Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Стары Менск: «трансфармацыя» школы ў паркінг


Апошнія гады школы № 44

Апошнія гады школы № 44

У выніку грамадзкіх абмеркаваньняў будучыні цэнтральнай часткі сталіцы, на якія ўлады мусілі пагадзіцца пад ціскам незадаволеных менчукоў, удалося адтэрмінаваць да 2017 году знос шэрагу будынкаў на тэрыторыях, прылеглых да гістарычнага цэнтру.

Другі этап асваеньня дзяржаўных сродкаў пачнецца пасьля згаданай даты і, мяркуючы па заяўленых плянах, таксама можа выклікаць пратэсты гараджанаў. Улады, у прыватнасьці, зьбіраюцца зьнесьці будынак сярэдняй школы № 44 імя Якуба Коласа.

Лёс некаторых аб’ектаў у цэнтры Менску практычна вырашаны. У перапалцы з жыхарамі дамоў, прызначаных пад «трансфармацыю», гэта пацьвердзіў галоўны архітэктар праектаў «Мінскграда» Аляксандар Акенцьеў:

Аляксандар Акеньцьеў

Аляксандар Акеньцьеў

«У нас разглядаецца адзіны будынак, які падлягае зносу да 2017 году (і гэта паказана на ўсіх чарцяжах), як тут абураліся, „трансфармацыі“ і замене функцый. І то, яшчэ раз паўтараю, мы гаворым пра пэрспэктыву да 2017 году. Да таго часу ніякіх маштабных зьменаў не плянуецца».

Жыхары: «Пра які дом вы гаворыце, што маеце на ўвазе?»

«Я хачу толькі сказаць, што ёсьць адзіны будынак, заплянаваны пад знос да 2017 году...»

Жыхары: «Што вы нам галаву тлуміце, які дом зносіць будуць?»

«Гэта будынак школы № 44 па праспэкце Пераможцаў, у двары крамы «Алеся».

Жыльцы: «Вельмі цікава... А куды ж дзяцей падзенеце? А настаўнікаў? Адзіная школа ў гэтым раёне!»

Чыноўнікі з адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску спасылаюцца на тое, што большая частка вучняў прыяжджае ў згаданую школу зь іншых раёнаў, таму дзеці змогуць вучыцца па месцы жыхарства. Настаўнікаў таксама недзе працаўладкуюць.

Школа № 44 імя Якуба Коласа ў наступным годзе адзначыць 50-гадовы юбілей. Тут займаюцца блізу тысячы навучэнцаў, працуе вечаровая школа. Сам будынак выглядае ня горш за іншыя. Бальшыню вокнаў нядаўна замянілі на шклопакеты, тэрыторыя абнесеная жалезнай агароджай.

З асаблівым гонарам на сайце ўстановы апавядаецца пра музэй Якуба Коласа:

«Юныя экскурсаводы заўсёды рады гасьцям. Зь вялікай ахвотай яны расказваюць аднагодкам аб захапляльных этнаграфічных экспэдыцыях на Мікалаеўшчыну ды іншыя мясьціны, зьвязаныя зь імем Якуба Коласа».

Удакладняецца, што многія пакаленьні настаўнікаў і школьнікаў па крупінках зьбіралі экспазыцыю, і цяпер школьны музэй мае ў сваёй калекцыі ўнікальныя экспанаты і рэдкія фатаздымкі.

Куды неўзабаве зьедзе музэй і маленькія экскурсаводы — дакладна невядома. Як невядома і тое, што менавіта гарадзкія ўлады збудуюць на вызваленым месцы. Згодна з агучанымі плянамі, аднаўленьне тэрыторыі з боку Ракаўскага прадмесьця ніяк не абыдзецца бяз зносу школы і дому № 5 з падаўжэньнем вуліцы Замкавай да праспэкту Пераможцаў. На гэтым месцы нібыта паўстане адноўлены квартал забудовы XVIII–XIX стагодзьдзяў, а ў стылізаваных дамках адчыняцца крамы, рэстарацыі, цэнтры адпачынку.

Аднак менскі бізнэсовец Юрый Харунжы не выключае: вызваленая тэрыторыя стане паркінгавым прыдаткам да бізнэс-гмаху на месцы былой кавярні «Рэчанька»:

«Мы тэлефанавалі ў „высотку“, якую будуе лібанская кампанія „Рубіроз Інтэрнэшнл“, і наўпрост запыталі: добра, офіс мы купім, а што з паркінгам? Бо без паркоўкі нам гэтыя плошчы абсалютна непатрэбныя. Нам адказалі: пакуль, вядома, нічога няма, але хутка павінны зьнесьці школу ў дварах і на яе месцы пабудаваць паркінг. Сказана было адкрытым тэкстам. Зразумела, функцыянальна паркоўка там патрэбная, аднак зносіць дзеля гэтага школу? Прабачце, нешта тут недапрацавана. Лепш бы пабудавалі паркінг на месцы зьнесенага інтэрнату на Пераможцаў, 9».

Высотка "Рубіроз" – новая дамінанта праспэкту Пераможцаў

Высотка "Рубіроз" – новая дамінанта праспэкту Пераможцаў



На пашпарце «адміністрацыйна-гандлёвага цэнтру» тэрмінам заканчэньня працаў пазначаны яшчэ канец 2011 году. Аднак, мяркуючы па зьнешнім выглядзе, на завяршэньне будаўніцтва можа не хапіць і 2013-га. У кампаніі «Ўнівэрсальныя юрыдычныя паслугі», якая займаецца продажам камэрцыйнай нерухомасьці, кажуць: з-за незадаволенасьці людзей пляны забудовы цэнтру ўвесь час мяняюцца і пэрспэктывы пакуль неакрэсьленыя:

«Адна паркоўка заплянаваная з таго боку, дзе цяпер будуецца „Галерэя“ (якраз на месцы зьнесенага студэнцкага інтэрнату БДУ № 5 на Пераможцаў, 9. — РС). Пакуль што ніякай іншай інфармацыі няма. Але цяпер насамрэч вельмі шмат плянаў прапрацоўваецца, як увогуле перабудоўваць цэнтральную частку гораду. І гэтая перабудова закране ня толькі прастору, якая непасрэдна прылягае да праспэкту Пераможцаў, а пойдзе ўглыбіню ажно да вуліцы Ракаўскай. Пакуль жа з гэтай нагоды вядуцца гарачыя дыскусіі, таму ў любым выпадку нічога канчаткова не зацьверджана ў прынцыпе. Нічога яшчэ толкам не зразумела».

Архітэктурныя зьмены закрануць абодва бакі праспэкту Пераможцаў. Згодна з канцэпцыяй стварэньня гісторыка-культурнага комплексу Замчышча, дзе ў XI стагодзьдзі зарадзіўся Менск, будзе зьнесены Дом фізкультуры з далейшым будаўніцтвам на яго месцы выставачнага Нацыянальнага гісторыка-археалягічнага цэнтру. Будучы музэй зьбіраюцца зьвязаць пешаходным мостам з Траецкім прадмесьцем.

Да Траецкага прадмесьця хочуць кінуць пешаходны мост

Да Траецкага прадмесьця хочуць кінуць пешаходны мост

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG