Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загадана рабіць неканкурэнтаздольнае мяса кругласутачна


Гомельскі мясакамбінат
Гомельскі мясакамбінат

Гомельскія ўлады запатрабававалі ад трох мясцовых мясакамбінатаў — у Калінкавічах, Жлобіне й Гомелі — перайсьці ў лютым на кругласутачны рэжым працы. І гэта пры тым, што перапрацоўчыя прадпрыемствы й без таго затавараныя мясам.

Асабліва шмат на складах і ў лядоўнях назапасілася замарожанай ялавічыны. З аднаго боку, гэта зьвязана з ростам жывёлагадоўчай прадукцыі ў рэгіёне, зь іншага — з уступленьнем Расеі ў Усясьветную гандлёвую арганізацыю. Цяпер прадаваць сваё мяса беларусам у Расеі стала складана — на яе рынкі прыйшлі вытворцы з Аргентыны, Бразыліі, Новай Зэляндыі, некаторых краін Эўразьвязу.

Намесьніца дырэктара Калінкавіцкага мясакамбінату ў пытаньнях вытворчасьці спадарыня Крыўленка кажа, што няма асаблівай складанасьці вырабіць прадукцую. Праблема ў іншым:

«Запусьціць у тры зьмены — гэта не праблема. А куды падзець прадукцыю? І ў тры зьмены — не забой і мяса, а менавіта прадукты перапрацоўкі — каўбасныя вырабы, паўфабрыкаты, кансэрвы. Вось гэта ўсё. Дзеля таго, каб не сыравіну адпраўляць у Расею, а перапрацаваную прадукцыю. Мяса на паўтушах — гэта сыравіна».

Пераважна такую мясную прадукцыю й адпраўляюць беларускія камбінаты ў суседнюю краіну. На іншую ў Расеі знаходзяцца пастаўшчыкі з той жа Паўднёвай Амэрыкі:

«Мяса з Амэрыкі яны бяруць ужо абваленае, адсечанае. А калі мы прапануем такое мяса, дык яно не канкурэнтаздольнае з амэрыканскім, бразыльскім мясам — у нас, нягледзячы на тое, што бліжэй вазіць, сабекошт яго значна вышэйшы. Яны з задавальненьнем узялі б нашае мяса, калі б кошт яго быў такім альбо ніжэйшым, чымсь бразыльскага».

Сыравінны экспарт мясной прадукцыі характэрны й для іншых мясакамбінатаў. Пра гэта, у прыватнасьці, кажуць і жлобінскія перапрацоўшчыкі:

Каля фірмовай крамы Калінкавіцкага мясакамбінату
Каля фірмовай крамы Калінкавіцкага мясакамбінату
«Практычна ўсе мясакамбінаты — 45 адсоткаў, пад 50 удзельнай выпрацоўкі — прадаюць мяса на касьцях. Мы не выключэньне. Як бярэ яго Расея? Па выніках студзеня меркаваць складана, паколькі Расея ў студзені практычна два тыдні не працаала. Таму, пэўна, студзень не паказьнік».

Суразмоўца не хавае, што гандляваць з суседкай цяперашнім асартымэнтам мясной прадукцыі становіцца ўсё больш складана, і асабліва па ўстаноўленых «зьверху» цэнах:

«Як у любога пакупніка, у Расеі вельмі жорсткія патрабаваньні да якасьці тавару, які пастастаўляецца. Апрача таго, кожны выбірае цану. Усе ж добра ведаюць: мы грузім па індыкатыўных цэнах (індыкатыўная — такая цана, ніжэй за якую нельга прадаваць). Сёньня ведаем па чутках: там Украіна завезла мяса ў Расею, там з Аргентыны прывезьлі. Натуральна, цэны ў іх ніжэйшыя».

Спэцыяліст Гомельскага мясакамбінату, зьвязаны з пастаўкамі прадукцыі за межы краіны, лічыць, што адказы на памеры мяснога экспарту трэба шукаць у Міністэрстве сельскай гаспадаркі, бо залежаць яны найперш ад цэнаў:

«У нас экспартныя цэны фармуе Міністэрства сельскай гаспадаркі. Лепей у іх запытацца, на падставе чаго яны рэгулююць цэны».

Дарэчы, сёлета аграпрамысловая галіна Беларусі мусіць атрымаць ад экспарту сваёй прадукцыі 7 мільярдаў даляраў прыбытку. Гэтага запатрабаваў ад аграрнікаў кіраўнік дзяржавы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG