Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Столькі плаціць за электрычнасьць? Абыдземся і газавай лямпай...»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Эфір 6 лютага 2013 году

У развагах пра штодзённае жыцьцё, на якія апошнім часам багатая пошта «Свабоды», найчасьцей гучаць пэсымістычныя ноты. Новы год для беларусаў пачаўся з высокай інфляцыі. Падаражэлі і працягваюць даражэць харчаваньне, электраэнэргія, газ, праезд у транспарце....

Няспынны рост коштаў на самыя неабходныя тавары і паслугі схіляе людзей часам да вельмі нечаканых ідэй. Наш даўні слухач і аўтар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову, вырашыў адказаць на цэнавую палітыку ўлады самым рашучым чынам. Спадар Павал піша:

«Прыціснула Расея Лукашэнку да самай сьцяны. Толькі і чуеш, як іхныя песьні пачынае сьпяваць. Хіба вы гэтага не прыкмецілі?

А вось просты народ тое на кожным кроку цяпер заўважае. З коштамі і тарыфамі літаральна на ўсе тавары і паслугі робіцца нешта неверагоднае. Я тут неяк за вываз сьмецьця забыў заплаціць. Дык пеня раптам вырасла да пяці тысяч рублёў... Ужо і ня ведаю, які рахунак выставяць за апошні месяц. А вольных грошай няма. Дык вось думаю, што рабіць... Напэўна, скасую зь імі дамову наконт сьмецьця. А заадно і на электраэнэргію. А што? Столькі плаціць за электрычнасьць, як яны цяпер паднялі цэны, — ніякай пэнсіі ня хопіць. Дык абыдуся і безь яе. Газавую лямпу я маю, сьвеціць яна добра. Хлусьлівае тэлебачаньне мне і задарма не патрэбнае. А „Свабоду“ я слухаю праз радыёпрымач: ён на батарэйках працуе. Так што без праўдзівых навін не застануся. Як вам такая ідэя?»
.

Ідэя гэтая, як для пачатку 21-га стагодзьдзя, — то ня вельмі, спадар Павал. Не сумняюся, што вы, як чалавек вялікай жыцьцёвай загартоўкі, і без электрычнасьці, і бяз вывазу сьмецьця лёгка абыдзецеся. Многія беларускія вёскі да 60–70-х гадоў мінулага стагодзьдзя жылі пры газавай лямпе — і нічога, неяк абыходзіліся. Але ўявіць сёньня побыт безь лядоўні, бяз праса, бяз пральнай машыны... Пэрспэктыва даволі змрочная. Цікава, якое рашэньне на гэты конт вы ўрэшце прымеце — напішыце.

Дарэчы, рахункі за электраэнэргію ў першыя месяцы новага году зьдзівяць і ўразяць ня толькі Паўла Саца. Урад ужо двойчы з пачатку году вельмі істотна падняў тарыфы на электраэнэргію, увёў нормы спажываньня — так што некаторым давядзецца плаціць шматкроць больш, чым раней. Не выключаю, што ня толькі спадар Павал будзе шукаць на гарышчы газавую лямпу і стары чыгунны прас на вуглях...

Пра сацыяльную няроўнасьць, якая асабліва выразна бачна на прыкладзе катэджаў, што масава будуюць сабе ў прыгарадах мясцовыя чыноўнікі ды іхныя сваякі, разважае ў сваім лісьце на «Свабоду» Аляксандар Лешык з Баранавічаў. Слухач піша:

«У нас вакол любога больш-менш буйнога горада — так званыя „царскія сёлы“: багатыя катэджы, а часам — і цэлыя шматпавярховыя палацы. Хто ж у іх жыве? За чый кошт такое багацьце пабудавана? Людзі гэта добра ведаюць. Жывуць там чыноўнікі, чыноўніцкія сваякі, а таксама прыкормленыя чыноўнікамі бізнэсоўцы. Самі між сабой дзеляць пасады і грошы, супольна і будуюцца ў найлепшых мясьцінах, якія самім жа сабе выдзяляюць па сымбалічных коштах (а то і зусім бясплатна).

Простыя людзі глядзяць на ўсё гэта і ціха ненавідзяць і гэтых новых крывасмокаў, і такую ўладу, якая іх узгадавала і прыкарміла.

Адабраць бы палацы ў гэтых злодзеяў ды вярнуць народу. Можна таксама прадаць іх, а грошы пусьціць на экалёгію: на ачыстку вадаёмаў, на абкошваньне мэліярацыйных каналаў, на ўпарадкаваньне лясоў, якія блізу гарадоў у жахлівым стане. З раскулачаных зладзеяватых чыноўнікаў можна стварыць цэлую армію, узброіць яе рыдлёўкамі ды сякерамі — і накіраваць на навядзеньне парадку. Можа, хоць тады яны даведаюцца, што такое сапраўдная карысная праца і колькі за яе ў нашай краіне плацяць простым людзям»
.

Аднаго разу ўжо раскулачвалі, спадар Аляксандар. І палацы адбіралі, і працоўныя арміі стваралі, і «гнілых інтэлігентаў» да фізычнай працы прывучалі — наладжвалі для іх так званую «пралетарскую пераплаўку»... Але былыя парабкі і галадранцы, стаўшы камісарамі і новымі гаспадарамі жыцьця, дзяржаву сацыяльнай роўнасьці і росквіту чамусьці не пабудавалі — наадварот, завялі яе ў яшчэ большы тупік.

Выразны прыклад — прыход да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, які пачынаўся якраз пад лёзунгамі барацьбы з карумпаваным дзяржаўным апаратам. Перад сваімі першымі прэзыдэнцкімі выбарамі Лукашэнка абяцаў разабрацца з гэтымі «царскімі сёламі», якія актыўна пачалі будавацца якраз на пачатку 90-х гадоў: чыноўнікі тады бралі зь дзяржбюджэту вялізныя крэдыты, якія гіпэрінфляцыя за год-два ператварала ў пыл. Такім чынам, палацы абыходзіліся спрытным дзялкам фактычна бясплатна.

Ды толькі нікога Лукашэнка з тых палацаў ня выгнаў. Больш за тое: за 18 год такое будаўніцтва шматкроць пашырылася. Сваё «царскае сяло» зьявілася нават ля рэзыдэнцыі Лукашэнкі ў Драздах. Туды засяліліся амаль усе ягоныя найбольш адданыя набліжаныя — чыноўнікі, бізнэсоўцы, спартоўцы...

Мы працягваем атрымліваць водгукі на ўспаміны першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча, якія доўгі час гучалі ў эфіры «Свабоды». Вось што піша на гэтую тэму наша слухачка Ірына Малько з Мазыра:

«Дарэмна вы столькі ўвагі аддаяце ўспамінам Станіслава Шушкевіча. Я ведаю, што ў свой час многія людзі зьвярталіся да яго па дапамогу — у тым ліку і я, і той інжынэр, што арганізаваў у Менску канцэрты Высоцкага. Але ці многім той Шушкевіч дапамог?

Вось я з тэмпэратурай 38,6, з распухлымі суставамі — лічуся працаздольнай. А Шушкевіч толькі наступіў на цьвік — адразу шпіталізавалі.

А хто выдаў Літве двух „палітычных“, якія былі не даспадобы тагачаснаму літоўскаму кіраўніцтву? Хто аднаасобна маліўся ў касьцёле, у той час як адзінаверцы-каталікі мерзьлі за сьценамі храма?

І ўсе гады, што ён заставаўся пры ўладзе, былі, бачыце вы, гадамі рэформаў. Што ён там рэфармаваў — невядома. А цяпер на даходы ў 40 цэнтаў за месяц ён езьдзіць па цэлым сьвеце. Вось у мяне таксама няма ніякіх даходаў і ніякіх правоў — і ўсім да лямпачкі. І нікуды я паехаць не магу... Усё гэта зусім ня сьмешна. Каб асабіста мне дапамагчы, ніхто нават пальцам не варухнуў»
.

Калі вас, спадарыня Ірына, будуць гэтак жа запрашаць у розныя краіны і аплачваць вашы падарожныя выдаткі — тады і вы зможаце падарожнічаць па цэлым сьвеце...

Увогуле, гэта даволі дзіўная ўласьцівасьць чалавечай сьвядомасьці і памяці. Станіслаў Шушкевіч ужо 19 гадоў як адхілены ад кіраваньня дзяржавай. Займаў высокую пасаду ён зусім нядоўга, усёй паўнаты ўлады ў дзяржаве ніколі ня меў. Больш за тое, у гісторыі і БССР, і новай незалежнай Беларусі ніколі не было лідэра больш дэмакратычнага, даступнага, сьціплага... І нягледзячы на ўсё гэта, вось такіх меркаваньняў, напоўненых і злосьцю, і зайздрасьцю, і нянавісьцю — у нашай пошце даволі шмат. Думаю, многае тлумачыцца тым, што пачатак 90-х гадоў, калі Шушкевічу выпала ўзначальваць Беларусь, быў для грамадзтва надзвычай складаным часам — калі распадалася вялікая дзяржава, калі разбуралася старая сыстэма ідэалягічных каштоўнасьцяў, калі катастрафічна падаў жыцьцёвы ўзровень... Многім гэта глыбока запала ў памяць і сьвядомасьць.

Аўтар наступнага ліста, Антон Пузан з Гомеля, вяртаецца да нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі, разважае пра стаўленьне кіраўніка дзяржавы да беларускай мовы. Слухач піша:

«Русыфікацыя ў нас даведзена да скрайняй мяжы, якая ўладамі, відаць, і плянавалася. Вось прыклад, які маглі бачыць усе, хто глядзеў апошнюю вялікую прэсавую канфэрэнцыю Лукашэнкі. Журналіст задае яму пытаньне па-беларуску, а ён адказвае па-расейску, зьдзекліва ўстаўляючы асобныя беларускія словы — нібы для зьдзеку. І ніхто ж яму на гэта не сказаў: „Гаварыце як умееце, але ня зьдзекуйцеся з таго, што сьвятое...“ Ну, што гэта за журналісты? Баязьліўцы, вартыя пагарды. Нібы чыноўнікі: рукі па швах, паслужлівая поза і ківаньне галавой: „Так, Аляксандар Рыгоравіч! Згодзен, Аляксандар Рыгоравіч“... Эх, што тут казаць... Спадзявацца нам ужо, відаць няма на каго і няма на што. Хіба што на выпадак.

...Канечне, мы, беларусы, самі ў многім вінаватыя. Выбіралі ў
94-м годзе, не разабраўшыся як сьлед — каго, за што, якія наступствы будзем мець. А потым, як крыху прыгледзеліся ды разабраліся, было ўжо позна. Цягнік адышоў. Найбольш вартыя апазыцыйныя палітыкі зьнікалі адзін за адным: Карпенка, Ганчар, Захаранка... Хто іх прыбраў? Ці датычная да гэтага ўлада? Паспрабуй цяпер разьбярыся».

У прэсавай канфэрэнцыі, пра якую вы, спадар Антон, згадваеце, бралі ўдзел больш як 350 журналістаў з 285 сродкаў масавай інфармацыі. Пераважная большасьць — прадстаўнікі дзяржаўных газэт (у тым ліку раённых і абласных), а таксама радыё, тэлебачаньня, агенцтваў. Натуральна, што ніякіх нязручных для Лукашэнкі пытаньняў яны не задавалі. Доступ недзяржаўных і замежных СМІ быў абмежаваны: адных увогуле не запрасілі, іншым паставілі ўмову: можаце прыслаць ня больш за аднаго карэспандэнта. Тым ня менш вострыя пытаньні на адрас кіраўніка дзяржавы прагучалі, у тым ліку і ад карэспандэнта «Свабоды» Алеся Дашчынскага.

Што да вашых, спадар Антон, нараканьняў з нагоды таго, што беларускамоўныя журналісты не зрабілі заўвагу прэзыдэнту альбо не папракнулі яго за стаўленьне да мовы... Фармат прэсавых канфэрэнцыяў не прадугледжвае таго, каб прадстаўнікі прэсы рабілі заўвагі альбо наўпрост у залі, дзе адбываецца канфэрэнцыя, перад мікрафонам камэнтавалі паводзіны таго, хто яе праводзіць.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG