Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры тарпэды. І ўсе міма


Тэкст Альгерда Бахарэвіча «Чатыры тарпэды», па шчырасьці, уразіў. Уразіў тым, як ідэалёгія можа «заесьці» нават вельмі таленавітага мастака.

Калі Альгерд хацеў сказаць, што яму брыдкая савецкасьць ува ўсіх яе праявах, дык меў, зразумела, поўнае права. Але заўвагі пра «алькаголіка і весялуна» Марынэска (а калі б у рот гарэлкі ня браў, дык лепш было б?), пра кепскія, ідэалягічна агідныя надпісы (а было б напісана «За Хатынь», «За Менск» ці «За Берасьце», што ў прынцыпе магло быць, то было б ОК?) і іншыя тонкія намёкі на тое, што савецкія былі зьвяры і забойцы, і толькі яны і былі імі, робяць даволі агіднае ўражаньне.

Рэч нават ня ў тым, што Альгерд, засяродзіўшыся на розных калярытных дэталях, якія ня маюць дачыненьня да здарэньня, пакінуў за дужкамі сваёй нарацыі тыя дэталі ўласна атакі на карабель, якія яму нагадалі наведнікі нашага сайту: што «Вільгельм Густлёф» быў пафарбаваны як баявы карабель (прынамсі існуе такая вэрсія), што атака адбывалася ў цёмны час сутак і камандзір падлодкі проста ня мог вызначыць характар цэлі, што на борце карабля былі калегі Марынэска — нямецкія падводнікі, якія маглі стаць у строй і гэтак жа тапіць караблі саюзьнікаў. Гэтыя дэталі ці — як мінімум — спрэчныя моманты аўтару ня толькі не патрэбныя, а нават шкодныя — гэта неяк разбурае простую, як аглобля, схему пра савецкіх салдатаў — зьвяроў і ваенных злачынцаў.

Але насамрэч прычына нават не ў дэталях. А ў пэўнай оптыцы ідэалягічнага погляду аўтара. Савецкая сыстэма была сапраўды жахлівай сыстэмай, яна сапраўды зрабіла незьлічоныя злачынствы. Але Альгерд абраў гранічна няўдалы прыклад, каб прадэманстраваць гэта, бо менавіта ў справах кшталту патапленьня «Вільгельма Густлёфа» гэтая сыстэма была зусім не самотнай. Прычым іронія гісторыі палягае ў тым, што Альгерду, які жыве ў Гамбургу, і езьдзіць далёка ня трэба, каб уведаць пра гэта.

З 25 ліпеня па 3 жніўня 1943 году менавіта Гамбург зьведаў адно з самых жахлівых бамбаваньняў часу Другой сусьветнай вайны. Паводле самых сьціплых падлікаў, у выніку іх загінула 50 тысяч (!) чалавек. І цікава, колькі зь іх было дзяцей, жанчын, старых? Мяркую, што большасьць, бо мужчыны ж пераважна былі на фронце. Прычым калі Марынэска мог і ня ведаць, хто там на борце карабля — салдаты ці дзеці, то лётчыкі брытанскіх і амэрыканскіх ВПС, бамбуючы жылыя кварталы Гамбургу, пэўна разумелі, каго яны забіваюць. І, дарэчы, да канца вайны Гамбург бамбавалі яшчэ 69 разоў.

Але ліпень ня хутка, а Альгерд, відаць, увайшоў у каляндарны рытм. Аднак зусім хутка — іншая прыкметная дата. 13 лютага 1945 году — пачатак бамбаваньняў Дрэздэну. За тры дні там, ізноў жа па самых сьціплых падліках, загінулі 25 тысяч чалавек. Каго — разумееце. Не салдатаў пераважна.

Дарэчы, прыгаданы Альгердам Гюнтэр Грас лічыў і саюзьніцкія бамбаваньні Нямеччыны ваеннымі злачынствамі.

Дык вось мне цікава, калі падыдуць адпаведныя даты — ці даведаемся мы ад аўтара календара, колькі «веселуноў і алькаголікаў» было сярод пілётаў, якія несьлі сьмерць дзецям Гамбургу і Дрэздэну (калі меркаваць з клясыкі амэрыканскай ваеннай прозы «Трук-22», такіх было нямала), ці даведаемся, якія дэмакратычна правільныя надпісы мелі тыя бомбы (хаця калі, скажам, «За Лёндан», то як жа гэтая імпэрская пыха была, відаць, крыўдная шатляндцам і валійцам)? А самае галоўнае — ці даведаемся, якімі пачварамі, зьвярамі, забойцамі і падонкамі, такімі ж, як Марынэска, былі амэрыканцы і брытанцы, што сядзелі за штурваламі тых бамбавікоў?

Калі так, то пазыцыя просьценькая, але па-свойму годная і пасьлядоўная. Кепска, калі забіваюць людзей, кепска, калі забіваюць дзяцей дзеля чаго б там ні было і хто б гэта ні рабіў, кепска, калі вайна. Ну так, у агульным пляне хто ж будзе спрачацца? Але людзі ваююць адвеку, ваююць і цяпер, і ад пісьменьніка чакаеш нечага больш глыбокага, чакаеш быкаўскага разуменьня трагічнасьці і безвыходнасьці дылемаў, якія ставіць перад чалавекам вайна, а не банальных пропісяў.

А вось калі не, калі Марынэска ўжо пэўна пачвара, а доблесныя лётчыкі — ну абавязак выконвалі, ну шкада, што так атрымалася, ну што тое памінаць, ёсьць і іншыя даты, то будзе гэта фарысэйствам нізкай пробы і ідэалягічным шулерствам. Пісьменьнікам прапагандай лепш не займацца — асобны жанр. Хапае майстроў. Душу і талент пашкадаваць варта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG