Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Іванішвілі пацьвердзіў курс на Захад»


Бідзіна Іванішвілі

Бідзіна Іванішвілі

100 дзён з моманту прыходу да ўлады прэм’ер-міністра Грузіі Бідзіны Іванішвілі былі нагодай для ягонай сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі.

Мы прапрасілі пракамэнтаваць заявы кіраўніка ўраду дырэктара грузінскай службы Радыё Свабода Давіда Какабадзэ.

Какабадзэ: Выступ быў доўгім, каля трох гадзінаў. Шчыра скажу — нейкіх заяваў канкрэтных я так і не пачуў. Там былі абвінавачваньні ў адрас былога ўраду. Увогуле, палітычнае жыцьцё ў Грузіі пераўтварылася ва ўзаемнае абвінавачваньне. Усялякія абвінавачваньні ва ўсіх грахах, спрабуюць зьмяніць якія заўгодна рашэньні папярэдняга ўраду — а тыя ў сваю чаргу абвінавачваюць цяперашніх. Пры гэтым краіна чакае ад палітыкаў нейкіх рашэньняў на карысьць дзяржавы, на карысьць грамадзтва. Але гэтага пакуль ня бачна. Гэтыя 100 дзён, якія прайшлі з моманту прыхода каманды Іванішвілі да ўлады, нейкіх сур’ёзных, пазытыўных пераменаў не прынесьлі. Калі казаць пра практычныя крокі — дык гэта выявілася ў вызваленьні з турмаў тых, каго называюць палітзьняволенымі. Але па якіх крытэрыях складаліся сьпісы вызваленых — зразумець цяжка.

Таксама, прэм’ер закранаў зьнешнепалітычныя аспэкты, у тым ліку — праблему ўзаемаадносінаў з Расеяй. Факт, што 20 працэнтаў тэрыторыі Грузіі акупавана Расеяй. І Расея не зьбіраецца адмаўляцца ад прызнаньня сэпаратысцкіх рэспублік Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Іванішвілі сказаў, што аднаўленьне адносінаў з Расеяй — адзін з галоўных прыярытэтаў Грузіі, але пасьпяшаўся дадаць, што галоўным стратэгічным партнэрам зьяўляюцца ЗША, падзякаваў гэтай дзяржаве за падтрымку.

Іванішвілі заявіў, што зьнешнепалітычны курс на Захад — на ўваход Грузіі ў НАТА і Эўразьвяз — застаецца нязьменным. Хаця трэба прызнаць, што ў гэтым сэнсе рыторыка Іванішвілі відавочна зрабілася больш мяккай. Ён відавочна імкнецца пазьбегчы слова «акупацыя» ў дачыненьні да Расеі, хаця яго атачэньне (напрыклад, міністар замежных справаў) яго ўжываюць, але ён сам відавочна пазьбягае.
XS
SM
MD
LG