман Уладзімера Някляева „Аўтамат з газіроўкай“ на выставе сёньня набыць было нельга».


Уладзімер Някляеў: «Усё гэта пераходзіць усялякія разумныя і неразумныя межы»


Уладзімер Някляеў: «Сытуацыя для нашай „дарагой і любімай“ краіны звыклая — сытуацыя, у якой улады паказваюць сваё сьвінства перад сьветам ня толькі ў палітыцы, але і ў культуры. Што б там сталася, калі б далі спакойна правесьці прэзэнтацыю? Прыйшлі людзі, прыйшоў аўтар — у гэтым выпадку я ж не выступаў у ролі палітыка, а як літаратар. Літаратар, які прыйшоў, бо праводзіла гэтую прэзэнтацыю журы прэміі імя Гедройца, у лонг-ліст якой я як адзін з аўтараў увайшоў, і я быў у сьпісе сярод іншых дванаццаці кандыдатаў на гэтую прэмію. Але вось так сталася, што мне гэтую прэзэнтацыю правесьці не дазволілі. Прыйшлі людзі ў цывільным, пачалі махаць рознымі пасьведчаньнямі, цягаць вядоўцаў да адміністрацыі, карацей — усё гэта сарвалі, на тым і скончылася».

Карэспандэнтка: «Вы думаеце, гэта загад арганізатараў выставы ці аднекуль вышэй?»

Някляеў: «Скажыце, калі ласка, якая выгода мэнэджэрам выставы ці яе дырэкцыі выганяць з памяшканьня аўтара і патэнцыйных пакупнікоў кніг? Бо што такое выстава? Гэта і культурніцкае і камэрцыйнае мерапрыемства. І яно, гэтае мерапрыемства, праводзіцца, як я разумею, для літаратараў, для кнігавыдаўцоў і для распаўсюднікаў — для тых, хто імі гандлюе, хто імі жыве. Дык вось, усім выгодна, каб аўтары набывалі папулярнасьць, а іх кнігі прадаваліся. А невыгодна гэта толькі тым, хто займаецца ідэалёгіяй, хто ва ўсім бачыць ідэалягічны складнік. Таму прымалася гэтае рашэньне не на выставе, не яе кіраўніцтвам, а, безумоўна, уладнымі структурамі. Магчыма, што нават не дзяржкамдрукам, а магчыма і імі па ўзгадненьні з адміністрацыяй Лукашэнкі».

Карэспандэнтка: «Ці вы самі пакінулі выставу, ці вас прасілі пакінуць?»

Някляеў: «Настойліва „папрасілі“ пакінуць выставу вядучага прэзэнтацыі. Маўляў, калі вы зараз жа адсюль ня сыдзеце, то будзеце пра гэта шкадаваць. Гэта ўсё ж ня вуліца, каб ладзіць там мітынгі, махаць рукамі і крычаць — гэта храм, а ў храме прыстойныя людзі не паводзяць сябе так, як павялі сябе тыя людзі, якія зрабілі тое, што зрабілі — разагналі людзей, што прыйшлі на сустрэчу з аўтарам. Проста ўсё гэта пераходзіць усялякія разумныя і неразумныя межы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG