Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь вачыма суайчыньнікаў і замежнікаў (фотаконкурс)


Ці існуе розьніца паміж тым, якой бачаць беларусы сваю Радзіму, і тым, якой бачаць яе нашыя заходнія суседзі? Калі так, то дзе і ў чым яна палягае? Пашукаць розьніцу вырашылі арганізатары фотавыставы, што мае адбыцца ў нямецкім мястэчку Рэгенсбург.

Паводле арганізатараў праекту, многія штодзённыя рэчы, якія беларусам падаюцца звыклымі і нецікавымі, зусім па-іншаму ўспрымаюцца замежнікамі:

«Шпацыруючы па вёсцы, мы, хутчэй за ўсё, не пацягнемся за камерай, каб сфатаграфаваць пафарбаваную ў чырвоны колер драўляную хату. Бюст жа Леніна на фоне царквы хоць і падасца нам недарэчным, але, згадзіцеся, звыклым. А вось з альбомаў маладых нямецкіх наведвальнікаў наша краіна паўстае менавіта такой...»

«Беларусь на свае і чужыя вочы — дзьве пэрспэктывы адной краіны» —- ідэя праекту фотавыставы, якую рэалізуе Усходне-Заходні-Цэнтар Рэгенсбургскага унівэрсытэту ’’Еўрапэюм’’ (Das Ost-West-Zentrum der Universität Regensburg «Europaeum»). Да ўдзелу запрашаюцца беларусы да 35 гадоў, аматары і прафэсійныя фатографы.

Паводле арганізатараў, «галоўнае — усебакова паказаць Беларусь, закрануўшы пэўныя тэмы. Такія, напрыклад, як чалавек, штодзённае жыцьцё, сьвяты, традыцыі, адукацыя, палітыка, прырода, адметнасьці, будынкі ды іншае».

Арганізатары заклікаюць дасылаць вашыя працы да 25.02.13 на адрас з апісаньнем здымкаў і пазначэньнем аўтарства. Прымаецца да 10 фатаграфіяў ад адной асобы.

Выстава адбудзецца ў траўні-чэрвені ў Нямеччыне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG