Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэвалюцыя на Кубе, якая пачалася ў пяцідзясятых стралянінай каля Манкады і скончылася ў дзевяностых на пляжах Варадэра, зьмяла сваёй барадатай мятлой амаль усю старую эліту. Сярод тых, хто ў 1959-м пакідаў выспу на філязофскіх і іншых параплавах, была і сям’я Бакардзі. Тых самых Бакардзі, чый продак дон Факунда перасяліўся некалі з Гішпаніі ў Гавану, каб зрабіць немагчымае: прымусіць тагачасныя вяршкі грамадзтва палюбіць грубы напой піратаў, капэраў і катаржнікаў — карацей, усялякіх рэвалюцыянэраў. Ён самы — ром.

4 лютага 1862 году была заснаваная фірма «Bacardi y Compañía», уладальнік якой дон Бакардзі сам, не шкадуючы ні пячонкі сваёй, ні носа, ні грошай, шляхам спробаў і памылак ператварыў таннае карыбскае чарніла ў бурштынавага колеру амброзію, якой ня гідзяцца нават асобы каралеўскай крыві. Перш за ўсё ром трэба было пачысьціць — і Бакардзі з імпэтам навукоўца ўзяўся дасьледаваць мэтады вугальнай фільтрацыі. Трэба было папрацаваць над колерам — і Бакардзі ператвараўся ў мастака. Трэба было пазбавіць ром смуроду і даць яму водар — і Бакардзі станавіўся руплівым парфумэрам. Трэба было аддаць ром на выхаваньне дубовым бочкам — і, як клапатлівы бацька, дон Факунда гадзінамі стаяў, нахіліўшыся над заснулым напоем і спрабуючы зразумець, што сьніцца ягонаму дзецішчу. Цьмянае сьвятло лямпы лавіла на паверхні напоўненых бочак няяснае адлюстраваньне будучых мільёнаў пэса. Часам, праўда, на паверхні зьяўляўся, як прывід, барадаты твар нейкага маладзёна, які, пыхкаючы цыгарай, літрамі спусташаў запасы фірмы — і тады дон Факунда тушыў лямпу і падымаўся наверх, да шчодрага кубінскага сонца, якое так любіць цукровы трысьнёг.

Які, насуперак уяўленьням, зусім не карыбская расьліна — ён паўтарыў лёс дона Бакардзі, перабраўшыся некалі з Старога Сьвету ў Новы і заваяваўшы яго за лічаныя дзесяцігодзьдзі. Звычайна ўсё бывае наадварот — і пераможнае шэсьце бульбы найлепшы таму прыклад (калі кагосьці і можна называць бульбашамі, дык гэта нашых нядаўніх вэнэсуэльскіх братоў ці іхных суседзяў калюмбійцаў). Цукровы трысьнёг, з патакі якога нейкая сьветлая галава дадумалася рабіць алькагольны напой, зьдзейсьніў у нейкім сэнсе кругасьветнае падарожжа: з Азіі ў Эўропу, а адтуль у Амэрыку, вярнуўшыся на радзіму продкаў ужо ў выглядзе Рому Бакардзі: глядзіце, зайздросьціце, толькі што з Захаду, каштую во колькі і касьцюмчык маю фірмовы — з кажаном на штрыфлі.

Знакаміты сымбаль Бакардзі — кажан, які распасьцёр крылы ня горш за гербавых арлоў — зьявіўся выпадкова: жонка Бакардзі завітала неяк да мужа на фабрыку і пабачыла пад дахам няшчаснага крылатага крывасмока, які сядзеў там і з асалодай удыхаў салодкія выпарэньні. З тае пары кажан і лётае над сьветам. Ром п’юць нават цьвярозьнікі і язьвеньнікі, а таксама дыктатары, якія насамрэч і ёсьць сапраўдныя крывасмокі, у адрозьненьне ад малога бяскрыўднага рукакрылага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG