Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьнягір выйшаў з-за кратаў праз чатыры гады


Былы пракурор Менскай вобласьці Міхаіл Сьнягір

Былы пракурор Менскай вобласьці Міхаіл Сьнягір

Былы намесьнік генпракурора і дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Міхаіл Сьнягір вызвалены са Шклоўскай калёніі.

«Менавіта подпіс Сьнегіра стаіць на пастанове аб затрыманьні сумна вядомага Дзьмітрыя Паўлючэнкі. Камандзір „эскадрону сьмерці“ правёў за кратамі дзень, экс-пракурор чатыры гады», — піша ў фэйсбуку старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

Кіраўнік прэсавай службы МУС Канстанцін Шалькевіч паведаміў карэспандэнту «Свабоды», што па рашэньні суду Сьнегіру замянілі пакараньне на больш мяккае: пазбаўленьне волі — на абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу. Адбываць пакараньне Сьнягір будзе цяпер дома. Яму застаўся яшчэ 1 год 11 месяцаў 11 дзён.

Як паведамілі карэспандэнту Свабоды ў «Менскім гарадзкім цэнтры нерухомасьці» выстаўлены на аўкцыён канфіскаваны ў Міхаіла Сьнегіра зямельны участак у садовым таварыстве «Зялёны бор» прададзены. Участак разьмешчаны ў Менскім раёне прыблізна ў 2 кілямэтрах ад Калодзішчаў. Памер участка складае усяго 4 соткі.

Вярхоўны суд Беларусі 7 траўня 2010 году прызнаў былога пракурора Менскай вобласьці Міхаіла Сьнегіра вінаватым у карупцыйных злачынствах і прысудзіў да 7 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасьці, а таксама з пазбаўленьнем права займаць пасады на дзяржаўнай службе на працягу пяці гадоў і пазбаўленьнем чыну дзяржаўнага дарадцы юстыцыі 3-ай клясы.

З 2011 году, пасьля таго як абарона вычарпала ўсе спосабы абскардзіць прысуд, пракурор Менскай вобласьці Міхаіл Сьнягір адбываў пакараньне ў калёніі ў Шклове.

Сваёй віны Сьнягір не прызнаў, а пасьля абвяшчэньня прысуду заявіў журналістам, што стаў ахвярай карупцыянэраў ва ўладзе, і што за тое, каб яго асудзілі «нехта пакункамі грошы прыносіў».

У канцы 2008 году на нарадзе па барацьбе з карупцыяй Аляксандар Лукашэнка агучыў падазрэньні ў незаконным набыцьці Сьнегіром элітнай кватэры ў Менску і будаўніцтве на падстаўных асобаў загараднага катэджу. Суд вынес сваю пастанову на падставе толькі другога эпізоду.

У 2012 годзе дзяржава выставіла на продаж зямельны ўчастак, канфіскаваны ў Міхаіла Сьнегіра.
XS
SM
MD
LG