Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяжурныя міліцыянты пры амбасадах шэрагу замежных краін у Менску перапісваюць пашпартныя зьвесткі наведнікаў, — гэта спраўдзіла карэспандэнтка Радыё Свабода.

Пра гэта беларускія грамадзяне паведамляюць у сацыяльных сетках. У Міністэрстве ўнутраных спраў такую інфармацыю абвяргаюць. Якая сытуацыя ў сапраўднасьці?

Пра тое, што беларускія міліцыянты пры амбасадзе ЗША перапісваюць пашпартныя зьвесткі людзей, якія з розных прычын зьвяртаюцца ў дыпляматычнае прадстаўніцтва, праз фэйсбук паведаміў палітык Анатоль Лябедзька:

«Упершыню з гэтым я сутыкнуўся месяцы два назад. А апошні раз была сустрэча ў амэрыканскай амбасадзе з спадаром Розэнблюмам. І гэтая сытуацыя тычылася ня толькі мяне, а ўсіх, хто прыйшоў на гэтую сустрэчу: паставілі міліцэйскую будку пры ўваходзе, і людзі ў ёй патрабавалі — я гэта падкрэсьліваю — патрабавалі пашпарт. І пасьля сканавалі яго ці перапісвалі ўсе зьвесткі. Ну, мне асабіста ўсё роўна, але калі звычайны грамадзянін прыходзіць у амбасаду і сілавікі патрабуюць у яго пашпарт, каб нешта зь ім рабіць, то як мінімум гэта непрыемна. А як максымум — гэта незаконна, і такой практыкі нідзе ў сьвеце не існуе».

Паводле Анатоля Лябедзькі, пры амбасадзе Славакіі міліцыянты абмяжоўваюцца вуснай справаздачай наведніка пра самога сябе. Заўсёднікі сацыяльных сетак паведамляюць, што пры амбасадах Нямеччыны і Вялікабрытаніі міліцыянты таксама перапісваюць пашпарты. Кіраўнік прэсавай службы МУС Канстанцін Шалькевіч гэтую інфармацыю зьняпраўдзіў:

«Інфармацыя, якая распаўсюджваецца ў інтэрнэце адносна пагалоўнага перапісу супрацоўнікамі міліцыі тых, хто наведвае амбасады, не адпавядае сапраўднасьці».

Тым часам беларускія міліцыянты пры амбасадзе Вялікабрытаніі пацьвердзілі, што пашпартныя зьвесткі наведнікаў яны ўсё ж перапісваюць. І пачалі гэта рабіць прыканцы мінулага году:

Карэспандэнтка: «Што вы перапісваеце?»

Міліцыянт: «Прозьвішча, імя, імя па бацьку, нумар пашпарта. Мы толькі выконваем загад — што загадаюць, тое і робім. Мне ад гэта таксама мала радасьці. Мне гэта не патрэбна. А ўсе прэтэнзіі туды — вунь, бачыце, будынак, альбо на праспэкт — жоўты будынак».

Карэспандэнтка: «У прэзыдэнцкую адміністрацыю і КДБ?»

Міліцыянт: «Так».

З кантролем беларускіх спэцслужбаў журналістка Аляксандра Дынько сутыкнулася пасьля таго, як па службовых патрэбах наведала амбасаду ЗША:

Аляксандра Дынько

Аляксандра Дынько

«У траўні мінулага году я наведала амэрыканскую амбасаду, каб узяць інтэрвію ў тагачаснага паверанага Майкла Скэнлана. Я прыехала на ўласным аўтамабілі і пакінула яго за квартал ад амбасады. Напісаўшы матэрыял, я і забыла пра гэты выпадак. Але ў кастрычніку, прыкладна праз паўгода, мне раптам патэлефанавала заплаканая і ўсхваляваная сястра зь Берасьця і сказала, што ёй толькі што на яе прыватны тэлефон тэлефанавалі з КДБ і пыталіся, што яна рабіла ў амэрыканскай амбасадзе ў траўні. Гэта азначае, што мяне „вывелі“ з амбасады, сфатаграфавалі нумар машыны і, магчыма, мяне самую таксама. Бо аўтамабіль зарэгістраваны на маю маму, якой 58 гадоў. Відавочна, зразумелі, што мой узрост не падыходзіць і гэтак натрапілі на сястру, якой 23 гады. Прычым яны ведалі пра яе ўсё: дзе вучыцца, дзе жыве, колькі разоў была за мяжой. Навошта тэлефанавалі — невядома. Што дрэннага ў тым, што людзі наведваюць амбасады замежных краін, — таксама невядома».
Калі ён мае нейкі кантакт з амбасадай, значыць, ён ненадзейны, трэба яго перапісаць, каб пасьля разабрацца

Пільную ўвагу да наведнікаў амбасадаў замежных краін у Беларусі для Радыё Свабода пракамэнтаваў намесьнік кіраўніка польскага фонду «Свабода і дэмакратыя», былы першы сакратар амбасады Польшчы ў Менску Марэк Буцька:

«У таталітарных краінах, як, да прыкладу, Паўночная Карэя, магчыма, штосьці такое існуе. Але ў Эўропе гэта, пэўна, адзіны такі выпадак. Зьява — тыповая для рэпрэсіўнага рэжыму. Гэта азначае, што рэжым увогуле ідзе ў такі бок, што любога наведніка амбасады лічаць патэнцыйным ворагам. Калі ён мае нейкі кантакт з амбасадай, значыць, ён ненадзейны, трэба яго перапісаць, каб пасьля разабрацца. Вядома, тое, што гэта робіць рэжым Лукашэнкі, — гэта зразумела, такі ён ёсьць. Але тое, што з гэтым прыміраюцца амбасады, не пратэстуюць, то гэта горш. Бо калі яны згаджаюцца на такі прэцэдэнт, то яны саступаюць. Дыпляматы павінны ўсё ж дыпляматычным шляхам гэтаму супрацьстаяць. На гэта ёсьць спосабы афіцыйныя, напаўафіцыйныя. Шкада, што ў гэтым выпадку ёсьць гэткае бязьдзеяньне нашых дыпляматаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG