Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ў лягерах для ўцекачоў


Сьцяг над швэдзкім міністэрствам міграцыі

Сьцяг над швэдзкім міністэрствам міграцыі

«Вакол руіны і жудасныя брудныя баракі. Лес. Нуль цывілізацыі. Самалійцы ў нацыянальных балахонах гуляюць у пінг-понг. Чамусьці дзіка рагочуць. Белых адзінкі. Чалавек 5–7», — так апісвае сваё жыцьцё ў нарвэскім лягэры для ўцекачоў Tanum журналістка Вольга Класкоўская.

Паўтары тысячы беларусаў папрасілі прытулку толькі ў скандынаўскіх краінах. Яшчэ 833 чалавекі зьвярнуліся з такой просьбай у ЗША і Канадзе. Гэта за пэрыяд з 2010 па другі квартал 2012 году. Такія лічбы падае Агенцыя ААН па справах уцекачоў.

Беларусы трапілі ў топ-10 краінаў, грамадзяне якіх просяць прытулку ў Польшчы — 23 чалавек, Чэхіі — 8, Ісьляндыі, Літве і Партугаліі — ад 1 да 4 чалавек. Усё гэта дадзеныя за другі квартал 2012 году.

Агулам ААН налічвае ў сьвеце каля 34 мільёнаў уцекачоў. Паводле неафіцыйных зьвестак, іх можа быць на 10 мільёнаў болей. Тыя, хто просіць прытулку, асабліва палітычнага, праходзяць праз шмат выпрабаваньняў і сутыкаюцца зь бюракратычнай сыстэмай замежных краінаў. Як беларускім уцекачам жылося ў чаканьні палітычнага прытулку?

Вольга Класкоўская

Вольга Класкоўская

Гісторыя палітуцякачкі Вольгі Класкоўскай, якую швэдзкія ўлады зьбіраюцца дэпартаваць разам з старэйшай дачкой у Беларусь, выклікала шырокі розгалас у грамадзтве. Яшчэ і тым, што Вольга замужам за швэдзкім грамадзянінам, мае малое дзіця, якое якраз застанецца з бацькам, паводле швэдзкіх законаў. Вольга Класкоўская ня раз апісвала жахі антыгуманнай бюракратыі. Гэтак, апавядаючы пра свой досьвед жыцьця ў нарвэскім транзытным лягеры Танум, Вольга піша: «Такое адчуваньне, што я знаходжуся недзе ў Кабуле ці Магадыша. Вакол руіны і жудасныя брудныя баракі. Лес. Нуль цывілізацыі. Самалійцы ў нацыянальных балахонах гуляюць у пінг-понг. Чамусьці дзіка рагочуць. Белых адзінкі. Чалавек 5–7».

Славамір Адамовіч

Славамір Адамовіч

У гэтым жа лягеры быў паэт Славамір Адамовіч. Ён правёў там два гады: «Там усе ўмовы, якія маюць усе звычайныя грамадзяне Нарвэгіі. Іншая справа, што залежыць ад таго кантынгенту, які там знаходзіцца. Ёсьць шмат такіх, якія нармальнай прыбіральні ня бачылі. Кармілі цудоўна. Мне даводзілася толькі зь вялікім зьдзіўленьнем назіраць, як людзі, якія ўцякаюць ад канфліктаў, абыходзяцца з гэтымі прадуктамі. У футбол гулялі апэльсінамі, яблыкамі. Можаце сабе ўявіць, колькі там было ежы».

Дзьмітры Плакс

Дзьмітры Плакс

«Гэтыя лягеры падобныя да савецкіх піянэрскіх лягераў, — кажа журналіст і перакладчык Дзьмітры Плакс. Калі ён прыехаў у Швэцыю 20 гадоў таму, доўгі час працаваў перакладчыкам для швэдзкага Міграцыйнага бюро. Паводле абавязкаў наведваў такія лягеры рэгулярна:

«Вядома, здараецца, што людзі скардзяцца, бо ня так салодка жыць у такіх умовах. Але ў маёй практыцы не было, каб людзі агульна на ўмовы скардзіліся, можа на нейкія асобныя дэталі. Жыцьцё ў статусе чалавека, які чакае адказу на сваю заяву аб прытулку, вельмі цяжкае. У Беларусі, мне падаецца, існуе ўяўленьне, што швэдзкая дзяржава шчодра дапамагае тым, хто просіць прытулку. Гэта зусім ня так. Вядома, дапамогу яны атрымліваюць, але яна вельмі малая. На гэтыя грошы нават пражыць вельмі цяжка. На той момант гэта было каля 64 крон на дзень — гэта значыць каля шасьці эўра».

Трохі іншы досьвед у Ігара Войніча, які прасіў і атрымаў палітычны прытулак у Польшчы. У 2007 годзе ён трапіў пад Варшаву ў лягер, разьмешчаны ў былой вайсковай частцы. Кажа, што там было шмат вышлых з каўкаскіх рэспублік былога СССР. «Першы тыдзень — гэта ў спартовай залі жылі, там проста матрацы былі на падлогу пакладзеныя. Спаць амаль немагчыма было, дзеці ўвесь час крычаць, поўзаюць па табе. А пасьля, калі ўжо тыдзень пажывеш у гэтай залі, то табе прапаноўвалі маленькі пакойчык. Там ложкі ў некалькі ярусаў».

Але, па словах Ігара, цяпер кожны, хто просіць прытулку, можа выбіраць, ці заставацца яму ў лягеры, ці ісьці да знаёмых і сяброў. Пазьней у Войніча зьявілася ўжо і магчымасьць наймаць кватэру. Прытулак яны з жонкай атрымалі праз паўтара году. А цяпер ужо маюць сваю ўласную перакладчыцкую фірму.

Уладзіслаў Яндзюк

Уладзіслаў Яндзюк

Уладзіслаў Яндзюк, сябра Рады БНР, атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі яшчэ 15 гадоў таму. Ён кажа, што тады заканадаўства было нашмат больш строгае.

«Амбіцыі проста закрываюць людзям здаровы розум. Я так разумею, што калі чалавек прыходзіць і просіць прытулку, ён павінен быць рады, што ў яго ёсьць нешта над галавой, яго нехта грэе, корміць. Ён павінен быць удзячны той краіне, якая яму дае магчымасьць гэтага прытулку. А калі чалавек за гэта няўдзячны, то хай вяртаецца туды, адкуль прыйшоў, калі яму там было лепей. Гэта не ўцякач, а той, хто шукае лепшага жыцьця. Калі чалавек уцякае, ён удзячны краіне, якая дала яму бясьпеку».

Шлях уцекача сапраўды вельмі няпросты. Усе нашыя рэспандэнты пацьвярджаюць, што здараецца, калі людзі, якім адмаўляюць у прытулку, робяць спробы самагубства ці сапраўды сыходзяць з жыцьця. Адбываецца гэта і з тымі, хто вымушаны чакаць рашэньня па 5-10 гадоў. Бывалі выпадкі, кажа Дзмітры Плакс, калі людзі за час чаканьня пасьпявалі ўжо зрабіць пэўную кар’еру і ўсталявацца ў швэдзкім грамадзтве (паводле швэдзкага заканадаўства тыя, хто чакаюць прытулку, маюць права працаваць), а пасьля атрымлівалі адмову.

Беларускі палітуцякач Аляксандар Шчурко, які атрымаў прытулак у Нідэрляндах, апавёў нам, што ў дэпартацыйнай турме ў Амстэрдаме знаходзіцца гарадзенец Анатоль Мішкевіч. Ён папрасіў прытулку ўжо тры гады таму. Цяпер ён, магчыма, утрымліваецца ў аддзяленьні для псыхічна хворых, бо рабіў тры спробы самагубства.

Натальля Радзіна

Натальля Радзіна

Натальля Радзіна, рэдактарка сайту «Хартыя-97» піша ў сваім фэйсбуку, што «працэдура атрыманьня статусу палітуцекача — гэта вялікая праблема эўрапейскіх краінаў. Яны не гатовыя да таго, што з Расеі, Беларусі, а хутка і з Украіны да іх пабяжыць вялікая колькасьць людзей. Іх бюракратычная машына не дае рады. Ніхто не разумее, наколькі прыніжальныя для чалавека ўсе гэтыя працэдуры праверкі сапраўднасьці яго гісторый».

Але трэба разумець, што большасьць краінаў маюць справу з уцекачамі, якія бягуць ад пагрозы сьмерці і голаду, ваенных канфліктаў. Толькі за час сёлетняй вайны ў Сырыі адтуль уцякло 200 тысяч чалавек. Тыя беларусы, якія абіраюць для сябе шлях палітычнага ўцякацтва, мусяць улічваць гэты фактар.

«Так, у гэтай сыстэме ёсьць свае недахопы. Варта ўлічыць, што прытулку просяць абсалютна розныя людзі, — пацьвярджае Дзмітры Плакс. — Але яна працуе і дазваляе людзям зьберагчы жыцьцё, атрымаць ежу, дах над галавой і працу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG