Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
7 лютага 1914 году на экранах амэрыканскіх сінэматографаў упершыню зьявілася элегантная асоба бяз пэўнага месца жыхарства на імя Чарлі. З кіёчкам, у кацялку і чужых чаравіках, абутых да таго ж кожны не на тую нагу, у штанах, скрадзеных гэтым Давідам у нейкага містэра Галіяфа, з вусамі, якія пакуль што яшчэ нікому нічога не нагадвалі, і з паходкай танцора, якому, як вядома, заўжды замінаюць дзьве вялікія акалічнасьці даволі прыватнага кшталту — такога ні з кім ня зблытаеш. Гэтаму валацугу, чалавеку бяз пашпарта, было наканавана зрабіцца візытнай карткай нямога кіно: вось ужо амаль стагодзьдзе, варта толькі сказаць «Чарлі Чаплін» — і карцінка тут як тут, толькі вось мала хто пазнае ў ёй сябе, а варта было б.

Трыюмфальны студзеньскі дэбют валацугі адбыўся ў кароткай стужцы «Дзіцячыя гонкі на аўтамабілях» — герой Чапліна, які завітаў на гэткае спэцыфічнае мерапрыемства, ня робіць фактычна нічога, апрача таго, што ўвесь час спрабуе пралезьці на першы плян. Ён атрымлівае некалькі высьпяткаў ад рэжысэра, які кіруе здымкамі гонак, і ледзь не трапляе пад бязьлітасныя колы юных шумахераў; яго намаўляюць адысьці і нават у пэўны момант скручваюць яму рукі, але марна — адсунуць валацугу да публікі так і не ўдаецца. «Шум заціх — я выйшаў на падмосткі». Ён атрымаў гэтую ролю. Зрабіць выгляд, што валацугі Чарлі не існуе, што ён, як казалі ў «Карлсане-з-даху», усяго толькі выдумка, ніхто ня зможа. Кінахроніка зафіксавала ягоную прысутнасьць у сьвеце, ён зрабіўся часткай формулы: хай сабе гэта ўсяго толькі «Формула-1» для дзяцей.

Герой Чапліна ўжо ў гэтым, першым фільме — маленькі чалавек у пошуках любові. Вобраз, які пройдзе праз усе карціны з Валацугам — і наогул праз усе карціны Чапліна. Ён шукае яе там, дзе, як яму здаецца, яго ня будуць біць па галаве за тое, што ён яе папросіць. А калі і будуць, то небалюча. Што можа быць сьмяшнейшым за любоў? І што можна лягчэй пакрыўдзіць — і за гэта нічога ня будзе? І што можа быць абсурднейшым — чым шукаць любоў там, дзе зь любові прынята сьмяяцца?

Сьвет у нямых фільмах з Чарлі мэтадычна і мэтанакіравана спрабуе выбіць з валацугі ягоную саманадзейную дурасьць і пераканаць яго, што ён — ніхто і на любоў не напрацаваў. Сьвет, якое б аблічча ён ні прымаў — паліцэйскага дручка ці цагліны, любіць даўганогіх і палітычна граматных, а ня мэтраў з кепкай у чужых штанах. Але Чарлі не здаецца, ён торгае сьвет за касу, і калі той разьятрана абарочваецца, сьціпла і ўпарта кажа: я ёсьць. Пад вашым сонцам месца хапае на ўсіх. Таму пасуньцеся і не засланяйце экран, пліз.
XS
SM
MD
LG