Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падаюць даходы ад продажу калійных угнаеньняў


Беларуськалій, Салігорск
Беларуськалій, Салігорск

Кошт угнаеньняў у Індыю патаньнеў на 63 даляры.

«Беларуская калійная кампанія» падпісала пагадненьне з кампаніяй Indian Potash Ltd аб пастаўках хлёрыстага калію ў Індыю ў 2013 годзе па цане 427 даляраў за тону.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі ў прэс-службе кампаніі.

Адгрузкі аднаго мільёна тон угнаеньняў па новай цане пачнуцца ў лютым і працягнуцца да студзеня 2014 году.

Гендырэктар БКК Валеры Іваноў адзначыў, што гэтае пагадненьне «зьяўляецца чарговым этапам на шляху аднаўленьня попыту на калій, зробіць пазытыўны ўплыў ня толькі на ўнутраны, але і на ўсясьветны калійны рынак ужо ў найбліжэйшы час».

Раней угнаеньні ў Індыю пастаўляліся па 490 даляраў за тону.

Падзеньне цэнаў пачалося пасьля падпісаньня кантракту паміж канадзкім трэйдэрам калійных угнаеньняў Canpotex і кітайскай кампаніяй Sinochem. Згодна зь ім Кітаю будзе пастаўлены 1 мільён тон хлёрыстага калію па цэнах, ніжэйшых за папярэднія на 70 даляраў.

БКК ужо заключыла дамову з Кітаем на пастаўкі ўгнаеньняў у першым паўгодзьдзі па 400 даляраў за тону. Ранейшыя кантракты з Кітаем ішлі па 470 даляраў, таксама БКК заявілі пра гатоўнасьць з 1 красавіка пастаўляць хлёрысты калій для бразыльскіх спажыўцоў па 465 даляраў за тону.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG