Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь-Іран: не атрымалася ні з нафтай, ні з «Самандам»


Махамад Рэза Сабуры

Махамад Рэза Сабуры

Нашумелы сумесны праект Ірану і Беларусі, які меў на мэце асваеньне іранскага нафтавага радовішча Джафэйр спынены канчаткова. Пра гэта сёньня паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі новы амбасадар Ірану ў Беларусі Махамад Рэза Сабуры, адказваючы на пытаньне карэспандэнта «Свабоды».

Праект «Джафэйр» пяць гадоў таму шырока рэклямаваўся ў Менску як супольнае дасягненьне дзьвюх краінаў, якія аднолькава не прымаюць, паводле выказваньняў іх кіраўнікоў, «аднапалярную карціну сьвету». Бакі стварылі сумеснае прадпрыемства «Белпарс» і нават пачалі выведку радовішча Джафэйр. Абяцалі, што неўзабаве адсюль пацячэ паўтара мільёна тон нафты на год, а пэрыяд стабільнай здабычы ахопіць сама меней дзесяць гадоў.

Што стала з гэтым праектам? На пытаньне «Свабоды» пра пэрспэктывы Джафэйру амбасадар Махамад Рэза Сабуры адказаў:

«Што тычыцца праекту „Джафэйр“, то пэўны час таму ён цалкам спынены. І з таго часу ніякія працы па гэтым праекце болей не праводзяцца».

Затым амбасадар дадаў, што прычыны спыненьня праекту ня толькі тэхналягічныя, але юрыдычныя. Прававыя праблемы, паводле Махамада Рэзы Сабуры, перашкаджаюць і яшчэ аднаму супольнаму праекту — па зборцы легкавых аўтамабіляў «Саманд» у Абчаку. Пяць год таму, калі ўсё толькі пачыналася, кіраўніцтва Беларусі пагадзілася, што іранская доля складзе 49% ад усяго капіталу. Цяпер гэтая лічба не задавальняе беларускі бок.

Абодва згаданыя праекты ладзіліся пад асабістым патранажам кіраўнікоў краін — Аляксандра Лукашэнкі і Махмуда Ахмадзінэджада. «Аднак часам і асабістая зацікаўленасьць найвышэйшых асобаў не гарантуе посьпеху пэўным эканамічным праектам», — адзначае дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў:

Андрэй Ягораў

Андрэй Ягораў

«Калі такі праект пачынаецца, то, натуральна, пачынаюць дзейнічаць і рынкавыя эканамічныя законы. А паколькі ў Беларусі з гэтым ня ўсё добра, то ў выніку ўсё вось так і атрымліваецца, як з тым жа „Самандам“.

А што тычыцца нафтавага праекту, то — так, дамоўленасьці кіраўнікоў тут могуць быць дасягнутыя. Але ж пасьля наступае час канкрэтнай рэалізацыі праекту. А рэалізацыя залежыць ад роўню выкананьня, веданьня каньюнктуры, падрыхтаванасьці мэнэджэраў, веданьня мясцовых асаблівасьцяў, натуральна — тэхналягічнага складніку, і г.д. І вось тут бачна, што і Іран, і Беларусь знаходзяцца не на вышыні сытуацыі».

«Алюзіямі і дзіўнымі славяна-мусульманскімі флюідамі» называе спробу супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Іранам кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

Леанід Заіка

Леанід Заіка

«Палітычная воля была з абодвух бакоў. І там, і там на чале моцныя людзі, якім патрабуецца пакланеньне. Гэта іх збліжала. А эканамічныя праекты? Іран цудоўна жыве, прадаючы нафту. І яму болей нічога рабіць і не патрэбна. А ў Беларусі асноўная формула жыцьця — знайсьці танную нафту, перапрацаваць і прадаць эўрапейцам. І навошта тады ўсялякія аўтамабілі „Саманд“, яшчэ нешта?

Думалі, мабыць, перахітрыць іранцаў. Не атрымалася. Яны танна нафту не прадаюць. Далі радовішча — сьвідруйце. Але здабываць нафту — справа нялёгкая. Не атрымалася. Вось і канец праектам».

Адказваючы на яшчэ адно пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода, ці сапраўды беларускія спэцыялісты працуюць на ядзерных аб’ектах Ірану, амбасадар адказаў адмоўна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG