Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У папярэднім парадку дня саміту Эўрапейскай Рады, які пройдзе 7–8 лютага ў Брусэлі, афіцыйна беларускае пытаньне ня значыцца. Аднак эўрапарлямэнтар ад Літвы Юстас Палецкіс выказвае думку, што эўрапейскія чыноўнікі могуць узьняць пытаньне пра ўязную візу на тэрыторыю Эўразьвязу для цяперашняга міністра замежных спраў Беларусі неўязнога Ўладзімера Макея.

Яны мяркуюць, што Макея, паводле ягонага статусу, трэба зрабіць уязным у Эўразьвяз. Маўляў, менавіта з кіраўніком зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі трэба найперш размаўляць пра дэмакратызацыю краіны.

Аднак ёсьць і супрацьлеглая думка — адмена забароны Макею будзе прадстаўленая Аляксандрам Лукашэнкам як перамога беларускага рэжыму.

Апошнім часам зьявіўся і трэці варыянт, пра які карэспандэнту «Свабоды» распавёў адзін з замежных дыпляматаў, што працуе ў Беларусі: «Узьнікла ідэя скасаваць візавыя абмежаваньні для міністра замежных спраў Беларусі толькі на паўгода. І за гэты час паглядзець, ці будуць зьмяняцца дачыненьні паміж Брусэлем і Менскам. Калі адбудуцца станоўчыя зрухі, то візавую забарону можна будзе адмяніць цалкам. Калі ж усё застанецца па-ранейшаму, то Макея зноў вернуць у статус неўязнога ў Эўразьвяз».

Ёсьць і чацьвёрты варыянт — Макея наагул не згадаюць у Брусэлі. І ўсё застанецца так, як ёсьць сёньня. Эўрапейцы цяпер нашмат больш заклапочаныя іншымі праблемамі.

А сам Макей тым часам наведаў Маскву, дзе сустрэўся з сваім расейскім калегам Сяргеем Лаўровым і абмеркаваў зь ім палітыку ўзаемадзеяньня дзьвюх краін на міжнароднай арэне. У гэтай сувязі цікава, што параіў Лаўроў Макею наконт ягонага магчымага ўдзелу ў саміце «Ўсходняга партнэрства». Гэтая імпрэза намечаная на 12–13 лютага ў Тбілісі.

Фармальна ў спадара Макея ёсьць усе падставы для паездкі ў Тбілісі. Ніякай візы, каб наведаць Грузію, грамадзяніну Беларусі непатрэбна. Да таго ж Беларусь сёлета старшынюе ў СНД, і Аляксандар Лукашэнка публічна паабяцаў вярнуць Грузію ў гэтую структуру. Дый Масква сёньня глядзіць на Грузію зусім ня так, як падчас вайсковага канфлікту 2008 году. І, урэшце, тая ж Масква цяпер нашмат спакайней пазірае на «Ўсходняе партнэрства» — праграму, якая спачатку моцна напалохала Крэмль.

Уладзімер Макей трапіў у «чорны сьпіс» неўязных на тэрыторыю Эўразьвязу згодна з рашэньнем ад 31 студзеня 2011 году. Тады ён займаў пасаду кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі.
XS
SM
MD
LG