Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра лісты палітвязьня, былога кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча, які згадвае падзеі Плошчы-2010, наш карэспандэнт пагутарыў зь Сяргеем Марцэлевым — былым кіраўніком выбарчага штабу Статкевіча. Сяргей быў асуджаны за Плошчу-2010 на два гады ўмоўна. Да суду 5 месяцаў адседзеў у СІЗА КДБ.

Карэспандэнт: Чаму менавіта цяпер зьяўляюцца лісты Мікалая Статкевіча, у якіх ён вяртаецца да падзеяў Плошчы 2010 году?

Марцэлеў
: Гэтая фактура даўно вядомая, і гэта не зьяўляецца таямніцай. Тэму спадара хрысьціянскага кандыдата ў прэзыдэнты Мікалай закранаў у сваім лісьце, калі прапаноўваў кандыдатам у прэзыдэнты згадаць пра раду, якая была створаная на плошчы 19 сьнежня 2010 году. У тым кантэксьце Мікалай некалькі разоў згадаў і пра спадара Рымашэўскага, і пра спадара Раманчука. Чаму ён вырашыў нагадаць грамадзтву менавіта цяпер? Я думаю, на гэтае пытаньне можа адказаць толькі ён сам. Але, як бы там ні было, Мікалай Статкевіч як палітвязень мае поўнае маральнае права патрабаваць высьвятленьня ўсіх акалічнасьцяў, якія так ці інакш прывялі да прысуду адносна яго і сотняў нявінных людзей, якія пацярпелі па факце падзеяў 19 сьнежня.

Карэспандэнт: Выказваюцца меркаваньні, што калі Мікалай Статкевіч выйдзе на волю, тады, маўляў, можна будзе гэта абмяркоўваць.

Марцэлеў: Адносна такога меркаваньня, якое выказаў экс-кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі — калі не памыляюся, вы яго працытавалі, — магу сказаць, што гэта «галімы зьезд». Хоць Рымашэўскі прабыў усяго некалькі дзён у сьледчым ізалятары КДБ, відаць, зьяжджаць з тэмы ўмее значна лепш, чым адказваць на пастаўленыя пытаньні. Гэта яго права. Але наша агульная бяда ў тым, што мы не разьлічыліся за тыя памылкі, якія былі зробленыя падчас падрыхтоўкі масавай акцыі 19 сьнежня, падчас выбарчай кампаніі. Палічылі за лепшае абысьці ўсе вострыя пытаньні, усе няроўныя грані, зьвязаныя з гэтай падзеяй, і не падымаць гэтую тэму. Таму падобныя хваравітыя наступствы Плошчы будуць праяўляцца яшчэ доўга, і асабліва ў пэрыяд чарговых палітычных кампаній у Беларусі.

Карэспандэнт: А вам вядомыя прозьвішчы тых былых кандыдатаў у прэзыдэнты, якія, як піша Мікалай Статкевіч, патрабавалі яго прэвэнтыўнага арышту?

Марцэлеў: Мне вядомыя гэтыя прозьвішчы. Я лічу за лепшае, каб Мікалай Статкевіч, калі палічыць гэта патрэбным, сказаў гэта сам. Як палітвязень ён мае карт-блянш на тое, каб высьвятляць абставіны той справы, зьвязанай з тым, што ён быў прысуджаны да шасьці гадоў пазбаўленьня волі. Таму я магу пракамэнтаваць толькі тое, што ўжо было агучана ім.

Карэспандэнт: Мікалай Статкевіч не называе прозьвішча і ў апошнім лісьце, але на яго рэагуе Віталь Рымашэўскі...

Марцэлеў: Мікалай у гэтым выпадку быў больш канкрэтным, хоць ні для каго не зьяўляецца таямніцай, каго ён меў на ўвазе. Насамрэч у большай ступені напісанае Мікалаем Статкевічам адносіцца да Віталя Рымашэўскага.

Карэспандэнт: Віталь Рымашэўскі распаўсюдзіў адкрыты ліст да палітвязьня Міколы Статкевіча і спрабуе адхіліць ад сябе абвінавачаньні...

Марцэлеў: Няхай ацэнку спадару Рымашэўскаму як палітыку дае беларускае грамадзтва і беларускі народ. Як да чалавека я да спадара Рымашэўскага стаўлюся з дыстанцыі. Але без усялякага пракурорскага аплёмбу магу хрысьціянскаму кандыдату ў прэзыдэнты сказаць толькі адно: Бог яму судзьдзя.

Карэспандэнт: Большую частку першага ліста Мікалай Статкевіч адрасуе да былога кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Але чаму тады Мікалай Статкевіч пайшоў на гэтую сустрэчу, трапіў у гэтую пастку? Вы ж былі разам зь ім.

Марцэлеў: Мы былі разам. Ня трэба надаваць літаральнага значэньня мэтафарам і эпітэтам, якія іншы раз гучаць у лісьце. Я дакладна ведаю, што Мікалай Статкевіч быў у вельмі добрых адносінах з Уладзімерам Някляевым падчас выбарчай кампаніі. Там здарылася насамрэч вельмі сур’ёзнае арганізацыйнае непаразуменьне, у выніку якога сустрэча Някляева і Статкевіча, якая павінна была адбыцца ў іншым месцы, тым ня менш адбылася на тагачасным офісе «Гавары праўду». Для мяне самога застаюцца пытаньні, на якія я не магу адказаць. Але я ўпэўнены, што Мікалай быў далёкі ад таго, каб у нечым вінаваціць Някляева і яго кампанію. Проста мы ўсе сталі ахвярамі абставінаў і прадуманай камбінацыі спэцслужбаў, якая і прывяла да пабоішча на вуліцы Калектарнай у самым пачатку падзеяў 19 сьнежня.

Карэспандэнт: Чаму ўсё ж Мікола Статкевіч пайшоў на сустрэчу зь Някляевым і, атрымліваецца, падманам вас завезьлі на офіс кампаніі «Гавары праўду»?

Марцэлеў: Я не аматар кансьпіралягічных тэорый. Я думаю, што тут не было нечай злой волі. А была проста сур’ёзная арганізацыйная накладка, бо ў тым месцы, дзе першапачаткова павінна была адбыцца сустрэча, яна не адбылася. Таму нас запрасілі прыехаць на офіс кампаніі «Гавары праўду». Я тады сам пра гэта дамаўляўся ў прысутнасьці Мікалая Статкевіча. Зь іншага боку, нехта быў зацікаўлены ў тым, каб прысутнічалі два кандыдаты ў прэзыдэнты ў той калёне. Бо, відаць, разьлічвалі такім чынам вывесьці іх са строю, і адносна Ўладзімера Някляева, на жаль, ім гэта ўдалося. Але Мікалай Статкевіч як вайсковец, а вайскоўцы былымі не бываюць, сумеў пастаяць за сябе. І хоць ён быў і траўмаваны, але мы зь ім да плошчы дайшлі.

Карэспандэнт: Наагул, які сэнс быў у гэтай сустрэчы?

Марцэлеў: Мы закранаем тую тэму, на якую я не хацеў бы гаварыць датуль, пакуль мой паплечнік і кандыдат у прэзыдэнты знаходзіцца ў турме. Ёсьць шэраг пытаньняў, на якія існуе негалоснае табу. Яшчэ не прыйшоў час распавесьці ўсю праўду пра Плошчу. Тым больш я ня маю маральнага права нешта казаць, пакуль Мікалай Статкевіч знаходзіцца за кратамі.

Карэспандэнт: Ці варта далей працягваць тэму Плошчы? Ці зьявяцца, на ваш погляд, новыя лісты Мікалая Статкевіча на гэтую тэму?

Марцэлеў: Я далёкі ад таго, каб даваць парады кандыдату ў прэзыдэнты, зь якім я працаваў. Гэта яго права, калі ён лічыць патрэбным высьвятляць гэтыя пытаньні. І як гэта ён будзе рабіць, залежыць ад яго. Зь іншага боку, як падзеі Плошчы, так і эпоха, што пачалася з 1995 году, можа скончыцца тым, што потым нехта зноў захоча замоўчваць балючыя тэмы і вінаватыя ў тых ці іншых злачынствах, правапарушэньнях пазьбегнуць адказнасьці. Таму тэма самаадчуваньня актуальная ня толькі для ўдзельнікаў падзеяў 19 сьнежня, але і для беларускага грамадзтва ў цэлым. Таму што тыя, хто атрымаў прывілеяваныя пазыцыі, няправільна зарабіў капітал пры цяперашнім палітычным рэжыме, натуральна, захочуць гэту тэму замаўчаць. І мы атрымаем такую ж сытуацыю, як гэта было на Ўкраіне ці ў Расеі, дзе не было люстрацыі і ўладу захапілі алігархічныя групоўкі, якія зарабілі сродкі шляхам прывілеяванага становішча пры былым палітычным рэжыме. Таму тэма, паднятая Мікалаем у такім ракурсе, так ці інакш павінна была прагучаць. Іншае пытаньне — у часе. Я вельмі разьлічваю, што хутка ўбачу яго на волі і ён асабіста зможа распавесьці беларускаму народу тое, чаго са зразумелых прычын ён у лістах сказаць ня мог.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG