Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым бліжэй да прэзыдэнцкіх выбараў, тым больш у незалежных мэдыях абмяркоўваецца, здаецца, вечнае беларускае пытаньне «што рабіць?» (бо на другое вечнае пытаньне — «хто вінаваты?» — адказ усім вядомы).

На сайце belaruspartisan.org надрукаваны артыкул Аляксандра Камароўскага «Апазыцыйны фронт». Аўтар — прыхільнік вядомага грамадзкага дзеяча Ўладзімера Барадача, які апошнім часам разьвіў вялікую актыўнасьць на ніве барацьбы з рэжымам. У сваім артыкуле А. Камароўскі чарговым разам сфармуляваў усе тэзісы, якія ўжо неаднаразова гучалі ад прадстаўнікоў каманды Барадача ў розных мэдыях.

Першы тэзіс. Беларуская апазыцыя дрэнь, бо няма вынікаў. «У старой апазыцыі няма палітычнай сілы, здольнай узяць уладу пры іх адарванасьці ад народных мас і нізкім рэйтынгу... Апазыцыя практычна ня можа нічога прапанаваць, таму што няма ў яе за душой нічога, акрамя асабіста-карысьлівых інтарэсаў, і, верагодна — дазволу ад гаспадароў. 18 гадоў яны жылі ніштавата і надалей гатовыя да бясконцасьці існаваць, кожны выконваючы задачы, якія стаяць перад ім».

Не зьбіраюся тут быць абаронцам апазыцыі. Але дзеля аб’ектыўнасьці хачу адзначыць, што ва ўмовах жорсткага аўтарытарнага рэжыму апазыцыя ня можа быць моцнай і ўплывовай паводле азначэньня.

Другі прынцыповы тэзіс А. Камароўскага: трэба стварыць новую апазыцыю з нуля. «Сапраўдны апазыцыйны рух, або фронт нацыянальнага вызваленьня, неабходна будаваць з нуля і сіламі новай апазыцыі на базе вайскоўцаў, працоўнай клясы, рэвалюцыйнай моладзі... Гэта значыць, займацца трэба тым, што робіць цяпер палкоўнік Уладзімер Барадач і яго каманда. Таму „раскручваць“ трэба толькі новы і сьвежы кірунак. Марнаваць сілы і сродкі на старую пласьцінку — гэта дапамагаць рэжыму ўтрымацца ва ўладзе на чарговы тэрмін, што немэтазгодна. Раскручваць трэба новы напрамак, як Раду нацыянальнага адраджэньня. Толькі тут будзе вынік, бо за ёй будучыня, за ёй пойдуць людзі ў пагонах, ёй паверыць народ (таму што няма каму больш верыць), павераць чыноўнікі, а гэта вельмі сур’ёзная сіла, якая цяміць у пытаньнях кіраваньня. Іншых варыянтаў пакуль на гэтым кірунку няма».

Здавалася б, на першы погляд, ідэя рацыянальная. Сапраўды, калі ў грамадзтве ёсьць запатрабаваньне пераменаў, старая апазыцыя яго не задавальняе, то лягічна прыйсьці да высновы, што ніша свабодная і яе можна лёгка запоўніць. Трэба толькі прыкласьці намаганьні.

Цікава толькі тое, што гэтая ідэя зусім ня новая. За 18 гадоў кіраваньня Лукашэнкі было шмат спробаў стварэньня нейкай «трэцяй сілы», якая дыстанцыюецца ад «старой апазыцыі», пазыцыянуе сябе паміж ёй і ўладай. Вось толькі некалькі найбольш гучных ініцыятываў.

У 2001 годзе былы міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў пасьля выхаду з турмы стварае рух «За новую Беларусь» пад прэзыдэнцкую кампанію кіраўніка прафсаюзаў Уладзімера Ганчарыка.

У 2003–2005 гадах падобную структуру спрабаваў стварыць генэрал Фралоў.

У 2005 годзе Аляксандар Казулін стварыў грамадзкую ініцыятыву «Воля народу».

У 2010 годзе была створаная кампанія «Гавары праўду».

Якія вынікі ўсіх гэтых палітычных новабудоўляў?

Па-першае, арганізатары і ініцыятары гэтых праектаў вельмі хутка са зьдзіўленьнем адкрывалі для сябе, што новых людзей, не заангажаваных у старыя апазыцыйныя структуры, вельмі мала. А каб наваствораная структура магла неяк заявіць пра сябе і існаваць, то давялося перавабліваць актывістаў тых самых дзясяткі разоў скрытыкаваных апазыцыйных партый. Казулін проста ўзяў гатовую апазыцыйную сацыял-дэмакратычную партыю, якая і сабрала яму неабходныя 100 тысяч подпісаў падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году.

Па-другое, па-за іхняй воляй лёгіка палітычнага працэсу выштурхала гэтыя наваствораныя рухі ў апазыцыйнае гета. І яны апынуліся ў адным шэрагу зь іншымі арганізацыямі, якія супрацьстаялі рэжыму. І праз кароткі час іх было ўжо цяжка адрозьніць ад «старых» апазыцыйных партый. Бо беларуская палітычная сыстэма двухпалярная, двухполюсная, абодва полюсы вельмі моцныя, пасярэдзіне ўтрымацца немагчыма.

Па-трэцяе, лёс гэтых новабудоўляў (акрамя кампаніі «Гавары праўду») аказаўся недаўгавечным. Хто цяпер успомніць пра рух «За новую Беларусь»? Куды дзелася грамадзкая ініцыятыва «Воля народу»? А «старыя» БНФ, АГП, БСДП (Грамада), БПЛ «Справядлівы сьвет» існуюць дасюль. Можна, вядома, сказаць: а які ад іх толк? Ну, каб стрэльба некалі стрэліла, яна павінна вісець на сьцяне. У іх ёсьць рэальныя, жывыя структуры і людзі, якія хоць 100 тысяч подпісаў, паднатужыўшыся, могуць сабраць.

Але гэта ўсё тэарэтычныя разважаньні. Што ж канкрэтна прапануе зрабіць А. Камароўскі дзеля рэалізацыі свайго праекту? Акрамя ідэі Барадача стварыць Раду нацыянальнага адраджэньня ў складзе вядомых асобаў, нічога іншага больш не прагучала. То бок зьбяруцца гэтыя аўтарытэтныя людзі разам, абвесьцяць сябе Радаю нацыянальнага адраджэньня. І за імі пойдзе народ? Асабліва з улікам таго, што новы рух фактычна ствараецца з-за мяжы, бо яго лідэр Уладзімер Барадач — у эміграцыі.

Фронт за лініяй фронту за лініяй фронту...
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG