Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Пушкін: Дзяржава пакідае за сабой права рэпрэсаваць і надалей


Алесь Пушкін з партрэтам Расьціслава Лапіцкага па дарозе ў Вярхоўны суд

Алесь Пушкін з партрэтам Расьціслава Лапіцкага па дарозе ў Вярхоўны суд

Вярхоўны суд адмовіў мастаку Алесю Пушкіну ў задавальненьні касацыйнай скаргі і пакінуў у сіле рашэньне суду Смаргонскага раёну, паводле якога мастак адбываў 10-суткавы адміністрацыйны арышт.

Смаргонскі раённы суд пакараў зьняволеньнем Алеся Пушкіна і штрафамі яшчэ некалькі мастакоў за тое, што ў верасьні 2012 году яны прайшлі па вуліцы мястэчка з партрэтам Расьціслава Лапіцкага — вядомага змагара паваеннага антысавецкага супраціву.

Алесь Пушкін безвынікова абскарджваў рашэньне пра сваё зьняволеньне ў судах вышэйшых інстанцыяў.

4 лістапада ён накіраваў касацыйную скаргу ў Вярхоўны суд, а перад тым прайшоў па вуліцы да будынку суду з тым самым партрэтам Расьціслава Лапіцкага. За гэта мастака затрымалі і рашэньнем суду Ленінскага раёну зьняволілі яшчэ на 12 сутак.

Днямі Алесь Пушкін атрымаў адказ, што Вярхоўны суд разгледзеў ягоную скаргу і пакінуў яе без задавальненьня.

Алесь Пушкін: «Гэткім чынам, трэба канстатаваць той факт, што будзіць памяць пра бязьвінна рэпрэсаваных у Беларусі зьяўляецца адміністрацыйным парушэньнем, якое цягне за сабой пакараньне.

Дзяржава, па сутнасьці, не прызнае тых бязьвінна рэпрэсаваных маладых людзей, якія стаялі каля вытокаў незалежнасьці. Бо ў Расьціслава Лапіцкага, да прыкладу, быў асноўны пасыл — „Жыве незалежная Беларусь“.

Змагар за незалежнасьць Беларусі Расьціслаў Лапіцкі дзяржавай не прызнаецца. А мастакі, якія будзяць памяць пра рэпрэсаваных, перасьледуюцца ў адміністрацыйным парадку.

Восеньню паспрабуем падаць заяву ў Смаргонскі гарвыканкам на правядзеньне выставы ў гонар Лапіцкага. Пра гэта мы размаўлялі са старшынём райвыканкаму. Будзем зьбіраць усё, што робім у гонар памяці Расьціслава Лапіцкага: партрэты, эскізы помнікаў, турэмныя малюнкі і гэтак далей.

Калі дадуць у Смаргоні залю — выставім усё гэта. Калі не — то бачна, што наладжваньне пэрфомансаў ці мастацкіх акцый цягне за сабой адміністрацыйнае пакараньне. Навошта ж быць шматразова пакаранымі?

Але самае галоўнае, што я адчуў маральнае права канстатаваць факт: нашая дзяржава — нэасталінская. Бо я ўбачыў рэакцыю дзяржавы на мастакоў, якія будзяць памяць пра тыя жахлівыя падзеі недалёкай гісторыі, якія адбываліся ва ўнутранай палітыцы дзяржавы — масавыя рэпрэсіі.

Па-сутнасьці гэта зроблена таму, што дзяржава пакідае за сабой права рэпрэсаваць і далей».
XS
SM
MD
LG