Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ёсьць толькі адзін сьціплы помнік Кастусю Каліноўскаму: ён быў узьведзены ў 1958 годзе ў Сьвіслачы.

У вёсцы Мілавіды Баранавіцкага раёну ёсьць помнік паўстанцам 1863 году. На хвалі перабудовы, 19 кастрычніка 1989 г., рашэньнем Гарадзенскага гарвыканкаму для помніка Кастусю Каліноўскаму адвялі нават пляцоўку, але далей справа не пайшла. Няма помніка Кастусю Каліноўскаму і ў беларускай сталіцы. 6 лютага моладзевая арганізацыя «Альтэрнатыва» абвясьціла, што пачынае зьбіраць подпісы за помнік Каліноўскаму ў Менску.

Не адзін раз грамадзкія актывісты выступалі з ініцыятывай усталяваць помнікі Каліноўскаму ў Менску і Горадні, але пакуль безвынікова. Распавядае адзін зь лідэраў «Альтэрнатывы» Алег Корбан:

Алег Корбан

Алег Корбан

«Ужо літаральна з заўтрашняга дня група нашых валаянтэраў пачынае збор подпісаў. Зьбіраць мы плянуем па кватэрах, таксама падчас розных вулічных, а таксама культурніцкіх мерапрыемстваў: на Дзень Волі, Чарнобыльскі шлях, падчас прэзэнтацыяў, канцэртаў. Але ўсё ж такі асноўныя сілы трэба накіраваць на абыход кватэраў. Трэба працаваць інфармацыйна з грамадзтвам. Арыенціровачна мы плянуем сабраць 10 тысяч подпісаў цягам 3–4 месяцаў».

Алег Корбан распавёў, што ў «Альтэрнатыве» ёсьць каля 25 валянтэраў, якія гатовыя працаваць, сярод іх нямала дасьведчаных зьбіральнікаў, якія добра сябе зарэкамэндавалі падчас прэзыдэнцкай кампаніі. «Альтэрнатыва» спадзяецца на дапамогу іншых грамадзянскіх кампаніяў — «Гавары праўду», «Нашага дому». А «Маладая Беларусь» ужо гатовая працаваць, кажа грамадзкі актывіст Цімафей Дранчук:

Цімафей Дранчук

Цімафей Дранчук

«Вядома, мы далучымся. Мы ўхваляем гэтую ідэю. Я думаю, 10 тысяч подпісаў — гэта не такая вялікая лічба для Менску. Думаю, у нас хопіць сіл гэта зрабіць».

А што думаюць менчукі наконт помніка Каліноўскаму? Вось меркаваньні ў асноўным маладых людзей:


Карэспандэнтка: «Ці патрэбны помнік Каліноўскаму ў Менску?»

«Так, натуральна. Вуліца ёсьць, і помнік няхай будзе».

«Я лічу, што патрэбны. Кожны сьвядомы беларус ведае, хто такі Каліноўскі — гэта наш нацыянальны герой. Варта ўшанаваць яго памяць.

«Мне здаецца, што любому сапраўднаму шчыраму беларусу зразумела, што помнік проста неабходны».

«Як мінімум, патрэбны. Менавіта таму, што ёсьць шмат людзей, якім гэта важна і патрэбна».

«А мне ўсё роўна».

«Абавязкова патрэбны. Таму што Каліноўскі для мяне — гэта фігура нумар адзін у беларускай гісторыі. І патрэбны гэты помнік у самым сакральным месцы — на плошчы Каліноўскага. Зьнесьці саркафаг і там зрабіць мэмарыял яму і яго паплечнікам»

«Вядома, патрэбны. Гэта прыклад самаахвярнасьці для нашай моладзі, прыклад змаганьня за права беларусам звацца».

«І ня толькі ў Менску. Напэўна, нам патрэбна значна больш такіх помнікаў. У мяне складаецца ўражаньне, што нашы людзі часта ня памятаюць, хто такі Каліноўскі, і не разумеюць важнасьці гэтай постаці і тых падзей, у якіх ён удзельнічаў. Таму я адказваю на гэтае пытаньне — так, канечне, патрэбны помнік».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG